Міхаіл Хіло сёлета завяршыў працу над перакладам «Альпійскай балады» на англійскую мову.
У інтэрв'ю «Радыё Рацыя» перакладчык распавёў:
— Мне заўсёды вельмі падабаўся твор «Аблава» Васіля Быкава. Падавалася, што гэта нейкая недасягальная мэта — перакласці Быкава. Бо ён неаднаразова быў перакладзены. Да таго ж я і не носьбіт ангельскай мовы. Я носьбіт беларускай мовы. І раптам выпала такая магчымасць. Я даведаўся, што выйшла кніга Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» ў выдавецтве Glagoslav. Я звязаўся з выдавецтвам і даведаўся, што яны хочуць працягнуць публікацыю беларускіх твораў. І ў іх планах — надрукаваць «Альпійскую баладу». Мне выслалі тэставы пераклад. Я зрабіў яго — ім спадабалася. Пасля пачаліся перамовы з сям’ёй Быкава па аўтарскіх правах.
— Што было найбольш складаным? Над чым давялося найбольш папрацаваць?
— У гэтым творы галоўныя героі — гэта беларускі салдат Іван, які ўцякае з канцлагера ў Аўстрыі, і Джулія — італьянская дзяўчына. Якраз яе гаворку было складана перадаць, бо там своеасаблівая трасянка з італьянскай, нямецкай і расейскай мовамі. Але яе і цікава было перакладаць. Даводзілася спрабаваць розныя варыянты. Усюды свой падыход, свая стратэгія перадачы гэтай трасянкі. Пасля яшчэ і рэдактары працавалі над гэтым, ім таксама заняла гэта шмат часу.
— Ці здаралася штосьці цікавае падчас перакладу? Магчыма, нешта паўплывала на ваша жыццё?
— Шмат усяго звязана з перакладам гэтага твора. Я прыходзіў пасля працы, пачынаў перакладаць. Гэта займала яшчэ 2-4 гадзіны ў дадатак да асноўнай працы. Заўсёды даводзілася сябе неяк стымуляваць. Гэта толькі на пачатку падаецца, што мора па калена, а насамрэч чым далей ідзеш, тым больш разумееш, колькі тут яшчэ працы. І таму для мяне першай матывацыяй было тое, каб заходні чытач даведаўся пра Быкава. Я дагэтуль здзіўляюся, што не Быкаў стаў першым беларускім нобелеўскім лаўрэатам. Гэта вельмі крыўдна. Я евангельскі хрысціянін. І ў творах Быкава я бачу прыклады ахвярнасці, на якую здатныя далёка не многія. І вось зноў і зноў у сваіх творах ён паказвае людзей, якія ідуць на розныя ахвяры. Паказаны і здраднікі. Але заўсёды ў цэнтры твора ёсць людзі, якія стаяць перад цяжкім маральным выбарам і здольны зрабіць яго на карысць дабра.
— Ці азнаёміліся вы з іншымі перакладамі цягам сваёй працы?
— Давялося, канешне, пазнаёміцца з іншымі перакладамі Быкава на ангельскую мову. І, як аказалася, дастаць іх дастаткова праблематычна. Таму на дадзены момант «Альпійская балада» — адзіная кніга, якую можна набыць праз інтэрнэт. Усё астатняе не выдаецца, цяжка купіць. Я пазнаёміўся з перакладамі. На жаль, у большасці выпадкаў гэта пераклады з расейскай мовы, а не беларускай. Думаю, перакладалі носьбіты ангельскай мовы, якія не ведалі беларускай. Таму ніяк не маглі перакласці Быкава з беларускай мовы. Таму яны карысталіся тым, што разумелі, што было даступна. Гэта расейскамоўныя пераклады. Але ж яны зазналі вельмі шмат цэнзарскіх зменаў. Ды і сам Быкаў казаў, што якасць перакладаў яго ніколі не задавальняла. Таму сам рабіў пераклады на расейскую мову.
Пераклад «Альпійскай балады» быў выдадзены англа-галандскім незалежным выдавецтвам Glagoslav. У планах кампаніі закладзены яшчэ шэраг перакладаў беларускага пісьменніка.