Арганізатары «Ночы музеяў» з кожным годам імкнуцца зрабіць больш яскравую і цікавую праграму.
Што падрыхтавалі мінскія музеі сёлета? – у рэпартажы «Нашай Нівы».
Літаратурны музей Якуба Коласа
А 12-й у музеі прайшоў квэст «Мінскія адрасы Якуба Коласа». Увечары можна было ўбачыць выставу рэтра-аўтамабіляў 1950-х, майстар-клас па вырабе паштовак у тэхніцы квілінг, паслухаць Сержука Місюкевіча пра «лайфхакі ў падарожжы» і нашых музыкаў.
Атмасфера была вельмі цёплая, хоць наведнікаў было не так шмат, у параўнанні з іншымі музеямі. Затое людзі добра адпачылі, што была бачна па іх эмоцыях.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
У самым пачатку тут прайшла прэзентацыя кніг ад часопіса «Прайдзісвет», прадставілі «Шэрлака Холмса» па-беларуску, праходзілі квэсты, віктарыны.
Літаратурны музей Янкі Купалы
У музеі Купалы праходзіла выстава ў гонар стогадовага юбілею вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч. Таксама прайшла традыцыйная акцыя «Чытаем Купалу разам», на вуліцы выступалі музыкі, а майстры прадавалі свае ручнога вырабу ўпрыгожванні. Унутры ж былі і танцы, і гульні, нават ладзілі пастаноўкі з удзелам наведнікаў. Ды і ўваход каштаваў усяго 1 000 рублёў.
Літаратурны музей Петруся Броўкі
У музеі прайшла фотавыстава, чытацкі марафон «Броўка non-stop», майстар-класы па шахматах і шашках, займальны квэст па музеі.
Цікавая атмасфера. Акунуцца ў жыццё пісьменніка было цалкам магчыма. Складалася ўражанне, што з часоў, як ён жыў там, у кватэры нічога не змянілася. Так, там не было вялікай праграмы, але наведаць дзеля захаплення было варта.
Нацыянальны гістарычны музей
Традыцыйна былі выставы, кожны мог пабачыць новы твор Марыны Бацюковай «СУЛА. Непрерванное» і ярмарку «Вечаровы яблычак», паслухаць музыку.
Музей падзяліўся па пакаленнях. Больш сталыя людзі былі ўнутры, а моладзь слухала музыку ў дворыку. Было бачна тых, хто наведаў музеў першы раз - яны з зацікаўленасцю гледзелі на экспанаты.
Нацыянальны мастацкі музей
Стрыт-арт, усходнія медытацыі, музыка, гульні, тэатральныя выступленні - усё гэта можна было пабачыць у Нацыянальным мастацкім. Выступіў французскі тэатр «Заўтра вясна», сярод музыкаў былі Chatte Noir, Tomato jam, Lumiere Tales.
Сёлетняя праграма музея нагадала леташнюю. Праўда ў мінулым годзе і людзей больш было. Відаць іншыя музеі перавабілі наведнікаў да сябе. Аншлаг у асноўным быў на прыступках музея, дзе выступалі музыкі.
Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура
Негледзячы на даволі высокую цану за ўваход, трэба адзначыць, што праграма была даволі слабай. Кожны, хто прыйшоў у музей, мог паслухаць і задаць пытанні архітэктарам Дзмітрыю Задорыну (магістр Делфцкага тэхнічнага універсітэта, займаецца даследаваннем пасляваеннай савецкай архітэктуры) і Дзмітрыю Бібікаву (архітэктар-горадабудаўнік, арганізатар і ўдзельнік Мінскай урбаністычнай платформы) і пабачыць кінапаказы.
Негледзячы на даволі сумную праграму і начны час, людзей было дастаткова, а на лекцыі і кінапаказах не было вольнага месца. У дворыку можна было замовіць кавы і пасядзець з сябрамі. У прынцыпе гэта ўсіх і задавальняла.