Паэт Ігар Канановіч загінуў, упаўшы з даху ў самым цэнтры Менску ў нядзелю.
«Нельга, канечне, не падзякаваць тутэйшай бяздарнай і бесчалавечнай уладзе — яна і стварыла гэтае канцэнтравана ёлкае, атрутнае асяродзьдзе, у якім, падобна да майго, распаўзаюцца мільёны беларускіх лёсаў...» — такі допіс за тры дні да сьмерці пакінуў у «Фэйсбуку» паэт Ігар Канановіч. 22 ліпеня яму мела споўніцца 33 гады, передает «Радыё Свабода».
«Я размаўляла зь ім літаральна за 20 хвілін да трагедыі. Ён усьміхаўся ў слухаўку, быў вельмі ўзрадаваны, што вырашылася пытаньне з жытлом. Я і падумаць не магла, што такое здарыцца, — расказвае сяброўка Ігара — Дарʼя Зялінская-Макаўчык. — Сёньня раніцай, да таго, як уключыць ноўтбук і прачытаць гэтую страшную навіну, я яшчэ чакала, што празь якую гадзіну ён прыедзе да мяне... Не ўкладваецца ў галаве...»
Канановіч загінуў, упаўшы з даху ў самым цэнтры Менску ў нядзелю, 19 чэрвеня. Афіцыйнай інфармацыі, ці была ягоная сьмерць самагубствам, няма.
Ігар нарадзіўся ў Клецку, скончыў філялягічны факультэт БДУ, пасьля працаваў школьным настаўнікам у сябе на радзіме.
Дарʼя Зялінская-Макаўчык, якая сябравала зь Ігарам яшчэ з часоў паступленьня ва ўнівэрсытэт, распавядае: «Мы адразу пасябравалі. Ён быў надзейным чалавекам, вельмі падтрымліваў мяне ў цяжкія часы. Аднадумца. Таленавіты чалавек. Годны беларус. Не цярпеў хлусьні і крывадушнасьці. Шмат чытаў, пісаў добрыя вершы, некаторыя зь іх сталі ўжо песьнямі. Зь ім заўжды было цікава. На ўсё меў сваё меркаваньне».
«Ён заўжды быў моцны чалавек, не здаваўся. У яго ў жыцьці было шмат усяго — і з унівэрсытэту яго выключалі. Ён жа спачатку на інжынэра вучыўся, але зразумеў, што гэта не ягонае. Рэзка памяняў свой лёс, перайшоў на філфак. А гэта ж зусім іншае, — распавядае зямлячка Ігара Тацьцяна Дрозд. Яны таксама разам вучыліся на філфаку і жылі ў адным інтэрнаце. — У школе працаваў. Але не ўпісаўся ў сыстэму, бо там сыстэма савецкая. Але зьбіраў дзяцей у нейкія музычныя гурты. Гэта нікому не падабалася, бо гэта не прынята. Трэба было ўсё ў рамках рабіць. Дзеці яго любілі, ён такі ўвесь творчы».
Пра свой сыход са школы сам Ігар Канановіч распавядаў у інтэрвію. Журналіст Міхась Скобла гаварыў зь ім з нагоды яго ўступленьня ў Саюз Пісьменьнікаў.
«Сам сышоў. Таму што невыносна стала працаваць. У начальніка раённага аддзелу адукацыі была ўстаноўка — шукаць у працы падначаленых нэгатыў. Ёсьць пазытыў — добра. Але шукайце нэгатыў, каб было за што круціць хвасты, каб хадзілі ціхія, баязьлівыя і займаліся толькі сваім прадметам. Да таго ж, у школе непрыстойна нізкі ўзровень заработнай платы. За апошні свой настаўніцкі месяц я атрымаў усяго 2 мільёны з капейкамі. Праз тры месяцы я апынуўся грузчыкам у гіпэрмаркеце „Карона“, там заробак — 5 мільёнаў 300 тысячаў. Атрымліваецца, што ў нас грузчык — больш паважная прафэсія, чым настаўнік», - рассказаў Ігар Канановіч.
Сапраўды ў Менску Канановіч працаваў грузчыкам. Але, як кажа Тацьцяна Дрозд, на жыцьцё ня скардзіўся.
«Яму ўсё падабалася, кніга ў яго выйшла. Вельмі быў задаволены і ганарыўся, што ў яго першая кніга», — распавядае Тацьцяна. Дэбютная кніга вершаў Ігара Канановіча «Астэроід» выйшла ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» і мела прыхільныя рэцэнзіі.
Апроч паэзіі, Ігар захапляўся музыкаў, вёў Вконтакте літаратурную суполку «Электрычка Мінск — Гарадзея», граў на гітары, пісаў песьні. Такім яго запомніла паэтка Тацьцяна Будовіч-Барадуля:
«Ён прыйшоў на вечарыну, якую я арганізоўвала ў музэі Багдановіча. Выступіў па сваёй ініцыятыве, сьпяваў песьню. Вечарына была прысьвечаная памяці вельмі трагічнага паэта Васіля Гадулькі. І песьню ён засьпяваў на ягоныя словы. Я вельмі ўзрушаная», — кажа паэтка, даведаўшыся пра сьмерць Канановіча.
Але блізкія сябры ведаюць і іншы бок яго жыцьця.
«Апошнім часам у яго былі ня вельмі добрыя часы — ён шукаў працу. Літаральна ўчора я гаварыла зь ім, мы дамаўляліся, што ён пераедзе да мяне жыць, бо ў яго канчаўся тэрмін арэнды пакою, а грошы ўжо не было», — кажа Дарʼя Зялінская-Макаўчык
Навіна пра сьмерць паэта стала нечаканасьцю для ягоных сяброў і знаёмых.
«Ён заўжды пісаў усім лісты папяровыя. Ты сядзіш дома, а табе прыходзіць папяровы ліст ад яго. Гэта як паэзія ў прозе. Вершы ён шмат каму прысьвячаў. І ў мяне ёсьць ягоныя вершы, прысьвечаныя мне, — згадвае сябра Тацьцяна Дрозд. — Ён не замарочваўся на матэрыяльным. Канановіч — гэта заўжды гітара, вершы...Немагчыма ўявіць, што гэта адбылося. Такой думкі нават не дапускалі. Людзі ўсе дарослыя, ну так, можна памаркоціцца. Я не магу ўявіць, што для яго гэта ўласьціва. Нават калі мы гістэрылі, ён заўжды быў узважаны, рацыянальны».
«Гэта вялікая страта і для родзічаў, і для сяброў, і для Беларусі», — кажа Дарʼя Зялінская-Макаўчык.
«Адзіныя вершы беларускіх паэтаў, якія мне падабаліся, гэта тыя, што Ігар пісаў. У яго быў несумненны талент», — кажа Тацьцяна Дрозд.
Ігар Канановіч быў сталым аўтарам рубрыкі «Сто словаў» на «Радыё Свабода». Зусім нядаўна сайт litaratura.org апублікаваў нізку ягоных вершаў.
Разьвітанне зь Ігарам адбудзецца заўтра, 21 чэрвеня, на яго малой радзіме, па адрасе: горад Клецк, вуліца Перамогі, д. 93 кв. 28.
Вершы і развагі, якія Ігар Канановіч разьмяшчаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: