Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як затроліць уладу

09.06.2016 политика

«Выбары» даюць шанец. Але не палітыкам, а грамадзянам.

Удзел у чарговых «парламенцкіх выбарах» практычна бессэнсоўны для тых, хто наіўна марыць стаць «дэпутатам». Астатнім жа ёсць дзе разгарнуцца.

У адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 6 чэрвеня №190, выбары ў «палату прадстаўнікоў» прызначаныя на 11 верасня. Дакумент ужо размешчаны на Нацыянальным прававым партале, а значыць, набыў юрыдычную моц. Застаецца галоўнае пытанне: што рабіць?

Зараз усім зразумела, што «выбары», нягледзячы на паўсюдныя заявы аб «дэмакратызацыі» і «ўліку прапаноў АБСЕ», пройдуць як звычайна. На іх будуць толькі дзве істотныя навацыі: адмова ад парогу яўкі на галасаванне ў 50% — пераможца зараз будзе вызначаны бальшынёй прагаласаваўшых; і Ярмошына абяцае, што сябры камісій не будуць засланяць сваімі філейнымі часткамі стол для падліку галасоў.

У астатнім сцэнар ранейшы. Лукашэнка перад гэтай палітычнай кампаніяй шматкроць нагадваў, што яна павінна прайсці спакойна і традыцыйна, то бок як заўсёды. З 1994 года міжнародная супольнасць ніводных «выбараў» у Беларусі за свабодныя і дэмакратычныя не прызнала. Гэта і ёсць «як заўсёды». І яшчэ кіраўнік дзяржавы дадаў, што не менш за траціну ў «парламенце» будзе «старых» «дэпутатаў». Так што ўжо зараз вызначана, хто ў «парламент» патрапіць, а хто не.

У сувязі з гэтым удзел у «парламенцкіх выбарах» становіцца практычна бессэнсоўным. Праўда, ён губляе сэнс толькі для тых, хто наіўна марыць стаць «дэпутатам». Астатнім жа ёсць дзе разгарнуцца.

Ва ўмовах адсутнасці выбараў, гэтая дзея ператвараецца ў палітычны працэс. Апазіцыя ўжо вырашыла ў ім удзельнічаць, і нават уцямна патлумачыла, навошта. Зараз, ва ўмовах эканамічнага калапсу, палітычная кампанія — лепшы чыннік для прасоўвання ў масы альтэрнатыўных ідэй. Улады нічога новага, апроч «абы не было вайны», запрапанаваць не могуць. Самы час перацягваць электарат на свой бок.

Канешне, «пашырэнне дэмакратычнага электарату» і шэрагу сваіх прыхільнікаў было мэтай усіх апошніх выбарчых кампаній, пачынаючы ад 2012 года. І штосьці не вельмі гэтае кола пашыралася. Аднак зараз ёсць магчымасць для другой ступені гэтай дзеі: сфармаваць і «прагнаць» праз выбарчую кампанію каманды новых лідараў. Гэта для іх, новых лідараў, — выдатная загартоўка на будучыню.

А вось хто насамрэч павінен разгарнуцца, дык гэта так званы «трэці сектар» і тая грамадзянская супольнасць, парасткі якой у нашай краіне пакрысе прабіваюцца праз аўтарытарны асфальт.

Як вядома, падчас «выбараў» усе пытанні палітызуюцца, і гэтым грэх не скарыстацца. Неаднаразова былі выпадкі, калі грамадзяне, дзеля вырашэння сваіх праблем, выстаўлялі ўладам своеасаблівы ўльтыматум: не вырашыце праблему — не пойдзем галасаваць. І пытанне вырашалася.

Ад такога прымітыўнага шантажу ўладаў трэба пераходзіць да больш сістэмных дзеянняў. У краіне шмат ініцыятыў, якія збіраюць подпісы «супраць» і «за»: за добраўпарадкаванне тэрыторый, за будаўніцтва бальніц і школ, супраць высечкі лясоў і будавання свінакомплексаў… Выбарчая кампанія дае выдатны шанец пашырыць гэтую працу, улічваючы, што для вылучэння кандыдата ў «дэпутаты» патрэбная тысяча подпісаў. Ніхто не забараняе стварыць у сябе «кандыдата ў кандыдаты» і, разам з подпісамі за яго, збіраць подпісы і за вырашэнне набалелай праблемы. У любым выпадку, аўтографы грамадзян не прападуць.

І ніхто не перашкаджае скарыстоўваць для гэтага і дэмакратычных кандыдатаў у «парламент».

Жыхары мінскага мікрараёна «Зялёны луг» сабралі 3557 подпісаў супраць знішчэння парку на Цнянскім вадасховішчы. Гэта ў тры разы больш, чым патрэбна для вылучэння кандыдата ў «парламент». Трэба казаць «бэ» — ствараць ініцыятыўную групу кандыдата і прайсці па людзях, што ўжо падпісаліся, яшчэ раз. А кандыдат у «дэпутаты» — гэта ўжо тая фігура, якая мае шанец ціснуць на мясцовыя ўлады, прымушаючы іх спыніць альбо хаця б прыпыніць будаўнічыя працы. Бо раптам ён пройдзе ў «парламент»? Тады ад праблем не адмахаешся…

І асаблівую ўвагу трэба надаць тым, хто балатуецца ў «парламент» па другім разе, у спадзевах патрапіць у вызначаныя Лукашэнкам 30%. Вось гэтых людзей трэба масава «троліць». Ёсць такое вызначэнне ў інтэрнэце, якое азначае правакаванне на дыскусію, прычым зусім не карэктнымі сродкамі. У дадзеным выпадку варта ведаць, што «паўторны» кандыдат у «палату прадстаўнікоў» усё яшчэ з’яўляецца дзейсным «дэпутатам» гэтага органа. А таму варта патрабаваць ад яго не толькі адказнасці перад выбаршчыкам за ўжо прынятыя рашэнні, але і садзейнічання ў вырашэнні наяўных праблем. Хай наўпрост накіроўвае «дэпутацкі» запыт па існуючай праблеме — ён мае на гэта паўнамоцтвы.

Калі праявіць фантазію, можна знайсці яшчэ з тузін спосабаў зрабіць гэтую кампанію хаця б карыснай. Актывістам самы час дзейнічаць.

Сяргей Пульша, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]