Славак Лукаш і японка Аканэ 16 жніўня згулялі ў Гродне беларускае вяселле згодна з усімі традыцыямі.
Праўда, гэта была толькі інсцэнізацыя, а маладыя проста навучаюцца ў школе рускай мовы ў ГрДУ, піша «Твой стыль».
Да мерапрыемства валанцёры рыхтаваліся больш за тры тыдні. Акцёры так ужыліся ў свае ролі, што іншы раз здавалася, быццам у аўдыторыі ўніверсітэта праходзіць сапраўднае беларускае вяселле.
Быў выкуп, каравай, беларускія абрады і песні, беларуская ежа і танцы. Замежныя студэнты спявалі беларускія песні, гулялі ў гульні і нават цалаваліся, як на вяселлі.
Усе ролі размяркоўваліся лёсаваннем. Ролі бацькоў і сяброў жаніха выконвалі таксама замежнікі. Да вяселля ўсе рыхтаваліся, вучылі словы, вывучылі нацыянальныя стравы і сваімі рукамі ўсё рыхтавалі.
"Мы доўга рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства, напісалі цалкам самі сцэнар. Шукалі разнастайныя традыцыі, абрады і касцюмы. Мы адабралі людзей на ролі жаніха і нявесты, яны пагадзіліся і з адказнасцю паставіліся да інсцэнаванага вяселля - прыходзілі на рэпетыцыі, вучылі свае словы. Такія мерапрыемствы дапамагаюць наблізіць замежнікаў да беларускага жыцця і культуры. Усе былі вельмі задаволеныя", - распавяла каардынатар валанцёраў Летняй Школы Юлія Гапонiк.
Маладыя не хавалі эмоцый і нават пацалаваліся, а потым разам танцавалі. Японка Аканэ адзначыла, што ў іх у краіне вяселле праходзіць зусім інакш і не так прыязна як у Беларусi. Таксама ёй спадабаліся беларускія строі. А вось Лукаш адзначыў, што ў чымсьці славацкае вяселле падобна да беларускага.