У Віцебску праходзяць пікеты ў падтрымку актывістаў БХД Таццяны Севярынец і Алены Шабуні.
У Віцебску праходзяць пікеты ў падтрымку прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяны Севярынец і Алены Шабуні, якія вылучаюцца, адпаведна, па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 і Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19, піша сайт bchd.info.
Пікеты праходзяць на акругах, дзе апошнія гады актыўны працавалі актывісткі, таму іх тут добра ведаюць і памятаюць.
Разам з тым, адзначае каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласці, для некаторых жыхароў мікрараёну Білева стала адкрыццём тое, што з бел-чырвона-белым сцягам можна бесперашкодна стаяць у пікеце.
«У Білева няма аніякіх месцаў адпачынку, і на выходных і ўвечары ўсе сядзяць па дамах, нехта наважваецца ехаць у цэнтр. Мінакі рэдкія, бягуць у краму ці ў адваротным накірунку з поўнымі пакетамі, спяшаючыся праскочыць паміж дажджамі. Цікаўных няшмат. Заклікаем, запрашаем да стэнду, просім падтрымаць. Узгадваюць, пазнаюць, падпісваюцца, цікавяцца, калі ж нарэшце тут з’явяцца паліклініка, дзіцячы сад, школа», — распавяла Таццяна Севярынец.
Паводле яе, у Віцебску нашмат эфектыўней за пікеты кампанія «ад дзвярэй да дзвярэй», тым больш што «страх прылюдна падтрымаць апазіцыйнага прэтэндэнта яшчэ непераадольны». Але ж рабіць пікеты трэба, каб выціскаць страх з сэрцаў віцеблян, упэўненая каардынатар БХД.