Сення ў чарговы раз па Мінску прайшлі танкі.
Частка цэнтральнага праспекту пасля гусеніц ваеннай тэхнікі ў чарговы раз ператвароцца ў «пральную дошку». Цікава, ці закладаецца адразу ў бюджэт параду рамонт вуліц, па якіх ён праходзіць?
І яшчэ больш цікава: што і каму мы хочам гэтым паказаць? Навошта нам гэтае бразганне зброяй?
Падаецца, Лукашэнка ўжо сказаў усяму свету: наша войска моцнае. На «ўсебеларускім сходзе» ён зазначаў, што ў краіне прынятая новая ваенная дактрына, згодна з якой, сярод іншага, беларускае войска можа адказваць ударам на ўдар нават па тэрыторыі супольных краін. У нас, маўляў, ёсць для гэтага выдатная зброя — «Паланезы», якія прайшлі ўсе выпрабаванні, пацвердзілі сваю дакладнасць, пад іх прыцэлам апынаюцца амаль усе сталіцы прылеглых да нас дзяржаў. За выключэннем Масквы, зразумела, піша novychas.by.
Расійскія СМІ ў засмучэнні і радасці адначасова. Засмучаюцца тым, што доўга вагаліся, прадаваць Беларусі «Іскандэры», ці не. Так доўга, што Беларусь займела ўласны ракетны комплекс, і патрэба ў «Іскандэрах» адпала. Што значыць — Масква ўпусціла шанец зарабіць грошай.
А радуюцца, бо «свае «Паланезы» беларусы паабяцалі нацэліць на камандныя пункты злучэнняў хуткага рэагавання NATO, польскія, а таксама літоўскія палігоны».
Па-першае, радасць заўчасная: пакуль гэтыя комплексы толькі паступаюць на ўзбраенне, і куды яны будуць нацэленыя, яшчэ пытанне. А па-другое, няўжо яны думаюць, што наша ракетная праграма на гэтым скончылася?
Наступным яе крокам, як лічыць вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў, можа быць стварэнне ў Беларусі ўласных крылатых ракет. На вялікія і здзіўленыя вочы аўтара гэтых радкоў эксперт зазначыў: нічога дзіўнага тут няма. У мінулым годзе Лукашэнка наведваў Пакістан, дзе дамовіўся, сярод іншага, і пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Не прайшло і трох месяцаў (!), як у Мінску са зваротным візітам быў прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф. Пакістан, як зазначыў Паротнікаў, стварыў свае крылатыя ракеты на базе заходніх прататыпаў і ўкраінскіх рухавікоў. А ўкраінскія рухавікі для крылатых ракет зараз вырабляюцца на Аршанскім авіярамонтным заводзе.
Так што калі пад прыцэлам беларускіх ракет, услед за краінамі Балтыі, Украінай і Польшчай, апынецца Масква — гэта толькі пытанне часу. І не трэба нікому нічога даказваць і псаваць асфальт на галоўных транспартных артэрыях Мінска.
Вайна зараз вядзецца не ракетамі. Ну, прынамсі, не толькі ракетамі.
Гады два таму Лукашэнка зрабіў слушную выснову з крымскіх падзеяў. Чаму Украіна ўпусціла Крым? Таму што яго не баранілі. А чаму яго не баранілі? Таму што не было каму і за што змагацца. Таму што наша паўднёвая суседка загразла ў карупцыі, была раздзярбаненая алігархічнымі кланамі, чыноўнікі не звярталі ўвагу на народ, не выконвалі свае абяцанні. І народ вырашыў, што «ў Расіі жыць будзе лепш».
Тады ж Лукашэнка казаў, што, каб ва Украіне была моцная эканоміка, народ бы сам не дапусціў бы ані захопу Крыму, ані падзеяў у Данбасе.
А ці лепшая ў нас сітуацыя за Украіну пачатку 2014-га? Там нават у «дэпрэсіўным» Крыме сярэдні заробак складаў прыкладна 350 долараў. У нас зараз заробак, эквівалентны 200 доларам, лічыцца за шчасце. У нас «кадравы голад» настолькі вялікі, што Лукашэнка вызваляе асуджаных карупцыянераў указамі аб памілаванні — і адразу ж прызначае на кіруючыя пасады. Чыноўнікі больш заклапочаныя тым, каб спадабацца «правадыру», а стваральнікаў патрыятычных сайтаў садзяць у турмы.
Згодна апытанню НІСЭПД, 87,8% беларусаў прызнаюць наяўнасць крызісу ў сінявокай. 69,7% не лічаць, што іх меркаванне ўплывае на прыняцце рашэнняў (гэта да таго, як чыноўнікі «чуюць» народ). І толькі 28,5% апытаных ва ўзросце 18–29 гадоў заявілі, што не хацелі б з’ехаць з краіны. То бок 70% моладзі, каб была магчымасць, пакінулі б радзіму без ваганняў.
Хто будзе бараніць такую краіну ў выпадку агрэсіі? У самым прымітыўным выпадку: ці будзе каму кіраваць тымі «Паланезамі» ў час ваенных дзеянняў? Ці нашы войскі тэрытарыяльнай абароны, як той герой анекдоту, на пытанне, куды пісаць, адкажуць: «Мама, пішыце адразу ў палон»?
Каб народ бараніў радзіму, трэба, каб было што бараніць. Але адказ на гэтае пытанне не даў нават Усебеларускі сход, які шмат у каго выклікаў аналогіі са з’ездамі КПСС часоў застою. На сходзе маляваліся далягляды цудоўнай будучыні, але так і не было сказана, калі і якім чынам мы гэтай будучыні дасягнём. Не было нічога, апроч лозунгаў «палепшыць, паглыбіць, пашырыць».
На «з’езд КПСС» краіна змарнавала каля 2 мільёнаў долараў. Прыкладна ў мільён абыдзецца парад. А яшчэ прыкладна мільён долараў каштуе 1 кіламетр якаснай дарогі. І гэта ў той час, калі людзі па капейчыне збіраюць грошы хворым дзецям на аперацыі ці на лекі.
Няўжо мы такія багатыя?