У кнізе ў храналягічным парадку разьмешчаныя вершы і іх пераклады, зробленыя майстрамі слова з Эўропы, ЗША, краін былога Савецкага Саюзу, Азіі і Ўсходу.
У выдавецтве Рымска-Каталіцкай парафіі сьвятога Сымона і сьвятой Алены надрукавалі амаль 700-старонкавае выданьне «Рыгор Барадулін/Ryhor Baradulin. Et orbi omni/І сьвету ўсяму». Гэта 12-я кніга паэта, выдадзеная касьцёлам, паведамляе «Радыё Свабода».
У кнізе ў храналягічным парадку разьмешчаныя вершы і іх пераклады, зробленыя майстрамі слова з Заходняй і Ўсходняй Эўропы, ЗША, краін былога Савецкага Саюзу, Азіі і Ўсходу.
«Наогул, вершы Рыгора Барадуліна перакладалі на 40 моваў. Але, на жаль, знайсьці ўдалося ня ўсё. З распадам СССР парушыліся кантакты паміж бібліятэкамі. Але ў гэтым выданьні сабрана ўсё, што было магчыма адшукаць — гэта 30 моў», — кажа ўкладальніца кнігі Ала Сакалоўская.
Яна адзначыла, што найбольшая частка перакладаў была зробленая ў 60-80-я гады:
«Тады выходзілі зборнікі перакладаў у іншых краінах, а таксама вершы Барадуліна друкавалі ў пэрыёдыцы. Ёсьць творы, перакладзеныя на адну мову, а ёсьць такія, што і на 10 моў».
Усе вершы ў зборніку разьмешчаныя ў адпаведнасьці з храналёгіяй напісаньня — ад «Першага сьнегу», напісанага ў 1952 годзе, і да «Мальбы», верша, які паэт напісаў за некалькі дзён да свайго адыходу.
Апроч перакладаў на ангельскую, францускую, польскую, украінскую, расейскую, баўгарскую, вугорскую, літоўскую, чэскую мову ў кнізе ёсьць вершы на таджыцкай, кіргіскай, курдзкай, хіндзі, японскай, карацінскай мовах.
«Карацінская мова — гэта адна з моў Дагестану, на ёй гаворыць паселішча Карата. Ня так даўно гэтая мова нават ня мела пісьменнасьці, але вось і на яе пераклалі нашага паэта. Ёсьць пераклады на курдзкую, на чуваскую, на цыганскую мовы».
Рыгор Барадулін бачыў электронны варыянт гэтага выданьня і адмыслова напісаў для яе эпітэт:
Паэзія ласкай карае,
Радкі захапленьня таму
Нясе беларускаму краю
І сьвету ўсяму.
«Вельмі шкада, што ён не дачакаўся выхаду кнігі ў сьвет, але ён разумеў, што гэта вельмі арыгінальнае выданьне. Я ня ведаю больш такіх паэтаў, вершы якіх выйшлі б пад адной вокладкай у перакладзе на 30 моў. Так, быў выдадзены пераклад больш чым на 70 моў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе», але гэта толькі адзін верш. А тут мы можам прасачыць зьмену Рыгора Барадуліна як паэта — ад гульні са словам да мудрасьці, роздуму над сэнсам жыцьця, пошуку шляху да Бога».
Той, хто будзе трымаць у руках кнігу, пабачыць, што апроч вершаў яна ўтрымлівае фатаздымкі, які ілюструюць жыцьцяпіс паэта. Дарэчы, большасьць фота для гэтых ілюстрацый выбраў для зборніка сам Рыгор Барадулін.