Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

На Валожыншчыне закладаецца сакральная «дуброва-555»

13.05.2016 общество

Больш за сто іменных дрэўцаў за месяц дабрачыннай акцыі — так пачынаецца гісторыя незвычайнай дубровы.

Неўзабаве ў сеціве запрацуе віртуальны кабінэт, празь які гаспадар пасаджанага дубка зможа сачыць за лёсам свайго гадаванца зь любой кропкі сьвету, перадает «Радыё Свабода».

12 траўня завяршаецца першы этап сумеснага праекту дабрачыннага фонду UNIHELP і грамадзянскай ініцыятывы Smart Space Farm. Ён стартаваў у ваколіцах вёскі Малое Запрудзьдзе на Валожыншчыне месяц таму, у Дзень касманаўтыкі, што таксама сымбалічна: эмблемай Smart Space Farm — касманаўт, які высаджвае дубок на неабжытай плянэце, даючы ёй жыцьцё.

Асноўная мэта акцыі — пасадзіць сакральную дуброву з 555 дрэўцаў. У нумаралёгіі гэтая лічба лічыцца адпаведнікам «дасканалага чалавека», тлумачаць ініцыятары. Назву мясьціне («Цудоўныя Ўзгоркі») далі тутэйшыя «каляністы» — маладыя людзі, якія пазьяжджалі сюды ад гарадзкога тлуму. Саджанцамі арганізатараў забясьпечыла мясцовае лясьніцтва, іх мог набыць кожны ахвотны. Кошт з харчаваньнем, культурнай праграмай і майстар-клясам — 250 тысяч рублёў. Гэтыя грошы маюць пайсьці на дапамогу хворым дзецям, аднаўленьне папуляцыі дубоў, далучэньне да нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Як удакладняе суарганізатарка акцыі з боку Smart Space Farm Ніка Выгоўская, за прамінулы месяц скарыць мяжу ў паўтысячы дубкоў не ўдалося ні фізычна, ні матэрыяльна, але справу працягнуць увосень:

«На гэты момант пасаджана больш за сотню саджанцаў. 555 — лік збольшага сымбалічны, але ў гэтым годзе наўрад ці дасягальны. Хоць абавязкова працягнем саджаць увосень, калі настане чарговы сэзон. Прынамсі, спадзяюся, што працяг будзе, бо гэта насамрэч цяжка, патрабуе ня толькі часу, але і фінансаў. Магчыма, падаецца, што гэта лёгка — прыехалі, пасадзілі, пагулялі. Але на самой справе падрыхтоўка вельмі сур’ёзная, бо ладзім мерапрыемствы са сьпевамі, абрадамі, карагодамі. Апроч таго, рыхтуем саму прастору, каб пасадка не была хаатычная, мела ўпарадкаваны характар. І вось, бачыце, першыя пасаджаныя дубочкі ўжо пачынаюць нас радаваць сваімі зялёнымі лісточкамі».

Ніка Выгоўская прызнаецца, што на самым пачатку былі асьцярогі, ці прыжывуцца «дубкі-пераросткі», якіх лясьніцтва мелася пусьціць пад нож з-за «непасадачнага» ўзросту. Але асьцярогі не пацьвердзіліся, першая партыя ўжо дружна выпусьціла лісьце. Няясна было, як даставіць людзей за 80 кілямэтраў зь Менску. Урэшце з дапамогай UNIHELP на маршрут удалося вывесьці валянтэрскія аўтобусы.

«Пачатак быў складаны, але вынік, як лічу, пасьпяховы, — кажа суразмоўніца. — Нас падтрымала шмат паважаных людзей, шмат інтэлігенцыі, таму мы задаволеныя і шчыра ім удзячныя. Але ж гэта толькі старт, у нас вялікія, нават глябальныя пляны», - кажа яна.

Цягам акцыі на Цудоўных Узгорках пакінулі свой сьлед вядомыя беларусы. Адкрыцьцё імпрэзы прайшло пры ўдзеле сьпявачкі Русі — ёй, дарэчы, дастаўся самы магутны дуб з усіх наяўных. Хэдлайнэрам урачыстага закрыцьця сэзону быў дуэт «Агата» ў складзе Ірэны Катвіцкай і Аляксея Варсобы. На працягу месяца свае дрэўцы пасадзілі мастак Аляксандар Танана, музыка Сяргей Петрашкевіч, радыёвядучая Кацярына Пытлева, фотамастак Станіслаў Багдзевіч, журналісты Паўлюк і Вольга Быкоўскія, падарожнік Андрэй Каравайка, герой свабодаўскай кнігі «Жыцьцё пасьля раку», кантрабасіст Арцём Фрэнкель, завітала нават тройца дзяўчат-скаўтаў.

Апроч таго, працягвае Ніка Выгоўская, на сувязь выходзілі людзі, якія цяпер жывуць за межамі Беларусі, але хацелі б умацаваць сувязь з радзімай. Паводле паданьняў, дуб лічыцца адным з рэдкіх дрэваў, якія дзякуючы энэргетычным сувязям у межах свайго віду здольныя перадаваць інфармацыю на вялікія адлегласьці:

«Пасаджаныя дубы ад імя нашых суайчыньнікаў з Францыі, Нямеччыны, Латвіі, нават зь Японіі, — расказвае Ніка. — На днях пасадзілі два дубкі са Швайцарыі, да называньня якіх людзі падышлі вельмі крэатыўна — Ідэя і Пазытыў. Увогуле хацелася б, каб у пэрспэктыве кожны дубок меў уласнае імя і чалавек сачыў за ягоным лёсам. Ужо ўлетку гэтая дуброва пераўтворыцца ў віртуальную прастору, дзе кожны дубок будзе мець свой «кабінэт» і чалавек зможа ў онлайн-рэжыме бачыць свайго «выхаванца».

Пакуль пра тоеснасьць дубка і ягонага куратара сьведчыць парадкавы нумар на камені. Шмат хто ўпрыгожвае свайго гадаванца адмысловым абярэгам або нейкім уласным татэмам.

Ужо пасьля пасадкі на імя ўладальніка выпісваецца адмысловы сэртыфікат і афармляецца візытоўка-магніцік з дакладнымі каардынатамі ня толькі ў дуброве, але і ў Сусьвеце. Выкарыстаны ў вырабе 3D-карткі матэрыял гарантуе яе захаваньне на ўвесь астатні час, каб была магчымасьць перадаць зьвесткі ў спадчыну — ёсьць вельмі вялікая верагоднасьць, што дуб перажыве чалавека.

Ад сёньня актывісты Smart Space Farm пачнуць парадкаваць тэрыторыю, каб нічога не замінала наступнаму сэзону пасадкі. Разам з тым, як кажа гаспадар этна-арт-прасторы «Цудоўныя Ўзгоркі» Мікіта Конанаў, тут абмяркоўваюць, як зрабіць сустрэчы людзей, якія спрычыніліся да ўзьнікненьня гэтай дубровы, рэгулярнымі:

«Не сумняюся, што мерапрыемства будзе мець лягічны працяг. Хай, можа, і не лякальна ў гэтым месцы, бо ня выключана, што дзесьці будзем саджаць яшчэ. Але адным фактам пасадкі ня скончыцца: дубы будуць падрастаць, пад імі можна будзе зьбірацца, ладзіць сьвяты, нават з намётам прыехаць, пастаяць летам у цені. У любым выпадку мы бяром на сябе адказнасьць за тое, каб усё там было як мае быць. Прынамсі, агульнае месца, дзе людзі змогуць адпачыць на прыродзе. Ня выключана, што па меры падрастаньня дубоў у той бок паступова перамесьцяцца і нашы сьвяткаваньні, або перанясем туды пэўны абрад. Таму працяг дакладна будзе... Дарэчы, адпачатку разглядалі ідэю розных дрэваў — і маньчжурскі арэх, і клён, і іншыя пароды дубоў. Але вырашылі, што трэба трымацца тутэйшых традыцыяў. Як вынік — на Цудоўных Узгорках закладаецца сакральная дуброва».

Паралельна ініцыятары працуюць над тым, каб ад восені падключыць да справы калегаў-аднадумцаў з суседніх краінаў — украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў. І беларускі дубок, кажа Ніка Выгоўская, стаў бы ў гэтым пачынаньні сымбалічнай эстафэтнай палачкай:

«Цяпер мы ў пошуку партнэраў, каб зрабіць своеасаблівую эстафэту дуброваў. У нас ёсьць набор сымбалічных дубочкаў, якія мы хочам перадаць нашым бліжэйшым суседзям — Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, усім, хто пажадае падтрымаць ініцыятыву закладкі дабрачынных пасадак. Разьлічваем, што тамтэйшыя грамадзкія арганізацыі зьвернуць на гэта ўвагу, ім таксама спадабаецца ідэя. Проста застанецца знайсьці прастору, дзе такую задуму можна будзе рэалізаваць. Як ужо казала, мы перададзім ім стартавы дубочак, ад якога будзе ісьці адлік будучай дубровы. Адпаведна, гатовыя падзяліцца назапашаным досьведам».

Пераўтварэньню Цудоўных Узгоркаў у адметную этна-арт-прастору спрыяюць найперш людзі, якія асэнсавана прыйшлі ў гэты куток Валожыншчыны і тут пасяліліся. Галоўны мясцовы самародак — дасьледчыца этнічных традыцыяў Наталька Буглак. Выпускніца Ўнівэрсытэту культуры — стрыжань новай тамтэйшай супольнасьці, ініцыятарка прывязваньня да беларускага народнага календара з ключавымі сонечнымі сьвятамі: зімовай Калядой, веснавым Ярылам, летнім Купальлем, восеньскім Багачом. Будучай дуброве ў абрадавых цырыманіялах месца было адведзенае яшчэ да закладкі: згодна з паганскімі традыцыямі, алеі ў ёй зарыентаваныя па краінах сьвету, а ў цэнтры пакінутае месца для карагодаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]