Ідэя кнігі вельмі простая: Сталін падарожнічае ў часе і трапляе ў сёньняшнюю Маскву.
Шакаваны постсавецкай рэальнасьцю, ён вырашае аб’яднаць колішнія рэспублікі, пачынаючы, такім чынам, трэцюю сусьветную вайну.
Сярод галоўных герояў кнігі Патэрсана Франко — двое зь Беларусі. Адзін — чырвонаармеец 1945 году, які разам са Сталінам трапляе ў нашы дні. Другая — дзяўчына, якая ратуе сьвет падчас вайны. А РБ у кнізе — адзіная краіна, якая не вяртаецца ў СССР 2.0. Як і чаму — можна даведацца з кнігі, перадае «Радыё Свабода».
«Ідэя кнігі, — кажа Патэрсан Франко, — узьнікла пасьля таго, як мы з жонкай вярнуліся пасьля апошняга наведваньня Масквы. Мы абмяркоўвалі, як Масква ператварылася з камуністычнага ў капіталістычны горад і што б пра гэта падумаў Сталін, калі б ён апынуўся у сучаснай Маскве і «СНД». Напэўна, рэакцыя была б не зусім пазытыўнай... Так і выйшла ў кнізе».
На пытаньне, чаму кніга выходзіць па-расейску, аўтар адказвае:
«Я напісаў кнігу на расейскай бо гэта гісторыя пра былы СССР, і на расейскай яе змогуць прачытаць людзі з усіх былых рэспублік, а на беларускай — нават ня ўсе беларусы».
Аўтар, аднак, не выключае зьяўленьне беларускамоўнай вэрсіі кнігі — «калі будзе попыт».
Беларуска-бразыльская сям’я Вольгі і Патэрсана Франка жыве ў Салвадоры — галоўным горадзе штату Баія на ўсходзе Бразыліі.
Кніга пашыраецца ў электроннай вэрсіі, прымаюцца замовы і на папяровыя асобнікі.
Патэрсан Франко Коста нарадзіўся 10 лістапада 1987 года ў Салвадоры, штат Баія, Бразылія. Магістар праграмы «Літаратура і культура» філялягічнага інстытуту Фэдэральнага Ўнівэрсытэту штату Баія, бакаляўр гэтага інстытуту, мастак. Жыў у Расеі ў 2009-2010 гг. і 2012, выкладаў замежныя мовы ў агульнаадукацыйных і моўных школах у Іжэўску і Маскве. Выкладаў расейскую мову ў Фэдэральным Унівэрсытэце штату Баія (2013 год).