Памёр «камендант Курапатаў» Вацлаў Нямковіч.
Ня стала Вацлава Нямковіча... Калі сёньня прыйшла гэтая сумная вестка, я адразу згадала ягоную высокую фігуру ў Курапатах на Дзяды, на Радаўніцу, у выходныя, у будныя дні. Заўсёды з усьмешках, добразычлівы і шляхетны.
Я пазнаёмілася са старшынём «Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» Вацлавам Нямковічам у 2002 годзе. Тады я штодня рабіла рэпартажы з Курапатаў і пра Курапаты падчас будаўніцтва менскай кальцавой дарогі, калі на знак пратэсту паўстала васьмімесячная кругласутачная вахта памяці.
У студзені 2002-га я ўпершыню наведала невялікую кватэру спадара Вацлава недалёка ад Курапатаў. У верасьні 2001-га ён трапіў у аварыю, і некалькі месяцаў давялося быць у гіпсе. Калі спадар Вацлаў згадваў гэты выпадак, у яго на вачах былі сьлёзы — бо крыўдна, што ня змог узяць удзелу ў падзеях, што адбываліся ў Курапатах. А Курапаты для Вацлава Нямковіча былі сапраўды сэнсам жыцьця.
Грамадзкае аб’яднаньне «Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты» было створанае напачатку 1990-х дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў масавых рэпрэсіяў у Курапатах ды іншых мясьцінах Беларусі. Яно існуе і дагэтуль.
У невялічкай кватэры Вацлава Нямковіча месьціўся сапраўдны архіў — газэтныя публікацыі пра Курапаты, стэнаграмы паседжаньняў, дзе разглядаліся праекты конкурсу на стварэньне помніка, пасьведчаньне аб наданьні Курапатам статусу помніка першай катэгорыі ды іншае.
Вацлаў Нямковіч меў свой погляд на тое, якім мусіць быць мэмарыял у Курапатах.
«На Курапатах — ня рухаць ямы, на кожнай паставіць крыж. Зрабіць прыгожую мастацкую агароджу. Паставіць дзьве брамы на ўваходзе й выхадзе — Брама Смутку й Брама Надзеі. Уздоўж Алеі Смутку паставіць знакі з усіх «Курапатаў», якія ёсьць у Беларусі, знакі пра ўсіх нашых вялікіх людзей, загінулых у часы бальшавізму. Пасярэдзіне могільніка павінен быць вялікі крыж. У пачатку паставіць маленькую каплічку для ўсіх канфэсіяў. Яшчэ патрэбны навуковы будынак — бібліятэка, кіназаля».
Вацлаў Нямковіч і ў 2002 годзе не спадзяваўся, што ў Курапатах хутка паўстане мэмарыял. І вось чаму: «Бальшавікі былі — бальшавікі засталіся. Ніхто не памяняўся, усе на месцы, яны кіруюць...».
Галоўнае, лічыў старшыня «Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» Вацлаў Нямковіч, каб у пытаньні наконт Курапатаў была згода.
Апошні раз я бачыла Вацлава Нямковіса на прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку» ў Менску. Ён паціснуў мне руку, і як заўсёды, вельмі прыгожа і па-добраму ўсьміхнуўся.
Яму было 86 гадоў.
Вацлава Нямковіча ня стала праз 28 гадоў пасьля таго, як сьвету стала вядомая праўда пра Курапаты, дзе ў 1937-1941 карнікі НКВД забілі паводле розных падлікаў ад 40 да 300 тысяч чалавек.
Ганна Соўсь, «Радыё Свабода»