Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Таямніца гібелі Купалы або Вершнік без галавы

28.06.2016 общество
Таямніца гібелі Купалы або Вершнік без галавы

28 чэрвеня, 74 гады таму, у Маскве загінуў Янка Купала.

Да гэтай пары ягоная сьмерць — таямніца, якой усур’ёз ніхто так і ня браўся разгадаць. Сваю вэрсію сьмерці народнага песьняра «Радыё Свабода» выказаў паэт Уладзімер Някляеў.

- Як вядома, існуе тры трактоўкі сьмерці Янкі Купалы: няшчасны выпадак, самазабойства і забойства. Вы да якой схіляецеся?

- На сёньняшні дзень я схіляюся да думкі, што гэта было забойства. Хоць, паўтаруся, гэта толькі адна з вэрсій. Але я гатовы прывесьці пэўныя аргумэнты.

- Як вы лічыце, ці існуе крымінальная справа з выпадку сьмерці Купалы, і дзе яна можа захоўвацца?

- У любым выпадку абавязкова па факце сьмерці павінны былі завесьці крымінальную справу. Сьледзтва ж вёў ваенны пракурор Масквы. Дык як мог той пракурор правесьці ўсё сьледзтва без адзінай паперыны? Ніяк ня мог. Хоць адна паперына, а гэта і значыць — крымінальная справа, павінна была быць. Дзе яна?.. Доступу да яе нікому з тых, каго так ці інакш цікавіць Купала, не ўдалося дамагчыся. У тым ліку і мне — ні ў нядаўнія часы перабудовы, ні ў найноўшы час дэмакратыі.

Калі я быў рэдактарам часопісу «Крыніца», старшынём Саюзу пісьменьнікаў, то пісаў запыты ў адпаведныя інстанцыі. І мяне дапусьцілі да менскіх архіваў КДБ, тады камітэтам кіраваў Ягораў, якога я дастаткова добра ведаў. Можна з пэўнасьцю сказаць: па Купалу ў Беларусі нічога няма. Па маёй інфармацыі, крымінальная справа існуе, і захоўваецца яна ў архіве Прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі — былым архіве ЦК КПСС.

- Цягам апошніх гадоў многія раней сакрэтныя справы рассакрэцілі. Напрыклад, пра забойства Саламона Міхоэлса. Чаму ж купалаўскую за сем замкоў схавалі?

- Зьвесткі, якія ўтрымліваюцца ў той крымінальнай справе, і на сёньня ўяўляюць небясьпеку для тае сыстэмы, якая нібы стараецца зьмяніцца, але нічога ў яе не атрымліваецца. Яна вылузваецца са скуры, а потым зноў у тую самую скуру ўлузваецца. Але позна ці рана справа праясьніцца.

- Навошта было Сталіну прыбіраць Янку Купалу — паэта-ардэнаносца, ляўрэата Сталінскай прэміі, паэта, які прысягаў: «Табе, правадыр, мае песьні і думы…»

- Зусім слушнае пытаньне, якое спыняла многіх дасьледчыкаў у іхных пошуках. Яго мне задаваў і Георгі Колас, аўтар выдатнай кнігі пра Купалу «Карані мітаў»: «А за што яго было забіваць, ён жа ўсё рабіў, як патрабавалі». Але тады не было тых дакумэнтаў, якія выплылі пазьней. Вось глядзіце.

14 красавіка 1942 году на пасяджэньні ЦК КП(б)Б прымаецца рашэньне «Аб правядзеньні 60-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі Якуба Коласа». Сьвяткаваньне прызначаецца на лістапад, ствараецца юбілейная камісія на чале з сакратаром ЦК Гарбуновым, у якую разам са старшынём Саюзу пісьменьнікаў Лыньковым уваходзіць і Янка Купала. Але ж купалаўскае 60-годзьдзе раней за коласаўскае, ня ўвосень, а ўлетку, — дык дзе ж пра юбілей Купалы якое-небудзь рашэньне? Няма… І ня будзе. Значыць, сьвяткаваць не зьбіраліся.

Але Купалу ўрадавай тэлеграмай выклікаюць з-пад Казані ў Маскву. І ён зьбіраецца і, калі ўжо едзе на юбілей, пытае дазволу на тое, каб узяць з сабой жонку. Зусім нечакана для яго дазволу не даюць. Катэгарычна адказваюць: «Не. Вас выклікаюць аднаго». І ў спадарожніцы яму замест жонкі выпраўляюць «наглядчыцу» — старшыню Вярхоўнага Савету БССР Грэкаву. Купала разгублены, ён і ўявіць ня мог, каб адмовілі ў просьбе паехаць разам з жонкай. На юбілей, на сьвята… Раней такога не здаралася, нешта тут ня тое… І гэтае нешта не магло не насьцярожыць. Да таго ж, для насьцярогі мелася яшчэ адна прычына, значна больш істотная.

У лютым 1942 году Бюро ЦК КП(б)Б прымае пастанову аб скліканьні ў Казані сэсіі Беларускай Акадэміі навук. З дакладам, тэзісы для якога напісаў сакратар ЦК КПБ Гарбуноў, на сэсіі даручаецца выступіць Янку Купалу. Тэма дакладу не абы-якая: «Беларуская інтэлігенцыя ў дні Айчыннай вайны». І вось што прамаўляе Янка Купала на той сэсіі 12 сакавіка:

«Кажуць, што вуліцу, на якой жыў я ў Менску, яны (немцы. — У.Н.) назвалі маім іменем. Таксама, бачыце, «паважаюць» пісьменьніка. Але будзьце вы праклятыя, крывавыя вырадкі, за такую «павагу»! Спачатку вы паслалі сотні самалётаў, спалілі гэтую вуліцу, кінулі дзясяткі бомбаў на мой дом, спалілі яго разам з маімі рукапісамі, а цяпер вы прыкідваецеся прыхільнікамі культуры. Такога зьдзеку над культурай яшчэ ня бачыў сьвет, і я, сумленны савецкі чалавек, плюю ў ваша крывавае рыла і ўсім сэрцам сваім жадаю пагібелі вам, катам беларускага народу, катам беларускай культуры…»

- Патасны выступ. У стылі вершу «Партызаны, партызаны, беларускія сыны…»

Я перакананы, што толькі дзеля гэтага выступу Купалы й была прыдумана ў Казані тая сэсія Акадэміі навук. Бо сапраўды прыйшло паведамленьне, што ў акупаваным Менску зьявілася вуліца імя Янкі Купалы. Вуліца Купалы павінна была зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны: вясной 1941 году прапаноўвалася ў гонар паэта перайменаваць вуліцу Садовую. Аднак Панцеляймон Панамарэнка, нібыта «абаронца і заступнік» Янкі Купалы, асабіста выкрасьліў тую «прапанову працоўных» з праекту партыйнай пастановы. Чырвоным алоўкам.

А ўжо восеньню, усяго праз паўгоду, вуліцы і плошчы ў Менску пераймяноўваюцца немцамі. Пастановы падпісвае цяпер не сакратар ЦК Панамарэнка, а начальнік Менскай палявой камэндатуры Шлегельхофэр. І вуліцу Кастрычніцкую, на якой жыў Купала, называюць вуліцай імя Івана Луцкевіча. Не Івана Луцэвіча — паэта Янкі Купалы, а Івана Луцкевіча — аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня, заснавальніка Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, гісторыка, археоляга і этнографа, заўчасна памерлага ад сухотаў у 1919 годзе.

- Вы сказалі, што даклад Купалу «дапамог напісаць» Цімох Гарбуноў. Ужо хто-хто, а ён Луцкевіча і Луцэвіча зблытаць ня мог. Ён жа ў свой час займаўся віленскім музэем Івана Луцкевіча. Значыць, як мінімум пра існаваньне Луцкевіча ведаў.

- У тым то ўся і штуковіна. А калі б і ня ведаў, то высьветліць было нескладана. Напрыклад, на радыё ў Менску, па якім абвяшчалася пра перайменаваньне вуліц, працавала жонка Пятра Глебкі Ніна Ларывонаўна, якая, безумоўна, была неяк зьвязаная з савецкімі спэцслужбамі, інакш бы як яна, паслужыўшы ў цэнтры нямецкай прапаганды, пасьля вайны ўратавалася — хай сабе і з мужам-ордэнаносцам? Дарэчы, Ніна Ларывонаўна (па сьведчаньні Аркадзя Куляшова), папярэджвала Глебку, каб ня надта набліжаўся да Купалы, бо побач з тым — небясьпека.

- Але ж калі б у Менску захацелі б сапраўды ўшанаваць Купалу, то вуліцу й назвалі імем Янкі Купалы. Не іначай. Няўжо паэт ня мог усё гэта дзе трэба пераўдакладніць?

- Што Купала мог «дзе трэба пераўдакладніць», калі там, «дзе трэба», зь ім адносіны даўно і назаўсёды ўдакладнілі. Таму й ня дзіва, што ў данясеньні пра ягоную сьмерць данесьлі, па сутнасьці, пра сьмерць іншага чалавека. Пра сьмерць таго, чыім іменем названая немцамі вуліца ў Менску.

У афіцыйным паведамленьні, надрукаваным 30 чэрвеня ў газэце «Известия» і 2 ліпеня ў газэце «Савецкая Беларусь», пра сапраўдныя абставіны сьмерці Янкі Купалы, зразумела, ні слова. А вось што дакладвалася пра гэтыя абставіны 29 чэрвеня ў апэратыўным данясеньні (“спецсообщении”, як яно называецца) на імя наркама ўнутраных справаў СССР Берыі (з копіямі Сталіну і Молатаву):

«28 июня в 22 часа 30 минут в гостинице «Москва» упал в лестничную клетку и разбился насмерть поэт Белоруссии Луцкевич Иван Доминикович».

Што «спецсообщается» пра Янку Купалу — зразумела. Толькі чаму ён Луцкевіч, а не Луцэвіч? Памыліліся? У данясеньні на імя Берыі з копіяй Сталіну?..

Там падобных памылак быць не магло.

- Ну вядома ж. Хіба ў Купалы, Івана Дамінікавіча Луцэвіча, не было пашпарта, пасьведчаньня? Выбачайце, я знайшоў дакумэнт, дзе пад №20 апісаны нават пачак запалак, адна штука, а пасьведчаньняў розных (апрача пашпарта №І НУ 580393) ажно чатыры. Дык не глядзелі?.. І без таго неяк ведалі, што Луцкевіч?.. Прычым, настолькі ведалі, што менавіта так, Луцкевіч, напісалі прозьвішча не аднойчы, што яшчэ можна было б лічыць памылкай, а праз усё данясеньне: Луцкевіч, Луцкевіч, Луцкевіч…

Давайце зноў зьвернемся да апэратыўнага данясеньня:

«Предварительным выяснением обстановки падения никаких данных, свидетельствующих о насильственной смерти или самоубийстве, не установлено».

Гэткая «пустая» фармулёўка пры данясеньні на самы верх выглядае даволі дзіўнай, бо, як мінімум, не выключае грознага пытаньня зьверху: «Что же вы выясняли вашим предварительным выяснением?» Што вы нам «спецсообщаете?» Што вы там рабілі? У пыл бы пайшлі… Ды падобна на тое, што ніхто не чакаў і не асьцерагаўся ніякіх грозных пытаньняў, нібы там, куды пра гэта дакладвалася, загадзя ўсё вядома.

Чытаем далей:

«Происшествию предшествовали следующие обстоятельства: примерно в 21 час Луцкевич был приглашен в комнату 1034 (десятый этаж той же гостиницы) к проживающему там председателю Союза советских писателей Белоруссии Лынькову, где присутствовали там же писатель Крапива… зав. отделом редакции “Известия” Войтинская. Луцкевич пришел в нетрезвом виде и с присутствующими еще выпил несколько стопок шампанского. Примерно в 22 часа Войтинская и Крапива из номера ушли и минут через 10 после них вышел Луцкевич. Момент и обстоятельства падения Луцкевича никто не видел. Можно предполагать, что упал он с 9-го этажа, так как начиная с 7-го этажа в лестничной клетке обнаружены отдельные капли крови. При осмотре комнаты, занимаемой Луцкевичем, обнаружены около стола две бутылки из-под шампанского и не убранная со стола посуда с запахом вина. Других данных, связанных с происшествием, не обнаружено. Следствие ведет военный прокурор гор. Москвы. Начальник 3 Управления НКВД СССР (Горлинский). №3/3/6661».

Адразу кідаецца ў вочы д’ябальская лічба 666…

- Нават так… Але зьвярніце ўвагу: агледзеўшы пакой, не знайшлі анічога, апроч сьлядоў папойкі, якая роўненька кладзецца ў нібы загадзя падрыхтаваную вэрсію: напіўся — і зваліўся. Апроч блытаніны з прозьвішчам Купалы, яшчэ шмат чаго, напісанага ў гэтым дакумэнце, не супадае са сьведчаньнямі многіх і многіх людзей. Да прыкладу, Пятро Глебка ва ўспамінах сваіх расказвае, як ён гадзін пад дзесяць вечара зайшоў у нумар да Лынькова, дзе праз колькі хвілінаў зазваніў тэлефон. Узяўшы трубку і перадаўшы яе Купалу, Лынькоў папрасіў усіх гасьцей выйсьці на балькон, бо званіў нехта такі, з кім размову Купалы нікому ня трэба было чуць. Пагаварыўшы, Купала адразу пайшоў з нумару, быццам некуды тэрмінова пакліканы…

Па ўскосных сьведчаньнях, у нумар Лынькова званіў Купалу ў той вечар Гарбуноў. Да сакратара ЦК па ідэалёгіі Купала, вядома, мог засьпяшацца — хоць цьвярозы, хоць нападпітку… Але ж Глебка сярод гасьцей нумару №1034 у апэратыўным данясеньні не называецца. Ён што: схаваўся на бальконе і яго не знайшлі? Ці ў пачатку 1960-х гадоў, якімі датуюцца ўспаміны Глебкі, пацягнула Пятра Фёдаравіча на фантазіі, навыдумляў ён нешта — і ў нумары Лынькова яго не было? І не было ніякага тэлефоннага званка?..

Аднак і пра прысутнасьць Глебкі, і пра тэлефонны званок сьведчыла Соф’я Захараўна Касьпіц, жонка Лынькова. Толькі яна сьцьвярджала, што званок быў не ад Гарбунова, а званіла літоўская партызанка Ірэна. Не выключаю, што Купала мог засьпяшацца як да партыйнага сакратара, так і да партызанкі Ірэны, але навошта тады Лынькоў выпраўляў усіх гасьцей на балькон?

- Што яшчэ ў гэтай справе насьцярожвае: ніхто з тых, хто жыў на той час у гатэлі «Масква», не пакінуў падрабязных успамінаў. Як быццам яны ўсе далі падпіску аб неразгалошваньні.

Усё роўна для мяне не зразумела. Ну, вось я сябе бяру. Ну даў я падпіску. Маўчу. Але як не напісаць для сябе, у стол, дзе-небудзь, на будучыню — яны ж літаратары…

- Але ж у «Маскве» тады жылі ня толькі літаратары. У свой час лёс зьвёў мяне з народнай артысткай СССР Ларысай Александроўскай. У зборніку ўспамінаў пра Купалу “Такі ён быў” (1975) яна згадвае, як перад яе ад’ездам Купала ўсё парываўся ёй нешта сказаць, але так і не сказаў. Калі б гэты зборнік выдаваўся цяпер, ва ўспамінах Александроўскай вось што было б напісана: «Разьвітваючыся, ён браўся за рукі, не адпускаў… Казаў: «Ларыса, перапёлачка, ня ехала б ты нікуды, кепска мне будзе… Можа, і ня жыць». Так запісана мной са словаў Ларысы Пампееўны на аркушы паперы, які меўся стаць адной са старонак кнігі яе ўспамінаў…

І далей словы Александроўскай: «Гэта ўстрывожыла мяне, мы тады ўсе былі нэрвовымі — у «Маскве»… Перад самым ад’ездам пра размову з Купалам я сказала Гарбунову. Гарбуноў адмахнуўся, раззлаваўся нават: “Слухай ты яго! Ён усім тое самое кажа». Наўрад ці Купала казаў тое самае сакратару ЦК…

Як я шкадую, што не зрабіў літаратурнага запісу мэмуараў Александроўскай, як яна мяне пра тое прасіла!.. Яна столькі ведала! Аднак, чалавек сталінскіх часоў, Ларыса Пампееўна ставіла такія кансьпіратыўныя ўмовы запісу яе ўспамінаў, што на тое, каб напісаць кнігу, спатрэбілася б гадоў пяць.

- Яна не дазваляла пісаць на магнітафон?

- Ні ў якім разе. І кожны лісток адразу ж забірала дадому. Я ў той час працаваў у Беларускім тэатральным аб’яднаньні, дзе Александроўская старшынявала. Аднойчы з Уладзімерам Іскрыкам (у той час таксама супрацоўнікам БТА, а пазьней работнікам апарату Саўміну) мы ў прысутнасьці Ларысы Пампееўны завялі спрэчку пра аднаго літаратара… ну, назавем яго В.Б.Г. Гэта першыя літары нават ня прозьвішча, а мянушкі чалавека.

- Ну, мянушку хоць назваць можна?

- Добра, назаву. Вершнік без галавы.

Рыгор Бярозкін, па сьведчаньні Валянціна Тараса, «вадзіцелем без галавы» называў Алеся Кучара.

- Ні я, ні ты ня маем на руках ніякіх дакумэнтаў, таму нічога сьцьвярджаць ня можам. Для гэтага патрэбныя неабвержныя факты. Словаў Бярозкіна ці Александроўскай недастаткова. Недастаткова для абвінавачаньняў. Але дастаткова для роздуму, для супастаўленьняў… Дык вось, Александроўская пра В.Б.Г., перапыняючы маю з Іскрыкам спрэчку, раптам сказала: «Ён Купалу й забіў».

Ашаломлены, я вырашыў, што гэты самы В.Б.Г. браў у зьнішчэньні Купалы самы непасрэдны, фізычны ўдзел — і стаў угаворваць Ларысу Пампееўну, каб яна засьведчыла ягонае імя на паперы. Ну, калі ўжо мы сабраліся пісаць кнігу ўспамінаў… Быў пачатак 1970-х, і жанчына сталінскіх часоў паглядзела на мяне, як пазіраюць звычайна на тых, пра каго кажуць: дурны, як сабака да году. Праз паўзу, нібы шкадуючы пра тое, што слова — не верабей, дагаварыла: «Ён напісаў данос, празь які Купалы ня стала».

- Менавіта данос пра тое, што ў акупаваным Менску немцы назвалі імем Купалы вуліцу?

- Як аказалася — так. Але тады я ніяк ня мог зразумець: што ж за данос можна было напісаць на Купалу, які сядзеў сабе ціха на млыне ў Печышчах, у глушы пад Казаньню? І нічога я тады ня мог супаставіць, бо не было чаго з чым. Цяпер ёсьць. Як дэзынфармацыя пра тое, што ў акупаваным Менску зьявілася вуліца імя Янкі Купалы, прайшла на самы верх?.. Чаму яна не правяралася?.. Было ж праз каго пры жаданьні спраўдзіць. Пра Глебчыху я ўжо казаў, ды й другія каналы меліся.

Аркадзь Куляшоў быў перакананы, што Купалу забілі. Месца ў гатэлі «Масква» паказваў: «Вось тут зь ім расправіліся».

Глебка, хоць і асьцярожна, але сьцьвярджаў тое ж.

Пімен Панчанка запісаў у дзёньніку: «Забілі Купалу — заб’юць і мяне». Броўка казаў, што Купала, прыехаўшы ў Маскву, нечага баяўся, асабліва ўначы, і разам з Твардоўскім яны ў яго начавалі, Купала не адпускаў.

- Прадчуваў, што «вуліца Купалы» ў Менску прыдумвалася ня так сабе…

- Ну так, у Купалы была вельмі добрая інтуіцыя. Прадчуваў ня толькі Купала. Ларыса Александроўская расказвала: «Мы тады ўсе былі нэрвовымі…» Не для таго, каб неяк пацьвердзіць яе словы, сумнявацца ў якіх ня маю падставаў, а для большага ўяўленьня пра тое, які настрой панаваў у асяродку беларусаў, што жылі ў гатэлі «Масква», калі там пасяліўся Купала, працытую некалькі сказаў зь ліста жонкі Кузьмы Чорнага да Аксаны Фёдараўны Вечар, жонкі Аркадзя Куляшова. Ліст датаваны 27 чэрвеня 1942 году, калі Равека Ізраілеўна, жонка Чорнага, прыехала з Уральску — за дзень да сьмерці Купалы.

«Дорогие! Приехала в Москву вчера около 5-ти часов дня. Черный меня не встретил… Наконец, он приехал на вокзал вместе с Глебкой, и мы отправились в гостиницу… Я была свидетельницей отвратительной сцены, которую разыграл Б. (П.Броўка. — У.Н.), который называл К. (А.Кучара. — У.Н.) самыми оскорбительными словами, ругался безобразнейшими словами, его едва выпроводили… Потом Лыньков… страдал очень и кончил слезами».

З чаго гэта Броўка, чалавек зусім не брутальны, які назаўтра ж, як піша далей у сваім лісьце Равека Ізраілеўна, прасіў у яе прабачэньня, апраўдваючыся тым, што ў яго нэрвы расхадзіліся, раптам на ўсіх разлаяўся — найбольш на Лынькова, старшыню Саюзу пісьменьнікаў? І чаму ён зьневажаў Кучара?.. Чаму яны ўсе такія нэрвовыя: «ругаются безобразнейшими словами, страдают очень и кончают слезами?».. Ці не таму, што ўсе яны здагадваюцца ці нават ведаюць пра небясьпеку, якая навісла над Купалам? Ці не пра гэта крычыць Броўка ўсім — і найперш Лынькову: «Ды зрабіце вы што-небудзь!..» І ўсё гэта, урэшце, ці не таму, што зьместам даносу, які напісаў В.Б.Г. на Купалу, якраз і была дэзынфармацыя пра вуліцу, названую немцамі, фашыстамі, ворагамі імем народнага паэта, ордэнаносца, ляўрэата Сталінскай прэміі?

Хутчэй за ўсё, праз свайго кампэтэнтнага даносчыка самі кампэтэнтныя органы гэтую дэзу і запусьцілі. Альбо ўгадаў ён іх патаемныя пажаданьні — ёсьць у лёкаяў такая ўласьцівасьць, здольнасьць: наперад угадваць жаданьні гаспадароў. Навошта ж гаспадарам, кампэтэнтным органам такое пераправяраць? Калі гэта для іх, як кажуць, самае тое… Калі з гэтага вынікае, што ў адносінах да Купалы, які быў і застаецца ідэолягам «нац.-фашызму», адны яны, кампэтэнтныя органы, былі празорлівымі, патрабуючы для яго неадкладнай кары. А сьляпымі былі, памыляліся, гуляючы зь ім у званьні і ўзнагароды, — хто?.. Ды яшчэ падбілі да гульні, да памылкі — каго?.. Пра гэта ўжо нават падумаць страшна… Але ж Цанава дакладваў Панамарэнку (і якраз тады, калі з Купалам у самыя высокія ўзнагароды гуляліся), што як раней друкаваліся вершы Купалы ў нацдэмаўскіх газетах побач з партрэтам Пілсудзкага, так цяпер у нац.-фашыстоўскай газэце «Раніца» — побач з партрэтам Гітлера.

- Кузьма Чорны праз два гады пасьля падзеяў занатаваў у сваім дзёньніку рэакцыю Глебкі на сьмерць Купалы: «Ён жыў як паэт і памёр як паэт». Падзеньне з 10 паверху лічылася годным для паэта фіналам… Атрымліваецца, што самагубства Купалы задавальняла ня толькі афіцыйныя ўлады, але й другі бок?

- Яно задавальняла сапраўды ўсіх. Яно не дазваляла рабіць з Купалы легенду, што было небясьпечна. Што ж тут гераічнага — напіўся й зваліўся… Гэтым правакацыйным ходам спэцслужбы нарэшце давялі справу да канца. «А мы ж паведамлялі…» А тут атрымалася, што ня толькі Панамарэнка памыліўся, а і той, хто памыляцца ня можа, хто прымаў рашэньне аб узнагароджаньні Купалы ордэнам Леніна.

- Таварыш Сталін?

- А што безь яго тады вырашалася? «Вы каго, таварыш Панамарэнка, падставілі?!» А няма чалавека — няма праблемы. І памылак няма.

- Мне прыгадаўся верш Яўгенія Яўтушэнкі пра сьмерць другога паэта — Марыны Цьвятаевай: «Ёсьць толькі забойствы на сьвеце, запомніце. Самазабойстваў наогул няма!» Гэта што да афіцыйнай вэрсіі пра Купалава самагубства. Скажыце, а вы асабіста верыце, што таямніца сьмерці Купалы будзе раскрытая? Мне здаецца, чым больш мінае, тым менш на гэта застаецца шанцаў.

- Можа, хай і застанецца легендай. Але ня толькі легендай, але й падставай для роздуму ўсім тым, хто займаецца літаратурай: як мы гэтым займаемся й дзеля чаго? Каб урэшце ня стаць на дзясятым паверсе й не зірнуць у лесьвічны пралёт…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]