Фільм будзе зьняты на беларускай мове і з беларускімі акторамі.
На плятформе talaka.by ідзе збор сродкаў на экранізацыю апавяданьня Васіля Быкава «Народныя мсьціўцы», піша «Радыё Свабода».
Аўтар праекту і рэжысёр — Аляксандар Меліхавец. Фільм павінен быць зьняты на беларускай мове і з беларускімі акторамі.
«Ідэя зрабіць экранізацыю менавіта гэтага твора ўзьнікла ў 2009 г. і з тае пары ў сувязі з пэўнымі перашкодамі прайшла праз некалькі вытворчых этапаў, у выніку якіх быў зроблены трэйлер да нязьнятага пакуль фільма і пакладзены на паліцу шэраг працоўных матэрыялаў. У гэтым годзе я пляную давесьці праект да завяршэньня (перазьняць цалкам з іншымі акторамі) і кінапаказу», — адзначае кіраўнік праекту.
Паводле ягоных слоў, апавяданьне Васіля Быкава «Народныя мсьціўцы» «уздымае шмат цікавых пытаньняў маральнага выбару, заежджанай ужо „талерантнасьці“, цярплівасьці і г.д».
«Прычым, праблематыка, моманты, разглядаемыя ў творы характэрны не толькі для беларусаў, яны ў прынцыпе, агульначалавечыя», — падкрэсьлівае Меліхавец.
На здымкі фільма трэба сабраць 12 тысяч рублёў (прыблізна 6 тысяч даляраў). На дадзены момант ужо сабрана 1.895 тысяч — каля 15%.