22-23 ліпеня на сцэне Барык каля Гарадка на Падляшшы 27 раз будзе праходзіць Фестываль Музыкі Маладой Беларусі «Басовішча».
Селета ўпершыню з фестывалю «Басовішча» будзе весціся жывая відэатрансляцыя, якую можна будзе паглядзець толькі на сайце «Радые Рацыя».
У пятніцу, 22 ліпеня, трансляцыя пачнецца а 17:30 паводле беларускага часу, у суботу, 23 ліпеня, трансляцыя фестывалю працягнецца ад 19:05 (беларускага часу) да выступу апошняга гурту.
Праграма (польскі час)
22.07
16:30-19:00 Конкурс маладых гуртоў
19:00-20:00 Гогодзи Ганскі
20:00-21:00 Ilo & Friends
21:00-22:00 Наві
22:00-23:00 Re1ikt
23:00-00:30 Крамбамбуля
00:30-01:10 Hańba!
01:10-01:50 Дзецюкі
01:50-02:30 Hańbuki
02:30-06:00 DJ Wiata: Ludwik Zamenhof
23.07
11:00 Беларуская анімацыя (WОР)
12:00 Спартыўныя спаборніцтвы (WОР)
13:30 Лет над уяўленнем (сцэна ля водасховішча)
15:45 Тэатр Czrevo «Ксэня» (Гмінны цэнтра культуры)
17:00 Фільм «Басовішча» (WOP)
18:00-18:30 Лаўрэат Конкурсу маладых гуртоў
18:30-19:30 :Б:Н:
19:30-20:30 Tonqixod
20:30-22:00 Jazzombie
22:00-23:00 Erik & the Worldly Savages
23:00-00:00 Zero – 85
00:00-01:30 Брутто
01:30-02:30 Znich
Ва ўрочышчы Барык, што ў Гарадку побач з польска-беларускай мяжой, ідуць апошнія прыгатаванні да Фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2016».
Адна з арганізатараў «Басовішча» Ганна Пякарская расказала журналістам:
«Амаль усе гурты, якія сення выступаюць, ужо даехалі да нас. Пакуль няма ўкраінцаў. Ужо пачаліся рэпетыцыі. З кожнай хвілінай набліжаецца пачатак «Басовішча-2016».
Традыцыйна «Басовішча» стартуе конкурсам маладых беларускіх гуртоў, кажа адна з арганізатараў Дар’я Вапа: «Конкурс пачнецца ў 16.30. Выступіць пяць беларускіх гуртоў. Вынікі конкурсу, як заўседы, агучаць у суботу. Тады ж будзе і канцэрт лаўрэатаў».
Пасля конкурснай часткі на сцэну ў Барыку выйдзе ўкраінскі гурт «Gogo Dzyganski», у якім граюць музыкі з іншага вядомага гарадоцкай публіцы гурта «Пэркалаба». Выступяць таксама «Іло энд Фрэндс», «Наві», «Рэлікт», «Крамбамбуля», польскі гурт «Ганьба”»і гарадзенскія «Дзецюкі». На завяршэнне зайграюць «Ганьбюкі» – кааператыў музыкаў гуртоў «Ганьба» і «Дзецюкі».
З аўторка група маладых людзей з Беларускага аб’яднання студэнтаў рыхтуе фестывальную пляцоўку. Актывісты ў Барыку будуюць зону гульняў – гэтак званае «БАСмежжа», агароджваюць наметавае мястэчка ды ўпрыгожваюць сцэну.
Расказвае Дар’я Вапа: «Сцэна ўжо амаль гатова, яе зрабілі нават хутчэй, чым у мінулыя гады. Ужо ўсталявалі туалеты і душы. Апошняе, што засталося, гэта «БАСмежжа» – тэрыторыя, дзе можна будзе адпачыць ад канцэрта, тут будзе знаходзіцца кухня і вегакухня – адмыслова для вегетарыянцаў».
Усім, хто збіраецца перасякаць мяжу па дарозе на «Басовішча», варта ўлічыць, што з 16-й да 17-й па беларускім часе рух аўтатранспарту ў пункце пропуску будзе абмежаваны.
22-га ліпеня ў Гародні будзе праходзіць трэці этап міжнароднай велагонкі «Неман». Мытнікі адзначаюць, што вялікіх ускладненняў кіроўцы не сустрэнуць.
Гаворыць Катажына Здановіч з Падляшскай памежнай службы: «Ужо не ў першы раз праз памежны пераход у Кузніцы будуць праязджаць раварысты і, вядома, велагонка праедзе вельмі хутка, памежны кантроль яны пройдуць раней і трэба будзе проста дазволіць тым раварыстам праехаць праз мяжу».
Беларускі бок таксама абяцае, што абмежаванні будуць кароткатэрміновыя –кажа прэс-скаратар Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Цішчанка: «Гэта часовае мерапрыемства, прапусцяць прабег і ўсе адновіцца. Там дастаткова рэсурсаў каб урэгуляваць гэтыя пытанні і людзі асабліва не адчуюць гэтага. Проста ўдзельнікаў прабегу прапусцяць у першачарговым парадку дый усе».
Пасля 17-й па беларускім часе ў пятніцу, 22 ліпеня, рух аўтамабіляў у пункце пропуску Кузніца-Брузгі адновіцца.