Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Радзім Гарэцкі: Сітуацыя скалыхнулася ў бок Беларушчыны

03.06.2016 политика
Радзім Гарэцкі: Сітуацыя скалыхнулася ў бок Беларушчыны

Каб аддаць дзяцей у першы клас менавіта гімназіі №23 учора ў Менску, бацькі займалі чаргу з дзевяці вечара.

«Гэта проста дзікунства, калі беларусы павінны ноч стаяць у чарзе, каб запісаць дзяцей вучыцца на роднай мове», – кажа акадэмік Радзім Гарэцкі.

Бацькі начавалі ў чарзе, каб запісаць дзіця ў першы клас беларускамоўнай гімназіі №23, дзе ўсё выкладанне, уключаючы фізкультуру, вядзецца на беларускай мове.

Ажыятаж тлумачыўся проста: у першы клас абавязаныя ўзяць усіх ахвотных, хто прапісаны ў гэтым раёне, а астатніх запісвалі на вольныя месцы. Колькасць месцаў было абмежавана: першакласнікаў набіралі ў два класы па 25 чалавек, таму бацькі спяшаліся заняць чаргу як мага раней — так з’яўлялася больш шанцаў трапіць у запаветны спіс, перадает «Радыё Рацыя».

- З аднаго боку, гэта надзвычай прыемная навіна. Але я дзіўлюся з нашых кіраўнікоў адукацыі, якія не могуць зрабіць у сталіцы яшчэ адну беларускамоўную школу, калі ўжо склалася такая сітуацыя. І не адну, а столькі, колькі патрэбна. А то ж проста смешна! Каб вывучаць родную мову, беларусы павінны ўсю ноч стаяць у чарзе. Гэта ж дзікунства! Нават уявіць немагчыма, каб такое адбывалася, напрыклад, у той жа Літве альбо Польшчы. У такіх выпадках, як кажуць, хочацца і плакаць, і смяяцца. Смяяцца з радасці, бо, відаць, нешта скалыхнулася ў бок беларушчыны.

- Нешта змяняецца ў апошні час у свядомасці людзей?

- Мне здаецца, што на гэта паўплывала ў тым ліку і сітуацыя ва Украіне. Многія зразумелі, як важна захоўваць сваё, нацыянальнае. Без мовы не можа быць незалежнасці краіны, а менавіта пра незалежнасць усё больш на фоне расейска-ўкраінскага канфлікту і казала наша ўлада. Адным словам, нейкія зрухі ёсць, і беларусы гэта адчулі. Але я не перастаю паўтарацца – неабходна, каб была яшчэ і беларускамоўная вышэйшая адукацыя. Гэта вельмі важна. Людзі павінны бачыць, што мова патрэбна, што ёсць беларускамоўнае асяроддзе. Яны павінны зразумець, што мова – гэта неабходнасць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]