Таварыства беларускай мовы агітуе аддаваць туды дзяцей.
У Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы заклікаюць гараджан аддаваць дзяцей у беларускія клясы. У горадзе зьявіліся ўлёткі, у якіх пазначана, што сёлета ў абласным цэнтры набіраюць два першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня, перадае «Радыё Свабода».
10 жніўня, у першы дзень сваёй агітацыйнай кампаніі, рупліўцы беларушчыны распаўсюджвалі абвесткі ў цэнтры гораду на інфармацыйных дошках ля пад’ездаў.
«Беларуская мова, як і іншыя мовы, мае права на жыцьцё, а без выкарыстаньня ў адукацыі ніякага паўнавартаснага жыцьця беларускай мовы ня будзе», — зазначыў адзін з удзельнікаў агітацыйнай акцыі магілёўскі літаратар Аляксей Карпенка.
«У Магілёве многія ня ведаюць пра намер адкрыць беларускія клясы, але хацелі б аддаць дзяцей у беларускую школу, — дадае ён. — Многія ня ведаюць, дзе яны будуць. Ад нашай працы будзе плён, бо ёсьць людзі, якія хочуць, каб дзеці вучыліся па-беларуску, але думаюць, што ўлады гэтага не дазваляюць. Але гэта ня так. Інфармацыі ня маюць, не даходзіць да іх».
Старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў пагаджаецца, што такога кшталту агітацыя за беларускае школьніцтва прымітыўная і зьняважлівая. На ягоную думку, агітаваць мусяць па тэлебачаньні, у газэтах, у гутарках з бацькамі, а не праз улёткі. Але актывістам застаецца толькі расклейваць улёткі са спадзевам, што нехта прачытае іх і наважыцца аддаць дзіця ў беларускі кляс.
«На жаль, у Беларусі беларусы пачуваюць сябе не гаспадарамі, а гасьцямі. Гэтак было за савецкім часам, гэтак і на працягу апошніх дваццаці гадоў. Большасьць беларусаў нават не ўсьведамляюць, што яны не гаспадары ў сваёй краіне», — кажа Алег Дзьячкоў.
«Заняпад пачаўся зь беларускай мовы, беларускай духоўнасьці. Некаторыя нават зласловілі, што гэтак і трэба БНФ-аўцам. Цяпер справа дайшла да крызісу ў эканоміцы. Пачалі нават казаць пра пагрозу дзяржаўнасьці. А што тычыцца Магілёўшчыны, то тут асабліва не выпадае казаць пра станоўчыя тэндэнцыі. Пра тое кажа нават кіраўнік дзяржавы», — даводзіць актывіст.
Інцыдэнтаў зь міліцыяй за час акцыі ў актывістаў ТБМ не было.
***
У Магілёве сёлета на базе дзьвюх школ набіраюць першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня. Першаклясьнікаў гатовыя прыняць сярэдняя школа № 1 — у цэнтры гораду і № 34 — у магілёўскім Задняпроўі.
Дырэктар школы № 34 Ігар Якіменка лічыць, што пэрспэктывы ў адраджэньні беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве ёсьць.
Абвесткі пра набор беларускамоўных першаклясьнікаў разава зьявіліся ў гарадзкіх газэтах і на інфармацыйных стэндах у фае школ ў чэрвені. На мясцовым тэлебачаньні быў паказаны агітацыйны ролік. Але, на думку рупліўцаў беларушчыны, гэтых захадаў не дастаткова, каб бацькі пачалі аддаваць дзяцей у беларускія клясы. Яны лічаць: бацькам у школах павінны казаць, што такія клясы фармуюцца, а адміністрацыя ня мусіць падказваць, якую мову трэба выбіраць для навучаньня.
Цяпер у Магілёве толькі адзін кляс зь беларускай мовай навучаньня. У ім вучыцца адна школьніца.