Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Загінулы ў Сірыі гарадзенец быў камандзірам роты выведкі

28.06.2016 общество

Да Сірыі ягонае падраздзяленне адзначылася пад Дэбальцавам на Данбасе.

Паведамленне аб пахаванні расейскага вайскоўца з Гародні, які нібыта загінуў у Сірыі, абляцела ў мінулую пятніцу амаль усе беларускія інфармацыйныя рэсурсы. «Белсат» здолеў даведацца, дзе служыў Уладзімір Бекіш і пры якіх абставінах ён загінуў.

Камандзір выведнай роты і «баявыя бураты»

Па-першае, Уладзімір Бекіш не быў пілотам, як гэта сцвярджалася на пачатку. Гарадзенец выявіўся падпалкоўнікам наземных войскаў РФ, ягоная спецыяльнасць - вайсковая выведка. На пачатку 2016 года, згодна з інфармацыяй з ягонага профілю ў сацыяльных сетках, Бекіш быў камандзірам выведнай роты 5-й Асобнай танкавай брыгады (АТБр), вайсковая частка 46108.

Падраздзяленне базавалася ў Бураціі. Там жа, у горадзе Улан-Удэ, Бекіш і жыў. Дарэчы, менавіта 5-я АТБр, сфармаваная пераважна з «баявых буратаў», стала вядомай пасля баёў пад Дэбальцавам у лютым мінулага года.

Памятаеце відэа і фота з абгарэлым расейцам у апёкавым цэнтры ў Данецку (жаўнера наведаў Іосіф Кабзон)? Гэты бурат быў байцом брыгады, у якой служыў Бекіш.

Тады, пад Дэбальцавам, спецвойскі ваеўнікоў ДНР перацялі выхад з места для вялікай колькасці ўкраінскіх вайскоўцаў. Калі тыя пачалі прарывацца з атачэння - пачалася сапраўдная калатня, у якой сярод іншых загінуў і намеснік начальніка сіл АТА. На ўтрыманне пазіцый на дапамогу ваеўнікам Расея накіравала танкавы батальён 5-й АТБр, які на той момант ужо некалькі дзён знаходзіўся на Данеччыне.

Ці быў там Бекіш? Дакладна невядома, але, улічваючы пасаду і вайсковую спецыяльнасць, - вельмі імаверна. Сітуацыю дапаўняюць антыўкраінскія допісы ў ягоным профілі ў «Аднакласніках». Пад адной з фатаграфій - подпіс: «Калі мяркуеш, што трэба ісці на Кіеў, каб «вызваліць краіну ад злачыннай бандэраўскай улады» - стаў «упадабанне». Бекіш «упадабаў», хоць да Кіева так і не дапяў.

Смерць Бекіша - чарговы довад расейскай прысутнасці ў Сірыі?

Што наконт Сірыі? У снежні 2015 года СМІ ўжо паведамлялі пра знішчэнне там курдскімі вайскоўцамі беларуса Дзяніса Васільева, які меў аўстрыйскае грамадзянства і ваяваў на баку Ісламскай Дзяржавы. Калі меркаванне пра смерць Бекіша ў Сірыі пацвердзіцца, гэта будзе ўжо другі вядомы выпадак загубы беларуса на гэтай вайне.

«Калі падпалкоўнік Бекіш загінуў менавіта ў Сірыі - гэта становіцца 100%-м довадам удзелу сухаземнага кантынгенту РФ у вайне на баку Асада», - тлумачыць прадстаўнік ініцыятывы «InformNapalm» Дзяніс Івашын.

За ўвесь гэты час Расея прызнала выкарыстанне ў Сірыі выключна авіяцыі, якая наносіла ўдары па супраціўніках Асада і па цывільным насельніцтве. Удзел сваіх наземных частак Расея заўсёды аспрэчвае.

Са слоў Івашына, з пачатку расейскай інтэрвенцыі ў Сірыю ў верасні 2015 года, шляхам маніторынгу і аналізу толькі публічных крыніц было выяўлена 16 наземных падраздзяленняў з розных акруг РФ. Прыблізна ў красавіку 2016 года туды ж былі перакінутыя і вайскоўцы 7-й Асобнай танкавай брыгады Цэнтральнай вайсковай акругі з горада Чабаркуля, якія дагэтуль бралі чынны ўдзел у вайне на Данбасе. Нагадаем таксама, што яшчэ ў сакавіку Мінабароны РФ заяўляла пра вывад сваіх вайскоўцаў з Сірыі.

«Цалкам магчыма, што для ўмацавання вайсковых злучэнняў, якія ваююць на баку Асада, былі прыцягнутыя і вайскоўцы 5-й АТБр разам з выведнай ротай падпалкоўніка Бекіша. Улічваючы, што гэтая брыгада, як і 7-я АТБр, мае значны баявы досвед дзякуючы ўкраінскай кампаніі - канкрэтна ў баях пад Дэбальцавам, - гэтая версія набывае сур'ёзнае пацвярджэнне», - кажа Івашын.

Канец месячнай выправы

Дзе і пры якіх абставінах мог загінуць Бекіш у Сірыі? На могілках у Авульсе, дзе быў пахаваны падпалкоўнік, нам сустрэўся рабочы, які нібыта быў на пахаванні і чуў размовы прысутных. Паводле ягоных слоў, вайсковец стаў ахвярай партызанаў, якія напалі на яго блок-пост. Спраўдзіць такую інфармацыю, ведама ж, цяжка.

Значна больш імаверна, што Бекіш мог быць забіты падчас нядаўняга няўдалага наступу войскаў Асада і ягоных хаўруснікаў на кірунку Ітрыя-эр-Рака. Ісламскія сайты паведамляюць пры гэтым, што ёсць ахвяры менавіта сярод «расейскіх кафіраў» («няверных»). У якасці доваду ісламісты падаюць здымкі спаленай расейскай тэхнікі і фота з тэлефона аднаго з забітых. Згодна з шыльдай на магіле, Бекіш загінуў 19 чэрвеня. Паводле інфармацыі сайта «КавказЦентр», найбольш зацятыя баі пад эр-Ракай прайшлі 20-га.

Аб выправе Бекіша ў Сірыю, куды той з'ехаў тры тыдні таму, на сайце «Хартыі-97» у каментарах напісала нейкая спадарыня Людміла. Калі ўлічыць, што на свой профіль у «Аднакласніках» падпалкоўнік апошні раз заходзіў 19 траўня - роўна за месяц да загубы, напэўна, перад самым выездам у краіну прызначэння, - усё стасуецца.

Загадкавыя генералы

Некалькі слоў варта сказаць і пра ўзнагароды Бекіша. Аб некаторых з іх мы можам меркаваць праз фатаграфіі з жалобнай працэсіі, якую вайскоўцы (спачатку расейскія, а потым і беларускія) не далі зняць фотакарэспандэнтам.

Падпалкоўнік быў узнагароджаны медалямі «За выдатную вайсковую службу», медалём Суворава і «За адвагу». Апошняя ўзнагарода - адназначна баявая. Медаль Расейскага міністэрства абароны «Удзельніку вайсковай аперацыі ў Сірыі» афіцэр, мяркуючы з усяго, так і не паспеў атрымаць: выправа нечакана абарвалася.

На пахаванні не было вайсковага аташэ РФ Максіма Казанцава, як не было і камбрыга 5-й АТБр або начальніка 36-й арміі. Затое былі два расейскія генерал-маёры. Прыехалі яны на самаходзе з дыпламатычнымі нумарамі, але кім яны былі? Невядома. У кожным выпадку, пра пэўны маштаб фігуры Бекіша сведчыць тое, што генерал-маёры ў РФ зазвычай камандуюць дывізіямі (а гэта блізу 15 000 асабовага складу).

У гісторыі з Бекішам пакуль больш пытанняў, чым адказаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]