Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Горад сонца для цемрашалаў

29.05.2010 политика
Горад сонца для цемрашалаў

Беларусам зайздросціць увесь свет. Пра гэты бясспрэчны факт не стамляецца нагадваць правіцель.

І сапраўды, ім пашчасціла. Калісьці яны зрабілі мудры выбар. Аднойчы і назаўжды. Знайшлі нястомнага каваля свайго дабрабыту. І вырашылі ў адно імгненне ўсе праблемы. Дзе яшчэ сёння людзі жывуць так заможна, вольна, упэўнена? Толькі тут, у гэтым дзівосным куточку планеты.

Але чорная зайздрасць – страшная рэч. І калі з’яўляюцца нейкія замежныя ацэнкі нашых дасягненняў, яны проста ўражваюць неадпаведнасцю паказчыкам мясцовым. Вось зноў вядомая ўсім Amnesty International у штогадовай справаздачы аб стане свабоды ў свеце прысвяціла цэлы раздзел Беларусі. Сумныя там высновы. Ды што казаць пра гэтую Amnesty, калі нават ААН у свой час у адпаведным дакладзе аб правах чалавека зафіксавала прыкладна тыя ж параметры. Пра еўразвязаўскія ўстановы і ўзгадваць няма сэнсу – тое ж панылае неразуменне нашай адметнасці.

Уплывовая кансалтынгавая фірма Mercer палітыкай не захапляецца. Яна між іншым дае і абсалютна аб’ектыўныя ацэнкі якасці жыцця ў найбольш значных гарадах планеты. На падставе яе незаангажаваных рэйтынгаў шмат якія кампаніі вызначаюць умовы дзейнасці сваіх супрацоўнікаў у розных краінах.

У спісах Mercer – 221 горад. Даследаванне ўлічвае ўсе асноўныя паказчыкі. Стан медыцыны. Зручнасць і разгалінаванасць транспартнай сістэмы. Колькасць і якасць рэстаранаў і кафэ. Узровень асабістай свабоды. Ажно 39 крытэрыяў, па якіх вызначаецца прыдатнасць горада да жыцця. Дык вось па ўсіх гэтых паказчыках у лідэрах - Вена, Цюрых, Жэнева, Ванкувер, Окленд. А наш дзівосны Мінск апынуўся толькі на 185 месцы. У кампаніі Нджамены і Хартума.

І наўрад ці варта гэтым разам усё тлумачыць чорнай зайздрасцю. Мінск – не еўрапейскі, не сучасны горад. Няўтульны. І не зусім прыдатны для жыцця. Ён расце бязладна, неахайна. Забудоўваецца безаблічна, невыразна. На кожным кроку – праявы ідэалагічнай назойлівасці і калгаснага густу. Зімой горад патанае ў брудным снезе. Улетку дажджы выклікаюць сапраўдныя патопы. Вядома, тут можна спаслацца на неспрыяльны клімат ды розныя адметнасці прыроды. Але ж колькі перашкод і нязручнасцяў створана рукамі неўтаймаванага мясцовага чынавенства. Пра якую Еўропу можна тут гаварыць, калі нават па хуткасці доступу ў інтэрнэт Мінск не можа дасягнуць узроўню Кішынёва і нават Бішкека.

Аднак і гэта яшчэ не самая вялікая праблема. Усё ўрэшце вырашаецца, калі на тое ёсць жаданне. Можна пабудаваць новыя шматзорныя гатэлі. Адчыніць шыкоўныя крамы і рэстараны. Нанова пафарбаваць фасады. А горад застанецца безнадзейна правінцыйным. Бяда не ў тым, што тут чагосьці недабудавалі. З усіх былых сталіц савецкіх рэспублік Мінск вызначаецца дзікунскай бальшавіцкай тапанімікай. Гэта нават не горад, а нейкі мемарыял сталінізму.

Пра наш недарэчны феномен адзін з вядомых літоўскіх бізнесоўцаў спрабаваў размаўляць з тутэйшым гарадскім кіраўніцтвам. Прыбярыце Леніна з плошчы, сказаў ён, інакш ніхто да вас не паедзе. Чыноўнікі пакрыўдзіліся. Чужыя людзі будуць нас вучыць! Гэта ж наша гісторыя.

Усё так, толькі з невялікім удакладненнем. Гэта хутчэй застарэлы страх перад Масквой. Гісторыя тутэйшага чынавенскага халуйства. І не болей. Дзе, у якой краіне можна сустрэць гэткую недарэчнасць, калі імя прыхадня, які нарабіў вялікай шкоды і заадно зняважыў увесь народ, надавалася б адной з цэнтральных вуліц горада?

А тут – норма. Каты і нягоднікі атабарыліся ў сталіцы надзейна і грунтоўна. Мяснікоў. Ландэр. Кнорын. Дзяржынскі. Свярдлоў. Калінін. Іх забылі ўжо нават у Расіі, адкуль яны некалі прыйшлі. А ў незалежнай Беларусі па-ранейшаму захоўваюць іх савецкі статус недатыкальных бонзаў. Мінск перанасычаны рэаліямі бальшавізму. Тут уганараваныя амаль усе начальнікі, якім пры жыцці пашанцавала не пакласці партбілет. Кожная больш ці менш значная плошча і вуліца маюць выразны наменклатурны профіль.

Не засталося месца толькі для тых, хто жыў дзеля Беларусі, змагаўся за яе, служыў не Маскве, а свайму народу. І гэта зразумела. У мемарыяле камуністычнага мінулага сапраўдным героям, сынам Беларусі месца няма. Да сораму дайшло – усе патрабаванні грамадзян надаць адной з мінскіх вуліц імя Васіля Быкава пакінутыя без увагі. Так, вялікі пісьменнік. Але ж не з таго саюза. Герой вайны. Але не з той ветэранскай суполкі. Нельга. Недапушчальна. Немагчыма. Падмурак вертыкалі на гэта не разлічаны.

Пры тупым маўчанні грамадства адабралі праспект у Францыска Скарыны. Ягонае імя загналі ў высылку, кудысьці на ўскраіну. Яшчэ далей – Браніслава Тарашкевіча, стваральніка беларускай граматыкі. Дзе ж яму вытрымаць канкурэнцыю са сталінскім блазнам Калініным, у якога тут вуліца, плошча і нават помнік. Побач з Дзяржынскім, Куйбышавым ды Урыцкім нічога не дачакацца Сапегу, Астрожскаму, Касцюшку.

Быў нейкі час цьмяных, няпэўных надзей. Падрыхтавалі нават куртатае пагадненне з грамадскасцю, якая дамагаецца тапанімічных саступак. Дробязь па сутнасці. Некалькі вуліц у старым горадзе павінны былі атрымаць свае былыя назвы. Але ў апошні момант і гэта ўсё адкладзена на няпэўны час.

Зразумела, ніякіх апытанняў наконт тапанімікі Мінска ніхто не праводзіў. Проста ўлады ўпэўнены, што жывуць тут спрэс цемрашалы. І нават нязначная змена якой-небудзь камуністычнай назвы проста абрыне народныя масы ў роспач і ўсеагульны запой. А таму калі з цягам часу і давядзецца адмовіцца ад услаўлення якой-небудзь адыёзнай асобы, то заменяць яе хіба што вешальнікам Мураўёвым. І даўно ўжо марыць гародское начальства пра тое, як у тым старым цэнтры зноў з’явяцца гарадавыя. Такі вось крэатыў тутэйшых. Для чынавенства гісторыя ў лепшым выпадку – расійскі губернскі час.

Будуецца горад, а ў ім нічога свайго. Усё чужое. Назвы плошчаў і вуліц. Архітэктура. Традыцыі. Звычаі. Мова. Над усім пануе саўковае цемрашальства, узведзенае ў ранг нібыта нашай гісторыі. Улада цвердзіць увесь час пра незалежнасць, суверэнітэт. Але ж з імперскіх адходаў уласную краіну збудаваць немагчыма.

Няйначай, правіцель усё ж мае рацыю. Беларусы – шчаслівы народ. Яны нават не заўважаюць, дзе жывуць. І вераць шчыра, што прыйшоў да іх калісьці добры чалавек і за шаснаццаць год збудаваў ім Горад Сонца. Толькі гісторыя, якую кіраўніцтва заклікае шанаваць, няўмольна сведчыць, што утопія непазбежна ператвараецца ў антыутопію.

І надыходзіць такі час, калі за неаглядную наіўнасць разлічваюцца ўсе без выключэння. І цана можа быць занадта вялікай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]