Экс-цэнтравы зборнай Беларусi па баскетболе распавеў сваю асабістую гісторыю «беларускамоўнасці».
— Я нарадзіўся з беларускай мовай і жыў з ёю першыя 12 гадоў. Дома ў сям’і размаўлялі не на чыстай беларускай мове, але калі з’язджаў кожнае лета да бабулі, то там ужо былі тры месяцы выключна па-беларуску. Пасля таго, як пачаў займацца баскетболам, выправіўся ў спартовы інтэрнат у Віцебск, дзе ўсе размаўлялі толькі па-руску. Каб з мяне не кпілі, каб мяне не ўспрымалі як вясковага хлопчыка, давялося ад беларускай мовы адмовіцца. У 12 гадоў цяжка быць аб’ектам жартаў. Іх і так было дастаткова ў сувязі з маімі габарытамі (цяпер рост спартоўца — 213 см.), а калі пачаліся кпіны і пра маё паходжанне з вёскі... Падчас маёй вандроўкі ў ЗША, дзе я правёў 4 гады, навучання ва ўніверсітэце і гульні за баскетбольныя клубы ў розных еўрапейскіх краінах, цягам дзесяці гадоў беларускую мову амаль не ўжываў — толькі часам чытаў. Такім чынам, крышку на яе забыўся.
Але, калі пачаў займацца распрацоўкай беларускамоўнага брэнда баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» і больш сустракацца з людзьмі, што размаўляюць на беларускай мове, яна пачала вяртацца ў маё жыццё. Праўда, у паўсядзённым жыцці карыстаюся ёй, толькі калі размаўляю ці пішу беларускамоўным людзям. Яшчэ не прыйшоў да таго, каб ужываць яе стала. Працаваць з беларускамоўным брэндам, яго развіваць, спрыяць станаўленню — гэта задавальненне. Ты не толькі прасоўваеш свой брэнд, але і папулярызуеш родную мову, - распавёў у інтэрв'ю novychas.by Аляксандр Куль.