Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Артем Дубский: Все время я чувствовал сильную поддержку людей с воли

27.05.2010 политика
Артем Дубский: Все время я чувствовал сильную поддержку людей с воли

Во время пребывания в колонии, Дубский награжден премией «Хартии-97» «за защиту прав человека». Правозащитные организации «Human rights watch» i «Amnesty international» признали его узником совести.

Пасля выхаду з калёніі Арцём Дубскі адказаў на пытанні чытачоў сайта Радыё «Свабода».

Ян: Як у калёніі ставіліся да "палітычнага"? Ці было гэта стаўленьне мягчэйшым чым да іншых, чым да крымінальнікаў?

Дубскі: Адносіны былі спачатку насьцярожаныя, але пасьля 2-3-месячнага тэрміну, калі асуджаныя ўжо прыглядзеліся да мяне, яны зразумелі, што спецыфічнае стаўленьне да мяне з боку адміністрацыі – гэта своеасаблівая абарона ад уцечкі інфармацыі пра тое нэгатыўнае, што адбываецца ў калёніі, і пра што грамадзтву ведаць не пажадана. Сыходзячы з гэтага, асуджаныя падтрымлівалі мяне, паколькі лічылі, што я – супраць адміністрацыі. Яны лічылі, што сваімі дзеяньнямі я магу дапамагчы палепшыць умовы ўтрыманьня

Ян: Ці зьбірешся вяртацца да актыўнай дзейнасьці ў "Маладым фронце"? Ты за каго? За Дашкевіча альбо Фінькевіча?

Дубскі: Ад працы ў Маладым Фронце я не адыходзіў нават у калёніі. Спрабаваў пазыцыянаваць сябе як "санітара" гэтай хворай сыстэмы, падкрэсьліваючы ўсе тыя недахопы, што існуюць у турэмнай і судовай сыстэмах. Я часта атрымліваў карысную інфармацыю нават ад новых асуджаных, якія бачылі магчымасьць нешта агучыць толькі праз мяне.

Пытаньне, за каго я пэрсанальна, нават не варта разглядаць, бо я працую на арганізацыю, а не асобнага лідэра.

БР: Осознали ли вы в колонии, что нарушать правила отбывания наказания - это плохой поступок?

Дубскі: Гэта я ведаў і раней, але ж, калі б я сапраўды парушаў рэжым утрыманьня, то, напэўна, меў бы больш за 6 спагнаньняў. І дакладна зараз знаходзіўся б пад пракурорскім наглядам. Сытуацыі даходзілі да абсурду, калі за сон "па-за раскладам дня" мяне спрабавалі прыцягнуць чатыры разы, але кожны раз адкладалі, бо іншыя асуджаныя сьведчылі, што я гэтага не рабіў.

Спадарыня Марыянна: Даражэнькі Арцёмчык! Па-першае шчыра віншую цябе з вызваленьнем! Увесь час перажывала за цябе, чытала розныя зьвесткі аб цябе і мысленна цябе падтрымлівала. Калі прачытала, што ты яшчэ схуднеў на некалькі кілаграмаў (а ты і так худзенькі быў), то зараз зноў перажываю. Чаму ты так схуднеў - проста мала еў, ці зноў галадаваў? Ты хоць зараз на волі пачынай сілаў набірацца - бо яны для барацьбы патрабуюцца! Жадаю табе здароў'я і хутчэй вярнуцца к актыўнаму жыццю! Жыве Беларусь!

Дубскі: Дзякуй за добрыя пажаданьні. Увесь час я адчуваў моцную падтрымку людзей з волі, якіх нават раней ня ведаў. Што да вагі, то, сапраўды, раней зрэдку важыў больш за 60 кг, але з тым «харчаваньнем», якое ёсьць у калёніі, стаў важыць 52 кг. Найбліжэйшым часам займуся сваім здароўем.

PanSportsmen: Как ясно из вашего интервью, после двухнедельного отдыха устраиваться на работу вы не собираетесь, но планируете заняться общественной деятельностью. Для меня привычно, что общественная деятельность не оплачивается, а выполняется по зову души и сердца. Поэтому для меня не понятно за счет каких средств вы собираетесь существовать?

Дубскі:Сапраўды, грамадзкая дзейнасьць не аплачваецца ў тым сэнсе, у якім пра гэта кажа БТ. Але ж, акрамя грамадзкай дзейнасьці, існуюць тысячы варыянтаў працы. І я не бачу ніякіх перашкодаў жыць на годным узроўні, і не спыняць грамадзкую дзейнасьць.

Знаўца: Вы даволі падрабязна распавялі на прэсавай канфэрэнцыі пра норавы, якія існуюць у калёніі. А што, па-вашаму, можна зрабіць, каб усяго гэтага пазбавіцца? Як можна рэфармаваць турэмную сыстэму?

Дубскі: Зьмены ў сыстэме выкананьня пакараньняў могуць адбыцца тады, калі яна стане больш празрыстай. Бо на сёньня большасьць з існуючых правоў асуджаных існуе толькі на паперы. А вось абавязкі дзейнічаюць усе. Наступны момант – карупцыя сярод людзей, якія кантралююць адбыцьцё пакараньня. Не гледзячы на тое, што ўсё афармляецца як дабрачынная дапамога, для мяне трохі дзіўным было тое, калі чалавек, адбыўшы 5 год, раптам вырашае падараваць калёніі 20 мехаў цэмэнту. А на наступны дзень ідзе на пазачарговую сустрэчу з роднымі. Адзіны сродак барацьбы з гэтым – гэта абнародваньне, давядзеньне да грамадзкасьці тых парушэньняў, што там адбываюцца.

Дзяўчо: Ці зьбіраешся ты вяртацца на Ўкраіну й заводзіць сям'ю?

Дубскі: Безумоўна, пляную быць на Ўкраіне. Там ёсьць усе патрэбныя ўмовы для грамадзкай дзейнасьці. Пытаньне стварэньня сям'і зараз разглядаецца. Спадзяюся, усё будзе добра.

Юльян: Арцёмка, віншую з вызваленьнем! На http://mfront.net пісалі, што ў цябе былі нейкія прыхільнікі ў калёніі. Яны нават адмысловы торт забацалі на днюху. Можаш распавесьці падрабязьней. Ты быў для іх лідэрам? Узорам?

Дубскі: Прыхільнікі – гэта, відаць, гучна сказана. Ва ўсялякім разе, я бачу сярод асуджаных найперш грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў такой сытуацыі. Сыходзячы з гэтага , і будаваў зь імі нармальныя адносіны. Як вынік, неспадзяваны торт на дзень народзінаў. Было вельмі прыемна.

Андрусь: Як ставісься да дзесятку цяперашніх кандыдатаў ад апазыцыі? Ці імпануеш некаму? Што пра іх чуваць у зоне й як там да іх ставяцца?

Дубскі: Aдзіны варыянт, які зараз мне бачыцца найлепшым – гэта байкот выбарчай кампаніі. Такія высновы я зрабіў, зважаючы на абсурд сытуацыі, калі дзейны кіраўнік «атрымае» зноў 85-90 працэнтаў. А зь іншага боку, я разумею, што краіне патрэбны новы кіраўнік, таму вялікай розьніцы паміж патэнцыйнымі кандыдатамі на сёньня ня бачу. Пытаньне толькі ў тым, каб быў нехта іншы.

З палітыкаў асуджаныя нікога не вылучаюць і на хуткія зьмены не спадзяюцца. Затое цяпер я ведаю, чаму асуджаныя ня маюць права галасаваць, адбываючы пакараньне. Бо дзейны кіраўнік у іх дакладна не атрымаў бы большасьці

Юрык:Як вы ацэньваеце маладафронтаўскую кампанію «Свабоду Дубскаму!» ? Па ўсёй краіне зьяўляліся расьцяжкі, партрэты, улёткі, ладзіліся акцыі. Аднак нягледзячы на ўсё гэта, вас ня выпусьцілі раней судом прызначанага тэрміну.

Дубскі: Падаецца, гэта была адна з тых кампаніяў па падтрымцы палітвязьняў, якая сапраўды кансалідавала людзей. Бо падчас акцыяў, якія праводзілі маладафронтаўцы, я атрымліваў вялізарную колькасьць лістоў ад зусім не знаёмых людзей. Магчыма, з-за таго, што людзі падтрымлівалі гэту кампанію, улады вырашылі, каб я адбыў увесь тэрмін. Бо першапачатковая мэта майго зьняволеньня была ў тым, каб запалохаць і разьяднаць актыўную моладзь.

Klim: Арцём! Ці зразумеў ты, што некаторыя словы трэба проста выкінуць з лексыкону? Як ты адносішся да паняцьцяў «актывіст», «дэмакратызацыя», «лібералізацыя»?

Дубскі: Міт аб тым, што на зоне размаўляюць выключна матам ці жаргонам – непраўдзівы. Найбольш слоўнага хамства ішло якраз ад супрацоўнікаў калёніі, а не асуджаных. Паняцьце «актывіст» у калёніі азначае асуджанага, які актыўна супрацоўнічае з адміністрацыяй. Таму, канешне, там мне давялося ўжываць яго менавіта ў гэтым сэнсе.

Спадар Алег:Арцём, прывітаньне! Мяне цікавіць, з кім персанальна ў калёніі вязьні асацыююць апазіцыю: з БНФ, Пазьняком, Мілінкевічам, Казуліным, ці з кімсьці іншым? Што кажуць, ці магчымы прыход апазіцыі да ўлады? Дзякуй за адказ. Посьпехаў!

Дубскі: З-за таго, што досыць часта мяняюцца самыя гучныя апазыцыйныя прозьвішчы, асуджаныя скептычна ставяцца да кожнага. Аднак людзі больш сталага веку схіляюцца больш да Пазьняка. Больш маладыя – да Саньнікава. Прыход апазыцыі да ўлады, на думку зьвяволеных, магчымы. Але ці будзе гэта заслугай самой апазыцыі – яны сумняюцца. У зьняволеных увогуле спецыфічная жыцьцёвае стаўленьне да ўсяго, якое можна выразіць знакамітай фразай – «Ня вер, ня бойся, не прасі»

Nasta: Вітаю на волі!!! Маю наступныя пытаньні: 1. Што ўразіла ў калёніі найбольш (людзі, умовы, сістэма...)? 2. Чаго найбольш хацелася пасьля вызваленьня? 3. Хто цябе найбольш падтрымліваў у гэты складаны перыяд? 4. Ці зьбіраешся жаніцца? Дзякуй

Веры, надзеі і любові!!!

Дубскі: 1.Найбольш уразілі адносіны паміж людзьмі. Напрыклад, чалавек, які адбывае пакараньне за крадзёж, пасьля майго вызваленьня з карцэру, аддае мне апошні кавалак мыла. Альбо можна ўзгадаць папярэджаньне з боку асуджаных аб правакацыях, якія іх прасілі зьдзейсьніць. Спачатку гэта было дзіўна, але потым прызвычаіўся.

2. Сустрэцца з блізкімі і сябрамі. І безумоўна, адпачыць. Бо ў калёніі ты ўвесь час у атачэньні людзей. А чалавеку час ад часу патрэбна застацца самому.

3.Сябры, блізкія, а таксама раней невядомыя мне людзі. Я амаль атрымаў бандэроль ад Amnesty international. Але з-за таго, што праваабарончая арганізацыя не зьяўляецца мне раднёй, то пасылку мне так і не аддалі. Даслалі яе назад адправіцелю.

4. Гэта залежыць ад шэрагу абставінаў, але нішто не загортвае людзей так добра, як чаканьне.

Марыянна: Арцёмчык! Хачу яшчэ табе сказаць. Ты хоць і маладзенькі, а сапраўды МУЖНЫ чалавек і ёсьць прыкладам ня толькі для маладых, а і для нас дарослых. Тваёй мужнасьці і стойкасьці можна пазайздросьціць! Ніколі не забуду, як цябе, сідзячага на асфальце, такога худзенькага, тыя вертухаі-амонаўцы паднялі і забросілі ў «варанок», а міма, усьмехаясь пабачыўшы усё гэта, прайшлі высокіе, сытые, здаровые некаторыя так званыя «палітыкі». Дык вось будучыня не за німі, а за такімі, як ты!

Дубскі: Дзякуй за падтрымку і добрыя словы. Спадзяюся, усё ў мяне атрымаецца. Упэўнены, што праз пэўны час мы пабачым вынікі той жыцьцёвай школы, якую я прайшоў.

Вапрос: Ці будзеш ты сам браць удзел у наступных выбарах -- скажам, у мясцовыя саветы?

Дубскі: Не, гэтага я пакуль не пляную. Акрамя мяне, ёсьць каму балятавацца. Існуе дастаткова працы, якую называюць «тэхнічнай», і якую я мог бы рабіць.

Локер: Якія зьмены, што адбыліся за гэты год, вы заўважылі ў грамадзтве? Што зьмянілася да лепшага? Што пагоршылася?

Дубскі: Асаблівых зьменаў я не заўважыў. Хутчэй зьмяніўся сам.

Уэб-рэдактар: На гэтым онлайн-канфэрэнцыя закончаная. Дзякуй усім за пытаньні

Дубскі: Дзякуй усім за цікавыя пытаньні, за інтарэс да мяне. Галоўнае – не расчароўвацца ў тых людзях, якія навокал, нават калі справы выглядаюць ня дужа прывабна. Я ўпэўнены, што людзі, якія ведаюць, чаго хочуць, даб'юцца свайго.

Арцём Дубскі — адзін з асуджаных у так званай "справе 14-ці" за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. У красавіку 2008 году суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў Арцёма Дубскага, Андрэя Кіма, Міхася Пашкевіча, Міхаіла Крывава, Уладзімера Сяргеева, Антона Койпіша, Тацяну Цішкевіч, Алеся Стральцова, Аляксея Бондара і Аляксандара Чарнышова абмежаваньнем волі. Арцём Дубскі цягам году адбываў зьняволеньне за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня.

Арцём Дубскі нарадзіўся 1 кастрычніка 1987 г. у Асіповічах. Вучыўся ў сярэдняй школе, пасьля скончыў асіповіцкі прафэсійны ліцэй. З 2006 году сябра Маладога Фронту. У 2007 годзе ўзначаліў Асіповіцкую суполку, а з 2008 каардынатар рэгіянальных структур Магілёўскай вобласьці. За актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе арыштаў і штрафаў. 10 студзеня 2008 году Арцём выступіў на мітынгу прадпрымальнікаў у Менску з патрабаваньнем адмяніць Указ прэзыдэнта, які забараняў прадпрымальнікам наймаць на працу асобаў, што не зьяўляюцца іхнімі сваякамі. Быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і арыштаваны на 15 сутак. Пазьней быў асуджаны ў "справе 14-ці" да двух гадоў абмежаваньня волі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]