Рэпартаж з Беластоку, дзе прайшоў першы дзень «Басовішча-2016».
22-23 ліпеня на сцэне Барык каля Гарадка на Падляшшы 27 раз праходзіць Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».
Як прайшоў першы дзень паведамляе «Радыё Рацыя».
На фестывалі выступілі Dzieciuki – беларускі фольк-панкавы гурт з Гародні. У гурце аб’ядналіся музыкі з розных гарадзенскіх каманд. Іх першыя песні з сінглу «Гарадзенскі гармідар» (2012) імгненна разляцеліся па cеціве. У сваім творчым маніфесту музыкі адзначаюць: «Мы — шчырыя рамантыкі, неабыякавыя да мінулага, сучаснага і будучага свайго краю, якія не ведаюць слова «памяркоўнасць», якія маюць жаданне абуджаць тыя самыя пачуцці ў іншых людзях».
Чарговым выступоўцам быў прадстаўнік Польшчы. Гурт Hańba! – гэта адмысловая музычная машына часу, якая пераносіць слухача ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя на кракаўскі падворак. Гурт у сваёй музыцы спалучае панк і фолк і зачароўвае гукамі банджа і акардэону.
Cэт граў хэдлайнер канцэрту «Крамбамбуля». Стыль гурта можна ахарактарызаваць як поп-рок з іранічнымі тэкстамі, якія часта парадзіруюць жыццё пост-савецкага грамадства.
Пасля выступу «Крамбумбулі» лідэр гурту Лявон Вольскі сказаў: «Гэта адзін з нашых выступаў на «Басовішчы». І тут адметная роля публікі… У плане арганізацыі, натуральна, змены заўважаюцца, бо час не стаіць на месцы. Цывілізацыя».
На пытанне, што будзе далей з «Крамбамбуляй», то, паводле лідара гурту, гэта не апошні іх канцэрт.
Наступным выканаўцам быў гурт Re1ikt, які гарманічна спалучае моцную энергетыку з арыгінальным гучаннем. Па сваёй стылістыцы гурт блізкі да такіх накірункаў, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock.
Свой сэт граў Navi – леташні лаўрэат конкурса маладых выканаўцаў «Басовішча». Менскі дуэт Navi складаюць музыкі Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка. На рахунку дуэта перамогі ў буйных музычных конкурсах, выступленні на адной сцэне з зоркамі шоу-бізнесу, удзел у гучных фестывалях і тэлевізійных праектах, а галоўнае – прызнанне публікі.
Гурт Ilo & Friends, наступны ўдзельнік канцэрта, утварыўся ў 2005 годзе ў Беластоку. Выконвае песні па-беларуску. Неаднаразова браў удзел у фестывалях «Бардаўская восень» і «Басовішча».
Сёлета, на пачатку года, гурт прэзентаваў публіцы свой новы альбом «Кола». Дыск нараджаўся цягам пяці гадоў і стаў, па словах лідаркі каманды Ілоны Карпюк, фіксацыяй таго стану «cалодкай стабілізацыі», у якім цяпер знаходзіцца каманда. «Кола» – гэта трэці альбом Ilo & Friends. У дыскаграфіі гурта таксама ёсць кружэлкі «Па дарозе» (2007) і «Сланечнікі» (2010).
Учора журы назвала пераможцу конкурса маладых выканаўцаў – гурт «K». Cлухач ведае калектыў па выступу на Halfway Festival в 2015 годзе. Гурт эксперыментуе з гукамі, рэальнасцю і падачай аўдыторыі схаваных сэнсаў.
23 ліпеня — другі дзень фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2016». Пасля ўчорашніх канцэртаў госці фестывалю набіраюцца сілаў на новыя ўражанні. Апрача канцэртаў арганізатары падрыхтавалі таксама шмат іншых цікавостак. Ужо ў 11:00 (паводле польскага часу) у адмысловай зоне БАСмежжа пачнецца прагляд беларускіх мультфільмаў. У 12:00 там пройдуць спартыўныя спаборніцтвы ўдзельнікаў фестывалю.
— Будуць тэатральныя заняткі, калі можна так сказаць, бо гэта такія заняткі, каб расслабіцца. Гэта будзе ля вадасховішча. Будзе спектакль «Ксэня» у гмінным цэнтры культуры і таксама паказы кіно, - кажуць арганізатары.
Майстар-класы над вадасховішчам пачынаюцца ў 13.30. Спектакль Тэатра Чрэво ў Гміннным цэнтры культуры ў 15.45. А перад самымі канцэртамі арганізатары запрашаюць на прэм’еру фільма «Басовішча» у 17 гадзін. Паказ у зоне БАСмежжа.