Дыктатуры жывуць звычайна год дванаццаць. Палітолагі даўно ўжо гэта падлічылі. Нядоўгі век, бясслаўны шлях.
А потым недарэчнае ўтварэнне так ці інакш знікае. І толькі наша ўпартая сістэма б’е ўсе рэкорды. Ёй ужо шаснаццаць. Плод пераспеў. Але хоча затрымацца і на яшчэ адзін пяцігадовы тэрмін.
Падобна на тое, што правіцеля перад чарговымі выбарамі надта непакоіць рэальная верагоднасць пазбавіцца падтрымкі ўсходняга суседа. І мітусня апошніх дзён на вышэйзгаданым накірунку пра тое яскрава сведчыць. На першы погляд у дзеяннях улады няма ніякай логікі. Яшчэ мінулаю зімой гучалі такія хваласпевы на адрас мытнага саюза, што варта было чакаць і новых адпаведных усплёскаў інтэграцыйнай энергіі. Але энтузіязм раптам згас. Не хапіла паліва. А дакладней, таннай нафты, на якую так разлічвалі, уступаючы ў чарговы імперскі хаўрус. І начальнік краіны нават свайго прэм’ера не пусціў у Пецярбург на падпісанне мытнага кодэкса саюза. Расія і Казахстан выказалі здзіўленне, але патрэбныя паперы падпісалі. Паміж сабою. Атрымаўся “саюз трох мінус адзін”.
Здавалася б, усё тут зразумела. Беларуская ўлада ўбачыла, што нафты па ўнутрырасійскіх цэнах, на якую так разлічвалі, не будзе ні пры якім раскладзе. І Беларусь у такім разе ад імперскіх гульняў рашуча дыстанцуецца. Ажно не! Колькі таго часу прайшло, а ўсё той жа надзвычай горды прэм’ер сеў да тэлефона і пачаў пераконваць маскоўскае начальства, што ён не хоча быць “магільшчыкам саюза”. І навошта ім тады спатрэбілася папярэдняя гульня, амаль дзіцячая па сваёй наіўнасці? Спадзяваліся суседа напалохаць?
Так, яны спрабавалі стварыць нейкую стратэгію альтэрнатыўнай эканомікі, не завязанай толькі на расійскія субсідыі. Але занадта позна. І не тымі сродкамі. Разварот краіны ў заходнім накірунку амаль адразу захлынуўся. Не паверылі там у шчырасць памкненняў дыктатара, які не пажадаў ахвяраваць ніводным са сваіх сумніўных дасягненняў. І з выратавальнай венесуэльскай нафтай пакуль болей крыку, чым рэальных вынікаў. Прарыў легендарнага танкера ад брата Уга ледзь не да Мазыра ніякім чынам Маскву не ўразіў. Там дакладна падлічылі, што гэткі транзіт нафты беларускія праблемы ніяк не вырашае. Расійскія чыноўнікі нікуды не спяшаюцца. Яны добра ведаюць, што Беларусі патрэбны 20 мільёнаў тон нафты. І ганарысты партнёр па мытнаму саюзу нікуды не падзенецца.
Прэзідэнцкія выбары пакуль яшчэ нават не абвешчаны. Але ж яны паціху набліжаюцца. А якой-небудзь пераканаўчай косткі для электарату пакуль яшчэ няма нават у праекце. І недзе на восеньска-зімовым даляглядзе паволі акрэсліваецца ўжо зусім рэальная пагроза. Зразумела, яна не ў тым, што вышкалены апарат не наважыцца абвесціць найвышэйшыя паказчыкі поспеху адыёзнай улады. А вось ці паспяшаецца і гэтым разам іх прызнаць Расія? Калі не, тады і насамрэч нядоўгім будзе баль.
Для правіцеля ніякага выйсця з гэтай прыкрай сітуацыі няма. І не прадбачыцца. Акрамя ўсё таго ж абрыдлага, старога. Зноў давядзецца ісці на паклон да Масквы. Прыніжана прасіць. Нафтавы афшор, на якім грунтуецца тутэйшая эканоміка, без таннай расійскай сыравіны існаваць не можа. У спекуляцыях прадуктамі яе перапрацоўкі і віртуозным размеркаванні прыбыткаў, у тым ліку і ў патрэбныя кішэні, крыецца загадка даўгалецця гэтага непрывабнага рэжыму. І ягоная славутая “непрадказальнасць” таксама.
Усё тут проста і зразумела. Яшчэ зусім нядаўна грымелі грамы і сыпаліся маланкі на галаву каварнага суседа, які не хоча падтрымаць саюзніка памяркоўнымі цэнамі на энерганосьбіты. У каторы раз было выказана палымянае абяцанне сысці ў зямлянкі. І раптам – цішыня. І зноў старая шчымлівая мелодыя: “Если Россия будет поставлять на равных условиях по внутрироссийским ценам газ в Беларусь – берите контрольный пакет “Белтрансгаза”. Мы не против. То же самое по нефтеперарабатывающим заводам: дешевая нефть в обмен на хорошие условия”. І на які час будзе яму тая “танная” нафта? Да выбараў? Да скону дзён?
Аднак і гэты праект пажыццёвай халявы безнадзейна запазніўся. Расія з яе алігархічнай эканомікай даўно ўжо зарыентавалася на атрыманне рэальных дывідэндаў ад сваіх замежных здзелак. У тым ліку і з гэтым рэжымам. Ён жа сам як апантаны лез ва ўсе расстаўленыя пасткі. І цяпер Масква цудоўна ведае пра яго сапраўдны стан. І будзе гэтым карыстацца. Правіцель, магчыма, нават не заўважыў, як у выніку сваёй інтэграцыйнай дзейнасці апынуўся ў поўнай залежнасці ад Крамля. А ягоныя гучныя воклічы пра самастойнасць у гэтым змрочным кантэксце выглядаюць вартымі жалю.
За мінулыя шаснаццаць год кіраўнічая кагорта паказала, на што яна здатная. Сумнае відовішча. І не варта было б так упарта чапляцца за ўладу. Ну, не атрымалася – што тут зробіш. Не за сваё ўзяліся. Калі там і былі неблагія адмыслоўцы, то і яны нічога адметнага не змаглі зрабіць. Іх волю і здольнасці паралізаваў бязмежны страх, які пануе ў гэтай жорсткай вертыкалі.
Краіне тэрмінова патрэбна новая каманда. Не звязаная ні з кім сумніўнымі абавязацельствамі і паспешлівымі абяцаннямі. Пазбаўленая старых ідэалагічных забабонаў. Здольная весці палітыку адкрытую, прадказальную, у інтарэсах народа Беларусі. Наперадзе процьма цяжкай працы. Нявырашаных праблем. Няздзейсненых праектаў. Усё гэта не пад сілу зморанай, затурканай уладзе.
Ды што там гаварыць! У наш час у кіраўнічым крэсле сядзець так доўга непрыстойна. Два тэрміны – і ідзі сабе куды заўгодна. Краіна стамілася ад нязменнага правадыра. А яшчэ больш ад празмернай ношы стаміўся ён. Калі ўвесь час чалавеку мрояцца натаўскія танкі і зямлянкі, трэба адпачыць. Яму ад бязмежнай ўлады. І Беларусі ад яго.
Як там калісьці спявалі ў нашым краі? Пранясі, Божа, хмару…