Судовыя выканаўцы абвясьцілі аўкцыён, каб прадаць лецішча грамадзкай актывісткі, 69-гадовай пэнсіянэркі Ніны Багінскай.
Пра гэта Ніне Багінскай лістом паведамілі судовыя выканаўцы Смалявіцкага раёну, дзе лецішча актывісткі, нагадвае «Радыё Свабода».
Аўкцыён адбудзецца 17 жніўня ў Смалявічах. На продаж выстаўлены зямельны ўчастак памерам 0,7 гектара з садам і гародам, а таксама садовы дамок плошчаю 27 квадратных мэтраў. Першапачатковы кошт маёмасьці — 100 мільёнаў рублёў.
Такім чынам зь Ніны Багінскай спрабуюць спагнаць штрафы агульным памерам 75 мільёнаў рублёў, папрысуджаныя грамадзкай актывістцы за ўдзел у вулічных акцыях цягам гэтага году.
Пра гэта Ніна Багінская распавядае ў дарозе на сваё лецішча.
«Ты, Ніначка, не здавайся, рабі што можаш»
Чыгуначны прыпынак Дамашаны — за паўгадзіны электравіком ад Менску ў кірунку Воршы. Яшчэ дзесяць хвілін — сьцяжынкаю праз вузкую палоску лесу і ўздоўж дыхтоўных лецішчаў — былыя саўмінаўскія, тлумачыць спадарыня Ніна.
«Цяпер, дый у тыя гады, калі разьмяркоўвалі — гэта былі прэстыжныя ўчасткі. Межы гораду ўжо ўшчыльную падыходзяць да гэтай тэрыторыі. Празь некалькі гадоў гэтая зямля стане „залатой“, таму, магчыма, ўлады і паклалі на яе вока, калі спрабуюць адабраць», — кажа жанчына.
Заходзім за браму з назваю «Геоляг», якая нагадвае прафэсійнае мінулае гаспадароў больш сьціплай групы лецішчаў, далей ад аўтамабільных і чыгуначных трасаў. Неўзабаве маю суразмоўцу вітае са свайго падворку суседка, частуе сьпелымі памідорамі, яблыкамі ды грушамі.
Цікаўлюся, ці ведае пра гісторыю зь лецішчам Ніны Багінскай, што пра гэта думае.
«А як жа?! — не зьдзіўляецца жанчына. — Усе тут ведаюць і ўсе абураюцца такімі парадкамі. Бо ня ведаеш, што заўтра будзе з табой. Прыйдуць і ў цябе адбяруць. Але ты, Ніначка, не здавайся, рабі што можаш», — разьвітваецца суседка.
Яшчэ адзін сусед размаўляе са спадарыняй Нінай пра гаспадарчыя справы. Даведаўшыся, што зь ёю журналістка, якая цікавіцца меркаваньнямі пра будучы аўкцыён, ветліва разьвітваецца і моўчкі зьнікае ў глыбіні свайго падворку.
«Калі забяруць маё лецішча — я з кошыкам у лес пайду»
Садовы ўчастак Ніны Багінскай патанае ў зеляніне: кустоўе жоўтых і непатрабавальных вяргінь пераплятаецца з далікатнымі ружамі, буйныя садовыя флёксы — з драбнейшымі пэтуніямі.
«Вось гэта — маладая груша, а гэта — старая: ёй трыццаць гадоў. Гэтую грушу мой сын садзіў, калі я гэтае лецішча толькі атрымлівала. Працавала тады ў НДІ пасьля заканчэньня Івана-Франкоўскага інстытуту нафты і газу, — тлумачыць спадарыня Ніна. — Гэтыя дрэвы пладаносяць штогод. І спадзяюся, што яшчэ шмат гадоў будуць частаваць маю сям’ю, маіх родных і сяброў».
Традыцыйныя для Беларусі і экзатычныя расьліны тут на кожным кроку: «Вось тут у мяне парастак кедравай сасны, я тут прымацавала два калкі, каб на парастак не наступілі», — расхінае траву гаспадыня.
«Вось гэтую елку пасадзіла мая ўнучка Яна. А гэтую сасну пасадзіла я сама, калі мая дачка была цяжарная і рыхтавалася нарадзіць унука. Цяпер майму ўнуку 18 гадоў. Тут дрэўца грэцкага арэху. Я, пэўна, ужо не прычакаю пладоў, але спадзяюся, што будуць зьбіраць дзеці і ўнукі, бо гэтае дрэва расьце павольна», — вядзе экскурсію далей спадарыня Ніна.
«Хоць я лепш люблю займацца кветкамі і расьлінамі. У нас тут ёсьць і гарод: памідоры, агуркі, капуста — усё, што мае быць на лецішчы. Мы, мая сям’я — усе жывём зь лецішча. Бо маёй „сацыяльнай“ пэнсіі на жыцьцё не хапае. А калі забяруць лецішча — я з кошыкам у лес пайду, бо гэта мая родная зямля, і яна мяне пракорміць. Адно толькі шкада, што тут, на гэтым лецішчы — уся гісторыя нашай сям’і».
Ніна Багінская распавядае, што не адмовілася ад лецішча нават тады, калі садовае таварыства пачало прымусова вылічваць у яе частку пэнсіі за тое, што адмовілася аплочваць некаторыя камунальныя паслугі, якія фактычна не аказваюцца.
«Дошкі на сьценах згнілі, а падлогу шашаль стачыў»
Садовы дамок, у адрозьненьне ад саду-гароду — сама сьціпласьць: напаўструхнелыя дошкі сьценаў напалову абкладзеныя белай цэглай.
«За трыццаць гадоў дошкі на сьценах струхнелі. Мы вырашылі абкласьці цэглай, і зяць распачаў гэтую працу, але неспадзявана памёр у 42 гады. Так два гады недаробленае ўсё і застаецца. Бо каб наняць працаўнікоў, патрэбныя добрыя грошы, а такіх грошай у нас няма», — тлумачыць гаспадыня і падымаецца па прыступках.
Але падлога на ганку зьнятая, і каб трапіць у будынак, трэба пераскочыць прагал над падмуркам. Таксама напалову разабраная падлога ў адным з пакояў. Праз пустыя прагалы пракладзеныя некалькі дошак: «Падлогу ў свой час паклалі разам з карой, у ёй завёўся шашаль і зьеў дошкі. І вось таксама зяць пачаў мяняць і не пасьпеў», — працягвае спадарыня Ніна.
«У гэтым пакоі таксама трэба хадзіць вельмі асьцярожна, бо тут падлога такая гнілая, што калі добры мужчына стане, дык і праваліцца», — працягвае гаспадыня. — Спадзяюся, што завершыць гэты рамонт той, хто тут будзе гаспадарыць: мае дзеці, унукі і праўнукі. А ў мяне іх дастаткова: сын і дачка, унучка з унукам і нават праўнучак ужо ёсьць».
«Сьпяшаюцца прадаць лецішча, каб хутчэй забраць грошы — гэта дзяржаўны рабунак»
Ніна Багінская паказвае свой стары прымач, празь які шмат гадоў слухала Радыё Свабода, партрэт свайго дзеда-шляхціча, распавядае гісторыю сваёй сям’і і нават паходжаньне свайго імя. Бабуля прасіла назваць дзяўчынку Аўгіньняй, але савецкія часы дыктавалі свае ўмовы. Таму яшчэ на пачатку нацыянальнага адраджэньня спадарыня Ніна дамаглася, каб у пасьведчаньні аб нараджэньні і пашпарце разам зь імем Ніна было запісана таксама і Аўгіньня.
Ніна-Аўгіньня ў свой час удзельнічала ва ўстаноўчым сходзе БНФ, стварыла суполку на працы, за што начальства яе звольніла. Не пакідала жанчына грамадзка-палітычнай дзейнасьці і ўсе наступныя гады.
Мініятурная постаць Ніны Багінскай зь бел-чырвона-белым сьцягам — нязьменны атрыбут усіх вулічных акцыяў пратэсту. Толькі за гэты год яна прысутнічала на васьмі такіх акцыях, у тым ліку ў падтрымку прадпрымальнікаў, зьбітых журналістаў, у гонар сьвята бел-чырвона-белага сьцяга. За ўдзел у кожнай такой акцыі на Ніну Багінскую міліцыянты складалі адміністрацыйны пратакол. А падчас апошняй акцыі ў гонар бел-чырвона-белага сьцяга — аж два. Штрафы актывістцы прысуджалі завочна.
«Напачатку ў мяне апісалі маёмасьць у кватэры і нават вывезьлі з дому пральную машыну і мікрахвалевую печ. Але гэта маёмасьць маёй сям’і, маіх дзяцей. І дзеці адсудзілі сваю маёмасьць, і іх пакінулі ў спакоі.
Дзякаваць богу, яны падзяляюць мае меркаваньні і мяне падтрымліваюць. А ўнучка Яна нават выходзіла разам са мной і са сваім сынам на плошчу ў гонар нацыянальнага сьцяга.
Дык вось, калі не атрымалася ў кватэры нічога забраць, тады знайшлі лецішча, якое я атрымлівала падчас працы ў НДІ і на якім я гаспадару ўжо трыццаць гадоў. Тут працавала я, мой памерлы ўжо муж, працавалі і працуюць мае дзеці і ўнукі. Гэтае лецішча карміла і корміць усіх нас, таму я лічу справядлівым каб яно засталося маёй сям’і.
Але днямі я атрымала паведамленьне ад судовага выканаўцы Смалявіцкага раёну, што маё лецішча выстаўлена на аўкцыён і ён адбудзецца 17 жніўня. Як гэта можа быць, калі гэты зямельны ўчастак прыватызаваны, пра што ёсьць акт дзяржрэгістрацыі, і зьяўляецца маёй уласнасьцю? Чаму гэтыя незаконныя, несправядлівыя і касьмічныя штрафы не вылічваць з маёй пэнсіі?
Але гэтыя штрафы такія гіганцкія, што, пэўна, баяцца, ці я дажыву. Таму сьпяшаюцца прадаць, каб хутчэй забраць мае грошы. Гэта папросту дзяржаўны рабунак, бо ў дзяржавы пусты бюджэт, а міліцыянты, судзьдзі, чыноўнікі спажываюць гэты бюджэт. Таму і штрафы прысуджаюць такія агромністыя, і спаганяюць іх гэтак жа нахабна. Гэтая армія міліцыянтаў, судзьдзяў, чыноўнікаў — яны павінны абараняць нашых людзей, а яны перасьледуюць і рабуюць народ».
«Не хачу, каб на маёй радзіме гаспадарыў «русский мир»
Ніна Багінская лічыць, што сёлета як ніколі ў Беларусі разгарнуў наступ «русский мир». Жаданьнем змагацца зь ім яна тлумачыць свой удзел у акцыях, якія ладзяць дэмакратычныя сілы Беларусі:
«Нашы ўлады празь міліцыю пачалі ціснуць на нас, людзей грамадзка актыўных, нацыянальна сьвядомых патрыётаў, караючы завоблачнымі штрафамі.
А паводле Канстытуцыі мы маем права выходзіць на вуліцу, каб выказаць сваё меркаваньне адносна эканамічнага, палітычнага ладу ў краіне. Бо ў нас не працуе эканоміка, каб забясьпечыць годнае жыцьцё, і не працуе палітычная сыстэма, каб былі абароненыя канстытуцыйныя правы чалавека.
Таму я хадзіла на ўсе вулічныя акцыі, прысьвечаныя гэтым праблемам. І вось за тое, што я выходзіла на вуліцы і стаяла пад бел-чырвона-белым сьцягам, я атрымлівала штрафы памерам 5, 6, 7 мільёнаў, агулам — больш за 75 мільёнаў рублёў.
Гэта амаральна, дзіка, па-бандыцку і варожа адносна народу нашай краіны. Бо гэткія беззаконьні з боку ўладаў дэмаралізуюць людзей, людзі пачуваюць сябе цалкам безабароннымі.
Гэтак улада змагаецца з народам, і менавіта з народам нацыянальна сьвядомым. Бо беларускія ўлады служаць Крамлю, які ня хоча дапусьціць, каб Беларусь належала беларусам.
А да мяне ёсьць яшчэ нянавісьць і пэрсанальная. Я звычайная кабета, зь дзецьмі, унукамі і нават праўнукам. Я не такая небясьпечная, як сыстэмны палітык, як лідэр нейкай палітычнай сілы. Але мяне ненавідзяць за тое, што я ўпарта выходжу на вуліцу пад бел-чырвона-белым сьцягам».