«Дзьверы ў вагні» — новы праект Беларускага свабоднага тэатру пра жывыя прыклады таго, як гэта — быць мастаком у таталітарнай краіне.
«Вакол спэктакля ўжо бурлівая рэакцыя, — кажа
«Радыё Свабода» драматург і рэжысэр праекту Мікалай Халезін. — Свабодны тэатар «палез» у тэму Расеі, і ўсім цікава, што з гэтага атрымаецца».
«Дзьверы ў вагні» (The Burning Doors) — новы праект Беларускага свабоднага тэатру пра жывыя прыклады таго, як гэта — быць мастаком у таталітарнай краіне. Марыя Алёхіна з Pussy Riot у спэктаклі будзе граць саму сябе. Расейскага мастака Пятра Паўленскага, які цяпер у турме, і ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які асуджаны на 20 год і знаходзіцца ў калёніі ў Якуціі, увасобяць акторы Свабоднага тэатру.
«Нас шмат хто ў Брытаніі прасіў аб пʼесе, якая тычылася б нашых шырот — Беларусь, Расея, Украіна. Гэта той вузел, які стаў раптам важны ў Эўропе, — распавядае драматург і рэжысэр спэктакля Мікалай Халезін. — Мы сабраліся ўжо ехаць ва Ўкраіну, і раптам у галаве склалася зусім іншая гісторыя. Пасьля таго як прайшоў суд над Сянцовым і яму далі 20 год, мы зразумелі, што нам трэба рабіць праект праз тое, што мы ведаем. А тое, што мы ведаем, — гэта творчыя людзі, якія апынуліся пад прэсам уладаў».
Праз справу Pussy Riot да дваццацігадовага прысуду Алегу Сянцову і паказальнага суду над Пятром Паўленскім — Мікалай Халезін кажа, што гісторыі гэтых трох мастакоў часова і ідэйна пазначаюць пэрыяд, калі «схапілася цэмэнтная маса Пуціна».
«Алёхіну пасадзілі за 45-сэкундную акцыю і ў выніку адпусьцілі па амністыі да Алімпіяды, — тлумачыць Халезін. — Далей была справа Алега Сянцова. Калі б Сянцову далі два гады, гэта не было б у рэчышчы сучаснай расейскай улады. Два гады нікога б не напалохалі, асабліва ва Ўкраіне — дзе тыпу «ха-ха, я на адной назе адстаю гэтыя два гады». А гэта ня проста 20 год — гэта 20 год і Якуцк. Ты кінарэжысэр. Табе даюць 20 год. І цябе з Крыму адпраўляюць у Якуцк. Гэта прыдумваў абсалютна цынічны чыноўнік. І гэта момант запалохваньня ўсіх астатніх. У Крыме адразу ўсё здулася.
Нават тыя, хто спрабаваў супрацьстаяць акупацыі, зразумелі, што будзе — 20 і Якуцк!»
Расейскага акцыяніста Пятра Паўленскага, аўтара акцыяў «Шво», «Фіксацыя» і «Пагроза», чалавека, які падпаліў дзьверы ФСБ на Лубянцы і апынуўся цяпер у турме, Мікалай Халезін называе «найлепшым акцыяністам у Эўропе».
«Гісторыя з Паўленскім — гэта наступная фаза разьвіцьця стасункаў унутры гэтага вузла, — кажа Халезін. — Чалавека саджаць няма за што. Падчас усіх сваіх акцыяў калі ён каму і пагражаў, то толькі самому сабе. Ён на сёньня з мастакоў-акцыяністаў — я не скажу, што ён найлепшы ў сьвеце, бо ёсьць Ай Вэйвэй і іншыя. Але ў Эўропе ён найлепшы — гэта факт. Ён наймацнейшы па выказваньні — гэта факт».
Для Марыі Алёхінай удзел у спэктаклі — першы тэатральны досьвед. Яна ўжо пачала праходзіць у Свабодным тэатры акторскі курс і прыяжджала ў Менск на заняткі.
«Мы з Колем і Наташай (Натальля Каляда — суаўтар Мікалая Халезіна ў праекце «Дзьверы ў вагні» і дырэктар Свабоднага тэатру) пазнаёміліся паўтара года таму ў Лёндане, — распавяла Радыё Свабода Марыя, прыехаўшы ў Менск. — Працягвалі камунікаваць, даведваліся больш адзін пра аднаго, прыдумалі рабіць сумесны праект».
Па словах Марыі, спэктакль пра тры крымінальныя справы супраць мастакоў паказвае «фон, атмасфэру, у якой мы існуем».
«Гаварыць пра тых, хто за кратамі, — наш доўг. Важнасьць гэтага я зразумела, калі сама была ў турме. Так мы разбураем турму маўчаньня», — кажа Алёхіна.
Яна ня хоча казаць, што будзе граць у спэктаклі «саму сябе».
«Я хачу зрабіць акцэнт не на той гісторыі, якую ўсе ведаюць, — гісторыі Pussy Riot як акцыянісцкай групы, частка сяброў якой трапілі пад перасьлед. І не пра свой турэмны досьвед. Я больш хачу распавесьці пра тое, што было пасьля. Для мяне гэтая тэма важная. І жанр спэктакля — гэта тое, што трэба», — кажа Марыя.
Правёўшы ў зьняволеньні год і дзевяць месяцаў, Марыя разам зь яшчэ адной удзельніцай Pussy Riot Надзеяй Талаконьнікавай заснавала праваабарончую арганізацыю «Зона права» і мэдыярэсурс «Медиазона».
Камунікацыю з Алегам Сянцовым стваральнікі спэктакля падтрымліваюць празь ягоную сястру і адваката. А зь Пятром Паўленскім ёсьць сувязь празь ліставаньне.
«Калі мне ў спэктаклі спатрэбіцца нейкі тэкст, я магу напісаць Пецю, і Пеця мне яго напіша і перашле, — кажа Мікалай. — У нас неяк няма праблемы з кантактамі, і мяне гэта зьдзіўляе. Калі згадаць беларускі досьвед, шанцаў нешта перадаць у турму ці адтуль не было. У Расеі, відаць, застаўся шлейф дэмакратыі, якая там была раней, і гэта адбіваецца ў судзе».
Яшчэ адна ўнікальная крыніца інфармацыі пра Пятра — Аксана Шалыгіна, паплечніца і бліжэйшы сябар. Разам з Марыяй яна таксама прыехала ў Менск.
«Для мяне гэта досьвед новы толькі ў тым пляне, што ўсе нашы расповеды пра нас і кантэкст, дзе мы працуем, усё гэта будзе перапрацавана і паказана на сцэне, — кажа Аксана. — Я, у прынцыпе, толькі і займаюся тым, што ўвесь час знаходжуся ў працэсе артыкуляцыі і расповедаў пра тое, чым мы займаемся і што мы робім. Я сябе тут адчуваю досыць свабодна і стараюся як мага больш дапамагчы і згадаць нейкіх дробных дэталяў — якую музыку мы слухаем, якія фільмы глядзім, якія мастакі нам падабаюцца. Каб гэтая карцінка Пятра Паўленскага як мастака была для мяне цэльная. Для мяне вельмі важна зрабіць гэтую працу правільна і прафэсійна падысьці».
«Спэктакль быў бы ідэальны, калі б усе тры былі на волі, — кажа Халезін. — Гэта была б іншая гісторыя. Сьведка з простай мовай — гэта ўжо іншае. Але ў нашых актораў ёсьць калідор для руху. Яны ня будуць граць наўпрост Алега і Пецю».
Невялікі бюджэт спэктакля стымулюе аўтараў знаходзіць рашэньні, якія даюць праекту ўсё новыя ракурсы.
«Я прапанаваў, каб да кожнага фрагмэнта спэктакля музыку напісаў музыкант, які захоча падтрымаць гэтых людзей, — кажа Халезін. — Такіх музыкаў-сяброў у нас вельмі шмат, у тым ліку вядомых. Гэта стане жэстам салідарнасьці».
Апроч гэтага, пры спрыяньні Свабоднага тэатру публікацыі пра Пятра Паўленскага зьявіліся ва ўплывовай брытанскай прэсе. Тэатар таксама арганізаваў падпісаньне ліста ў падтрымку мастака, які «ўжо і адразу» падпісаў адзін з самых уплывовых сусьветных мастакоў — Аніш Капур.
«Ідзе адбор у тым ліку народных песень, — працягвае рэжысэр. — Я прашу маіх сяброў з „Бумбокса“, і яны мне падшукваюць песьню, якую ўкраінцы сьпявалі, калі іх гналі на катаргу. І гэта тая знакавая сыстэма, якая адразу штурхае да новых ідэяў».
Сам Халезін, які ўжо шосты год жыве і працуе за мяжой пасьля таго, як тэатар пад пагрозай перасьледу быў вымушаны пакінуць Беларусь у 2010 годзе, кажа, што не назірае значных пераменаў у стаўленьні да Расеі на Захадзе.
«Калі раней гэта была „водка і мядзьведзь“, то цяпер гэта „водка і злы мядзьведзь“, — кажа ён. — Мне здаецца, што нават самі расейцы пераацэньваюць увагу да сваёй краіны. Не магу сказаць, што Расея бясконца ў топах навінаў. Ёсьць тэмы нашмат важнейшыя і цікавейшыя. Усё ж фінансы Расеі — гэта нават не фінансы Каліфорніі. І размова ідзе ў такім рэчышчы».
Паводле ягоных назіраньняў, у заходняга палітычнага істэблішмэнту няма жаданьня «абвастраць сытуацыю» ў дачыненьнях з Расеяй. Брытанцы цяпер палка абмяркоўваюць выхад з ЭЗ, таму на Расею, кажа Халезін, там «глыбока начхаць».
«Умоўна кажучы, калі б ва ўладзе былі Рэйган і Тэтчэр, мы б ужо забылі, хто такі Пуцін, — кажа ён. — З падручнікаў бы нават выкрасьлілі. А цяпер зусім іншая палітычная канфігурацыя, і ён пакуль будзе. Але ўсім відаць, што паступова Расея валіцца ў пекла, якое ўсё адно праглыне гэтую краіну. Калі дыскусіі ідуць сярод палітычнага істэблішмэнту, то пра тое — развальваць краіну ці пакідаць цалкам. Гэта ўвесь дыскурс — гэта будзе 18 краінаў ці адна».
Рэпэтыцыі спэктакля «Дзьверы ў вагні» адбудуцца ў ліпені-жніўні. Сусьветную прэмʼеру меркавалі да жнівеньскага выступу Свабоднага тэатру на фэстывалі ў Лестэры. Адтуль спэктакль паедзе ў Лёндан у Соха-тэатар — на пляцоўку, дзе адбыліся першыя «лёнданскія» гастролі СТ у 2008 годзе.
«Беларускай» гісторыі ў новым праекце наўпрост ня будзе. Але сам Свабодны тэатар і ёсьць такая беларуская гісторыя:
«Свабодны тэатар — адначасова і Алёхіна, і Сянцоў, і Паўленскі, — кажа Мікалай Халезін. — Калі палічыць усе рэпрэсіі, якія зазнаў у свой час Свабодны тэатар — і пасадкі, і зьбіцьцё, і адлічэньні з інстытутаў, і звальненьні з працы, — то мы вельмі разумеем іх траіх. Таму нам лёгка ў гэтую тэму ўваходзіць».