Выбітны дзяржаўны дзеяч, зорка бітвы пад Оршай, бацька сусветнай акіянаграфіі, сапраўды народны пісьменнік, а таксама адданы сваім караням спартовец.
11-разовы чэмпіён свету па тайскім боксе, фронтмэн музычнага калектыву BRUTTO і прапагандыст усяго нацыянальнага Віталь Гуркоў на матчынай мове распавёў sport.tut.by пра сваіх герояў у беларускай гісторыі.
Катэгорыя «Палітыка» — Вітаўт
Характарыстыка: Выбітны кіраўнік, выдатны палітык. Мне імпануе, што для свайго часу ён быў досыць дэмакратычным дзеячам, і побач з ім людзі адчувалі сваю годнасць, бо былі вольнымі. Акрамя таго, пры ім Вялікае Княства Літоўскае, наша старажытная дзяржава, дасягнула буйных памераў па мерках Еўропы, а гэта ў эпоху Сярэднявечча з’яўлялася паказчыкам паспяховасці.
На мой погляд, у падручніках гісторыі Беларусі перыяду праўлення Вітаўта нададзена недастаткова ўвагі. Вельмі сціпла адзначаны яго заслугі. «Так, быў Вітаўт, яго ледзь не забілі, але ён здолеў збегчы, а потым стаў на чале ВКЛ». Насамрэч, тут ёсць пра што пагаварыць і чым ганарыцца.
Кульмінацыя дзейнасці: Мне падаецца, гэта яго ўнёсак у перамогу ў Грунвальдскай бітве. То бок ён не толькі кіраваў значнай часткай войска, але і непасрэдна сам прымаў удзел у сечы, чым даў зразумець, што не баяўся страціць жыццё за Радзіму. Хаця княскае становішча дазваляла яму назіраць за развіццём падзей, кіруючы бітвай здалёк.
Вы можаце бачыць, што палякі і літоўцы называюць пераможцамі ў Грунвальдской бітве сябе. Але ж гэты поспех у велізарнай ступені быў забяспечаны сіламі і нашых продкаў. Вядома, людзям падабаюцца пераможцы, і яны самі хочуць перамагаць. Мне толькі крыўдна, што беларусы не шануюць подзвіг дзядоў так, як гэта робяць нашы суседзі. Не будуюць на аснове падобных падзей нацыянальную годнасць, свядомасць.
Я разумею, чаму. Гэта наступствы таго, што народу сцерлі гістарычную памяць. Мабыць, таму ён стаў такім памяркоўным, занадта гнуткім, гатовым усё забыць, толькі б яго не чапалі. «Грунвальдская бітва, Вітаўт? Ай, забірайце іх сабе».
Ведаеце, я не згодны з меркаваннем, што адлік беларускай дзяржаўнасці варта весці з ХХ стагоддзя. А чаму не з часоў Полацкага княства, нашай першай дзяржавы? Пачакайце, усе гэтыя адзінаццаць стагоддзяў мы ж дзесьці былі, будавалі гарады, жылі па цывілізаваных парадках. У нас былі магдэбургскае права, чацвёртая ў хрысціянскім свеце друкаваная Біблія на сваёй мове, славуты III Статут ВКЛ, эпоха Рэнесансу… Наколькі я ведаю, наш Статут вельмі паўплываў на развіццё права ў еўрапейскіх краінах, ён быў правобразам сучаснай Канстытуцыі. І, што важна, Статут быў напісаны і выдадзены на старабеларускай мове — дзяржаўнай у ВКЛ.
І не варта звяртаць увагі на тое, што ўласна Беларусь у гістарычных дакументах з’яўляецца толькі ў Новы час. Проста Беларусь — гэта штучная назва, якая была навязаная нашым продкам у часы Кацярыны II, каб выкрасці ў нас мінулае. Я магу прывесці яе цытату, бо спецыяльна вылучыў яе да інтэрв'ю. «Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и память про самих себя».
Дык вось, я хачу сказаць, што асабіста ў мяне Вітаўта і шмат чаго яшчэ, што мае дачыненне да нашай гісторыі, ніхто не адбярэ.
Каментар пісьменніка Уладзіміра Арлова, аўтара шэрагу кніг, у тым ліку «Таямніцы полацкай гісторыі», «Краіна Беларусь. Iлюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Iлюстраваная гісторыя»:
Мне імпануе выбар асобы Вітаўта. Менавіта ў яго часы Радзіма нашых продкаў Вялікае Княства Літоўскае стала вялікай не толькі паводле назвы і тэрыторыі, якая складала 900 тысяч квадратных кіламетраў, але і паводле сваёй палітычнай ролі ў Еўропе.
Пра Вітаўта мною напісаны дзесяткі старонак. Магу ўзгадаць хаця б такі не вельмі вядомы факт. На Грунвальдскім полі князь Вітаўт, якому тады было ўжо 60 гадоў, цэлы дзень біўся з крыжакамі поплеч са сваімі ваярамі. Ад варожых удараў панцыр нашага манарха так пагнуўся, што ў канцы бітвы яго давялося распілоўваць.
Катэгорыя «Ваенная гісторыя» — Канстанцін Астрожскі
Характарыстыка: Мудры ваеначальнік, патрыёт. Для мяне ён — найлепшы ваявода ўсіх часоў.
Кульмінацыя дзейнасці: Гэта, безумоўна, бітва пад Оршай. Яна адбылася 8 верасня 1514 года. 30 тысяч жаўнераў пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага разбілі ўшчэнт 80-тысячнае войска Маскоўскага княства. Чаму б у Беларусі афіцыйна не адзначáць 8 верасня Дзень вайсковай славы?
У меня, напрыклад, ёсць цішотка ў гонар 500-годдзя Аршанскай бітвы. Мой сябра Ілля Аксёнаў два гады таму прапанаваў прарэкламаваць яго новы прадукт. Я быў толькі рады такім чынам паспрыяць папулярызацыі нашай гісторыі. Ведаеце, маладых людзей цяжка прымусіць размаўляць на роднай мове ў паўсядзённым жыцці, а такія моладзевыя рэчы яны носяць з задавальненнем. Што ж, нармалёвая мода! Давайце пачынаць з малога!
Цікава, што калі лічыць страты ў бітве пад Оршай, то з нашага боку іх было каля 3 тысяч чалавек, з боку суперніка — 30 тысяч. Такога выніку можна было дабіцца толькі пры добрай арганізацыі і разумнай тактыцы, а таксама пры наяўнасці ўпэўненасці ў сабе.
Хацеў бы адзначыць, што калі мы ўшаноўваем сваіх герояў у войнах з Масквой, мы не выказваем знявагі да суседзяў. Гаворка ідзе не пра апантаны, нікому не зразумелы ярасны нацыяналізм. Не, мы нікога не хэйцім. Просто ганарымся сваімі землякамі, сапраўднымі прафесіяналамі, ды разумеем, што няма перадумоў для комплексу так званага малодшага брата.
Чаму ў мяне такая прага да ведаў? У кожнага з нас ёсць выбар: ці ты ніхто і зваць цябе ніяк, ці нашчадак магутнага народа. На мой погляд, бітва пад Оршай цалкам разбівае ўяўленне пра беларусаў як пра людзей, на ўсё згодных, нейкіх няшчасных сялян. Паглядзіце — гэта нацыя ваяроў, нацыя пераможцаў! А Астрожскі дык увогуле ваенны геній.
Каментар Арлова: Цалкам падзяляю выбар Віталя Гуркова. Сапраўды ў нашай ваеннай гісторыі найвышэйшаму гетману Канстанціну Астрожскаму, які святкаваў перамогу большым чым у 60 бітвах, належыць выдатнае месца.
Побач з ім я б паставіў, напэўна, Яна Караля Хадкевіча, які атрымаў бліскучыя перамогі ў 1605 годзе над шведами пад Кірхгольмам і 1621 годзе над туркамі пад Хацінам.
Што да гетмана Астрожскага, то ў Еўропе яго называлі Другім Ганібалам, а яго рыцараў часта параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі.
Выдатную перамогу нашых продкаў пад Оршай святкавала ўся Еўропа. Толькі адзін факт: тры дні ўрачыстасцяў, прысвечаных гэтай падзеі, адбываліся на Вацлаўскім пляцы ў Празе.
Катэгорыя «Навука» — Жак-Іў Кусто
Характарыстыка: Бацька акіянаграфіі, даследчык, адзін з вынаходнікаў акваланга, мастак, рамантык, паэт.
Так, ён быў грамадзянінам Францыі, але яго бацька Даніла Куст — родам з мястэчка Лынтупы, што ў Віцебскай вобласці. А паколькі я знаходжу палітыку палякаў па прыцягванні да сваёй арбіты ўсяго, што можа быць хоць нейкім ускосным чынам звязана з Польшчай, разумнай і прадуктыўнай, прапаную Жака-Іва Кусто лічыць беларускім навукоўцам.
Напэўна, Кусто ведае кожны, таму для мяне выбар яго ў якасці героя ў катэгорыі «Навука» бачыцца лагічным. Яшчэ нам неабходна акумуляваць вопыт нашых продкаў, па вартасці ацаніць іх заслугі і разумець, што нашы людзі ўнеслі значны ўклад у развіццё розных галін.
Кульмінацыя дзейнасці: У дзяцінстве вельмі любіў глядзець праграму «Адысея каманды Кусто», вядомую на ўвесь свет. Яна была вельмі пісьменнай, зробленай па-мастацку, а не механічнай. «Вось мы спусціліся пад ваду, тут шмат рыбы». Не, было не так. Заўжды прысутнічаў сюжэт, і перад вачыма адкрываліся таямніцы, якія людзі бачылі ўпершыню.
Да гэтага часу, калі бачу чалавека ў чырвонай шапцы, мая першая думка: такая ж была ў Жака-Іва Кусто.
Каментар Арлова: Я таксама быў натхнёным гледачом «Адысеі каманды Кусто». Можа быць, да характарыстыкі Гуркова варта дадаць, што фільм Кусто «Свет без сонца» у 1965 годзе атрымаў «Оскара».
Катэгорыя «Культура» — Уладзімір Караткевіч
Характарыстыка: Сапраўды народны пісьменнік, паэт, філосаф, класік.
«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш». Гэтыя словы належаць Уладзіміру Караткевічу. Для мяне яны з’яўляюцца дэвізам па жыцці. Па-мойму, сэнс у іх значна глыбей, чым у выдомым выразе «Рабі, што павінен, і хай будзе, што будзе».
Шмат з маіх перамог адпавядаюць гэтаму дэвізу. Вы ж зразумейце, што выйграваць кожны год чэмпіянат свету, калі цябе ўжо добра вывучылі супернікі, калі яны не хаваюць, што рыхтуюцца адмыслова пад цябе… То бок вывучаюць, як са мной біцца, і выходзяць на рынг як апошні раз у жыцці. І кожны раз розніцу робіць нешта нечаканае, нейкі сюрпрыз, як і пісаў Караткевіч.
Кульмінацыя дзейнасці: Наколькі я памятаю ўрокі беларускай літаратуры ў школе, то ў большасці твораў у герояў нешта было не так. Абавязкова на балоце, у лапцях, сяляне, у кішэнях ні халеры. «Ой, ты, доля-долюшка!» Бывала, чытаеш — а жыць не хочацца! Хаця табе яшчэ так мала гадоў і столькі думак. Складана.
А Караткевіч, ведаеце, быў нейкім чараўніком для мяне. У яго нашы продкі і смелыя, і годныя, і баявыя. Яны ніколі не плачуць пра жыццё-быццё, а бяруць сваё дзесьці сілай, дзесьці хітрасцю. Усё гэта ўсяляе ў чытача пазітыў і прагу да жыцця, прымушае цікавіцца сваім мінулым.
Вялікая заслуга Караткевіча ў тым, што ён у даступнай форме распавёў нам, хто ж мы такія. Ён паказаў сябе бліскучым піяршчыкам беларускай гісторыі.
Каментар Арлова: Мне згадваецца святкаванне 75-годдзя Уладзіміра Караткевіча на яго радзіме ў Оршы, у музеі пісьменніка, створаным, дарэчы, у колішняй радзільні, дзе той з’явіўся на свет. Адзін з замежных гасцей-навукоўцаў тады заўважыў, што каб Бог не паслаў беларусам Караткевіча, на карце свету магло бы быць цяпер на адну краіну меней.
Тут можна падыскутаваць, але не падлягае сумневу тое, што без Уладзіміра Караткевіча мы былі б іншымі.
Катэгорыя «Спорт» — Віталь Гуркоў
Характарыстыка: Можна, канешне, было выбраць каго-небудзь з нашых алімпійскіх чэмпіёнаў — Аляксандра Мядзведзя або Дар’ю Домрачаву, напрыклад. Але я абраў сябе, таму што вельмі цікава, якую характарыстыку маёй асобе дасць паважаны Уладзімір Аляксеевіч Арлоў, чытачом якога я з’яўляюся. Прабачце, я не мог выпусціць такі шанец з рук!
Да таго ж я не ведаю ніводнага іншага спартоўца, які б выступаў у складзе вядомага рок-калектыву.
Кульмінацыя дзейнасці: Для мяне перамога на чэмпіянаце свету стала 11-й, таксама меў прафесійныя тытулы. Аднак апошняе першынства (барацьба за права ўдзелу ў ім, падрыхтоўка, узровень адказнасці) атрымалася самым цяжкім. Гэта было на мяжы фолу. Столькі шуму ў інтэрнэце! Столькі рэчаў, праз якія давялося прайсці! Баюся ўявіць, якой была б рэакцыя людзей, калі б яшчэ ў першым баі мне начысцілі пысу.«Ну што, чэмпіён, даскакаўся!» — сказалі б некаторыя.
Выйграў, выступаючы не за заробак, а за ідэю, людзей і беларускі спорт, але дагэтуль не ведаю, ці хочуць мяне бачыць у зборнай. Да гэтага не хацелі.
Напэўна, не адчуваў бы ніякіх праблем, калі б хадзіў па начных клубах, карчмах, бавіў час так, як гэта робяць многія спартоўцы. Але выйшла так, што я вылучыўся, стаў развівацца ў іншым накірунку — музычным.
На мой погляд, для спартыўных чыноўнікаў павінна мець значэнне толькі тое, ці прыношу я вынік, калі выступаю за краіну на міжнародным узроўні. А не тое, з кім я сябрую, якія кнігі чытаю, якога я веравызнання і гэтак далей. Калі цікавасць да гісторыі, подзвігі беларусаў у мінулым, а таксама шырокая падтрымка суайчыннікаў цяпер натхняюць мяне, мабілізуюць, прымушаюць працаваць над сабой, што прыводзіць да перамог, гэта выдатна.
Хачу сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія былі са мной у думках, аб’ядналіся вакол маёй праблемы. Разам мы адстаялі права майго ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Я ганаруся тым, што мы змаглі прадэманстраваць якасці, пра існаванне якіх у нас не прынята казаць.
Каментар Арлова: Калі б выбар свайго героя ў сучасным беларускім спорце прапанавалі зрабіць мне, ён супаў бы з выбарам Віталя Гуркова.