Фільм «Выбар Барыса Хамайды» будзе прэзэнтаваны ў некалькіх гарадах Віцебшчыны, пазьней яго могуць выкласьці ў інтэрнэт.
У Віцебску прайшла прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму «Выбар Барыса Хамайды» і фотавыставы, прысьвечанай вядомаму ў Віцебску актывісту і ягонай газэце «Выбар». У стужцы Алены Сьцяпанавай і Аляксандра Зянкова сам герой, Барыс Хамайда, вядзе ўнутраны маналёг пра Віцебск, сваю дзейнасьць і сваё жыцьцё, перадае «Радыё Свабода».
«Была думка, што трэба адзначыць тых людзей, якія спрыяюць распаўсюду незалежных СМІ, незаангажаванай інфармацыі. У Віцебску самая яскравая такая асоба — гэта Барыс Хамайда, — тлумачыць Свабодзе Сьцяпанава. — Ён больш як 10 год — адзіны ў Віцебску, а мо ў такой якасьці і ва ўсёй Беларусі, распаўсюднік незалежнай прэсы.
Ён стаіць у цэнтры гораду каля так званага „сіняга дому“ кожны дзень па некалькі гадзін. Распаўсюджвае тыя выданьні, якія маюць праблемы з распаўсюдам. Ён такі фарпост свабоды ў нас. Ён кавалак таго, без чаго Віцебску няма».
Але ў фільме Хамайда «ня ў той іпастасі, у якой яго звыклі бачыць віцябляне», — кажа Алена Сьцяпанава. Хамайда, на яе думку, гэта «цэлы палітычны інстытут у Віцебску». Ён за ўласныя грошы заснаваў адно зь першых незалежных выданьняў гораду, газэту «Выбар», якая выдавалася ў 90-я гады да закрыцьця ўладамі. Калі газэту высялялі з рэдакцыі, ён прыкаваў сябе за руку да батарэі — ланцуг мусілі пілаваць, а Хамайду выносіць разам з крэслам. Затым «Выбар» існаваў падпольна, на апошняй старонцы пісалася, што газэта выдавалася «на Крапівенскім полі пад Воршай».
Фільм, кажа Алена Сьцяпанава, — ня толькі пра газэту «Выбар», а і пра жыцьцёвы выбар Барыса Хамайды, які «мог сёньня бязьбедна жыць» са сваёй юрыдычнай адукацыяй і досьведам.
Фотавыстава ж складзеная з архіўных здымкаў чатырох журналістаў, у тым ліку з рэдакцыі «Выбару». Яна зробленая як перасоўная. Разам зь фільмам ужо пабывала ў Віцебску і Воршы, мае пабываць у Глыбокім і Полацку.
Пасьля прэзэнтацыяў фільм мяркуюць выкласьці ў інтэрнэт.