Адметная падзея апошніх дзён: 2–4 жніўня Беларусь наведала парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім.
Яна сустрэлася з старшынём «палаты прадстаўнікоў» Уладзімерам Андрэйчанкам і старшынём «савету рэспублікі» Міхаілам Мясьніковічам.
Шмат гадоў ЭЗ не прызнаваў беларускі «нацыянальны сход» за парлямэнт. Бо лічылася, што ён нелегітымны з прычыны адсутнасьці ў краіне дэмакратычных выбараў. Заходнія палітыкі гатовыя былі супрацоўнічаць з органамі выканаўчай улады Беларусі, але «парлямэнт» прынцыпова ігнаравалі.
Нагадаю, што ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства» была створана такая структура, як «Эўранэст». Гэта міжпарляменцкая асамблея, у якую ўваходзяць 60 дэпутатаў Эўрапарлямэнту і 60 дэпутатаў з 6 краін — удзельніц «Усходняга партнэрства» (па 10 прадстаўнікоў ад кожнай). Аднак 10 месцаў ад Беларусі на сёньня замарожаныя, бо парлямэнцкія выбары 2012 году (як, зрэшты, і ранейшыя) не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі.
Такой прынцыповай пазыцыі Эўропа прытрымлівалася шмат гадоў. Але вось, здаецца, цяпер лёд крануўся. Польская парлямэнцкая дэлегацыя — ня першая, якая прыехала ў Беларусь. Былі ўжо тут дэлегацыі і зь іншых краін ЭЗ. Але візыт палякаў выглядае як найбольш знакавы і сымптаматычны. Бо дагэтуль менавіта Польшча займала найбольш прынцыповую пазыцыю адносна сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі, найбольш падтрымлівала беларускую дэмакратычную супольнасьць, незалежныя мэдыі.
Цікавая аргумэнтацыя польскага боку. Віцэ-сьпікер польскага сэйму Рышард Тэрлецкі падкрэсьліў важнасьць для Польшчы нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю. Ён паведаміў, што на сустрэчы з Андрэйчанкам бакі абмеркавалі шэраг важных пытаньняў, у прыватнасьці, гістарычны дыялёг і праблемы польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Падчас візыту ў Курапаты Рышард Тэрлецкі сказаў, што «Менск павінен быць уцягнуты ў дыскусіі пра будучыню Эўразьвязу».
Праблема, аднак, у тым, што ні на пытаньні польска-беларускіх адносін, ні на лёс польскай меншасьці ў Беларусі, а ўжо пагатоў на дыскусію пра будучыню Эўразьвязу парлямэнт Беларусі ніяк не ўплывае. Ён увогуле ні на што не ўплывае. Гэта абсалютна дэкаратыўны орган, а ўзначальваюць яго «зиц-председатели». Усе гэтыя пытаньні можна і, мусіць, трэба абмяркоўваць, але з тымі чыноўнікамі, якія на нешта ўплываюць, штосьці вырашаюць. З Лукашэнкам, ці хоць бы зь іншымі кіраўнікамі выканаўчай улады.
Ня думаю, што для польскіх палітыкаў гэта навіна, што яны пра гэта ня ведаюць. Палякі добра разумеюць беларускія рэаліі. І калі, тым ня менш, прыехалі ў Менск і сустракаюцца зь беларускімі «дэпутатамі», то гэта азначае пэўны паварот у стаўленьні да цяперашняга рэжыму. Калі зоркі запальваюць, значыць, гэта некаму трэба.
Яшчэ адзін важны момант. Ужо цяпер усім незалежным назіральнікам відавочна, што парлямэнцкія выбары пройдуць па звычайным сцэнары. А вось пан Тэрлецкі лічыць зусім па-іншаму. Ён заяўляе: «Спадзяюся, пасьля верасьнёўскіх выбараў да вас ня будзе пытаньняў, і адносіны Беларусі і ЭЗ працягнуць нармалізацыю... Перад намі парлямэнцкія выбары. Я спадзяюся, што яны будуць дастаткова празрыстымі і адкрытымі». То бок высновы ўжо зробленыя.
Факт другі. Наступным годам у Менску прызначана правядзеньне сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Зразумела, такі форум можа праходзіць толькі ў краіне, у якой ёсьць легітымны, міжнародна прызнаны парлямэнт. Хоць беларуская Палата прадстаўнікоў — сябра Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ўжо даўно, з 2003 году, але правядзеньне сэсіі ў Беларусі — гэта важны сымбалічны крок, які дэманструе ўсім, у тым ліку беларускаму грамадзтву, што Эўропа апрыёры прызнае і будучыя верасьнёўскія выбары, і сам парлямэнт як выбраны адпаведна стандартам эўрапейскай дэмакратыі.
Нават калі прыняць пад увагу, што ў замежнапалітычным курсе ЭЗ геапалітыка выціскае каштоўнасьці, што Брусэль кіруецца прагматызмам і Realpolitik і хоча нармалізаваць адносіны з афіцыйным Менскам, то ўсё роўна супрацоўніцтва эўрапейскіх палітыкаў зь беларускім парлямэнтам цяжка зразумець. Палітычнай лёгікі тут яўна бракуе.
Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»