22-23 ліпеня на сцэне Барык каля Гарадка на Падляшшы 27 раз будзе праходзіць Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».
Беларускае «Радыё Рацыя» сёлета ўпершыню будзе праводзіць жывую відэатрансляцыю з фестывалю.
Праграма (польскі час)
22.07
16:30-19:00 Конкурс маладых гуртоў
19:00-20:00 Гогодзи Ганскі
20:00-21:00 Ilo & Friends
21:00-22:00 Наві
22:00-23:00 Re1ikt
23:00-00:30 Крамбамбуля
00:30-01:10 Hańba!
01:10-01:50 Дзецюкі
01:50-02:30 Hańbuki
02:30-06:00 DJ Wiata: Ludwik Zamenhof
23.07
18:00-18:30 Лаўрэат Конкурсу маладых гуртоў
18:30-19:30 :Б:Н:
19:30-20:30 Tonqixod
20:30-22:00 Jazzombie
22:00-23:00 Erik & the Worldly Savages
23:00-00:00 Zero – 85
00:00-01:30 Брутто
01:30-02:30 Znich
Плакат «Басовішча» проста з друкарні, яшчэ пахне фарбай
Пра тое, што чакае гасцей фестывалю, распавяла адная з арганізатарак «Басовішча» Ганна Пякарская.
- Як ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства? І, перадусім, усе мы чакаем добрага надвор’я.
- Усе гавораць, што няма «Басовішча» без дажджу. Але беларусы – моцны народ. І дождж нас не палохае. Што тычыцца беларускіх зорак, якія завітаюць на «Басовішча», у пятніцу выступіць Лявон Вольскі з «Крамбамбуляй», Наві, таксама ў пятніцу выступяць Hańbuki – гэта вельмі цікавы супольны праект польскага гурта Hańba! і беларускіх «Дзецюкоў» . У суботу выступіць гурт «Брутто».
- Што чакае нас у конкурснай частцы?
- У конкурсны дзень выступіць пяць калектываў. Вельмі моцны састаў. Нагадаю, што 19 лютага мы зрабілі «Адборышча» ў Менску. На ўдзел у конкурс было пададзена 40 заявак. У журы фестывалю будуць прадстаўнік ад Беларускага «Радыё Рацыя», прадстаўнік ад арганізатараў, «Тузіна хітоў» і «Еўрарадыё». Акрамя таго, будуць вядомыя музыкі.
- Якія яшчэ мерапрыемствы чакаюць тых, хто прыедзе на «Басовішча»?
- Пачынаем мы ў суботу ў 11 гадзін з «Беларускіх анімацый» – будзем паказваць стужкі, якія ў мінулым годзе нам прывёз Аляксандар Памідораў. Пасля адбудуцца спартовыя спаборніцтвы. Затым запрашаем на тэатральныя варштаты. У 15.45 будзе спектакль Асі Стэльмашук-Троц «Ксенія». А пасля адбудзецца паказ стужкі нямецкіх дакументалістаў.
- Як выглядае сёлета сітуацыя з візавай падтрымкай?
- Кожны год для нас узнікаюць складанасці з візамі для тых, хто хоча трапіць на «Басовішча». Але вырашаем не мы, а консул. Яшчэ ў лютым пачаліся нашыя перамовы з беларускімі партнёрамі наконт візаў. На жаль, супрацы не атрымалася. Таму сітуацыя з візамі вельмі непрыемная для нас. Мы можам толькі прасіць прабачэння ў людзей, але мы зрабілі ўсё, што маглі.
- Калі адкрываецца намётавае мястэчка?
- Афіцыйна для гасцей яно адкрыецца ў пятніцу а 12-й гадзіне. На жаль, кошт намётавага мястэчка сёлета мы вымушаныя былі падняць да 30 злотых. У гэтым годзе не хапае сродкаў, таму не было іншага выйсця. Але прыехаць можна крыху раней, ніхто не будзе лічыць грошай за ноч з чацвярга на пятніцу, калі вы паставіце там сваю палатку раней.