Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Калі ўявіць, што воўк у лесе здох

22.06.2016 политика
Калі ўявіць, што воўк у лесе здох

Зварот да дэлегатаў усебеларускага сходу.

Шаноўныя дэлегаты!

У 2010 годзе за тое, каб я стаў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, падпісаліся больш за 20 000 грамадзян Рэспублікі Беларусь. Такога прадстаўніцтва не было ні ў аднаго іншага дэлегата – і тым не менш дэлегатам мяне не зарэгістравалі. Дэлегатамі народнага сходу сталі не тыя, каго выбраў народ, а тыя, каго, шчыра кажучы, прызначыла ўлада.

Не трэба ўтойваць, народ нічога ў нас не вырашае. Вырашаюць за яго. І калі нешта ў нашай краіне трэба перайначыць у першую чаргу, дык менавіта гэта. Вярнуць народу права выбару, без чаго ні з палітычнага, ні з эканамічнана тупіка нам не выйсці.

Права выбару мусіць быць забяспечана неадкладна: на бліжэйшых выбарах у парламент. І тут важкае слова можаце сказаць вы, дэлегаты народнага сходу, калі нехта з вас прапануе ўнесці ў парадак дня пытанне парламенцкіх выбараў.

Парламенцкія выбары, прызначаныя на 11 верасня, трэба адкласці. Іх нельга праводзіць так, як плануе ўлада. А плануе яна не парламенцкія выбары, а – давайце адкрыта скажам – парламенцкія прызначэнні. Як было яно і на мінулых «выбарах», і на пазамінулых, калі ў парламент мэтанакіравана траплялі цалкам залежныя ад улады людзі, якія там нічога не вырашалі.

Сёння час вырашаць. Сітуацыя такая – палітычная, эканамічная. Краіна на мяжы страты незалежнасці. Гэта цвяроза трэба ўсведамляць – і шукаць выйсце.

Крок да яго – дзеяздольны парламент. Дэпутацкі корпус, здольны ўзяць на сябе адказнасць за будучыню Беларусі.

Я не пра тое, што дэмакратычная апазіцыя павінна мець магчымасць абрацца ў парламент. Вядома, павінна. Але найперш у краіне павінны быць створаны такія ўмовы, каб у парламент, а гэта значыць у палітыку, пайшлі разумныя, дасведчаныя, адказныя людзі, якія сёння той жа палітыкі цураюцца. І не таму, што не хочуць ёю займацца, і нават не таму, што баяцца: маўляў, працу, маёмасць адбяруць, пасадзяць. Шмат хто рызыкнуў бы і працай, і маёмасцю, і нават воляй. Але разумеюць: без толку. У парламенце іх не будзе. Туды прызначаць іншых. Тых, хто будзе націскаць кнопкі так, як ім скажуць, і падымаць рукі тады, калі трэба.

Што б я зрабіў, калі ўявіць, што ў нейкім лесе здох нейкі воўк і я стаў дэлегатам народнага сходу? Я скарыстаўся б гэтым, каб прапанаваць адкласці парламенцкія выбары, бо краіна да іх не гатова, склікаць пазачарговую сесію палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу і ўнесці ў выбарчае заканадаўства змены, якія гарантавалі б правядзенне выбараў свабодных і справядлівых. Гэта рэальны крок да сапраўднага, а не цацачнага парламента, да жыццёва неабходных палітычных і эканамічных рэформаў. Гэта шлях да захавання Беларусі, яе дзяржаўнасці і незалежнасці. Гэта гістарычны шанец – і я на вашым месцы яго не ўпусціў бы.

Уладзімір Някляеў, «Народная Воля»

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]