Акцыя 12 верасьня — гэта акцыя годнасьці, на якой беларусы будуць патрабаваць сапраўдных выбараў.
Аб гэтым у перадачы «Радыё Свабода» «Інтэрвію тыдня» адказвае былы кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Мікола Статкевіч.
— Якое ваша цяперашняе стаўленьне да гэтай выбарчай кампаніі? Пасьля вашай нерэгістрацыі кандыдатам, пасьля іншых падзеяў, якія вызначылі калідор гэтай кампаніі?
— «Выбараў» у Беларусі даўно няма, ёсьць фарс — гэтая мая (і ня толькі мая) пазыцыя даўно вядомая. Але ў палітыцы трэба выкарыстоўваць усе сродкі, і я заўсёды лічыў, што трэба ўдзельнічаць, нават у такім фарсе. Але — залежыць, як удзельнічаць.
Я вызначыў тры крытэрыі для эфэктыўнага ўдзелу.
Ва ўмовах, калі выбары праводзяцца ў адзін тур, першы крытэр — гэта фармаваньне адзінага дэмакратычнага сьпісу, каб у кожнай акрузе быў адзін дэмакратычны кандыдат. Гэта дазволіла б сканцэнтраваць на гэтым сьпісе ўсе інфармацыйныя рэсурсы. Вызначаць гэты сьпіс можна было б нават пасярэдзіне кампаніі. Інакш мы расьцягваем галасы дэмакратычнага электарату. Калі ў акрузе 5 кандыдатаў, то ў галовах выбарнікаў пануе нейкі хаос.
Другое — павінна быць яркая, дакладная, кароткая праграма, зразумелая людзям, і крытычны пасыл пра тое, што выбараў няма.
Трэцяе — гэта як мы завяршаем кампанію. Калі дэмакратычным кандыдатам намалююць сьмешныя працэнты, а яны абмяжоўваюцца нейкімі заявамі, то грамадзтва пачынае ўмацоўвацца ў думцы, што беларуская апазыцыя — гэта вельмі слабыя, бесхарактарныя людзі, зь якімі можна рабіць што заўгодна, а яны няздольныя годна адказаць.
Вось гэтыя тры рэчы. На жаль, адзіны сьпіс ня ўдаўся, бо дэмакратычныя сілы вырашылі, прабачце, прычындаламі памерацца — хто больш людзей назьбірае. Але ж гэтая справа нескладаная для зарэгістраваных партыяў — хто руку падняў, той і кандыдат. Памкненьне захаваць партыі дзеля «сьветлай будучыні» перашкодзіла справе. Дадаваць яшчэ паўсотні кандыдатаў ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу мы проста ня сталі, хоць рэгіянальныя прадстаўніцтвы БНК у выбарах удзельнічаюць.
— 12 верасьня, на наступны дзень пасьля галасаваньня, вы заклікаеце людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску на акцыю з патрабаваньнем сапраўдных выбараў. Нядаўна старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала магчымыя акцыі пратэсту самай вялікай пагрозай парлямэнцкім выбарам. Як вы гэта ацэніце?
— 12 верасьня мы ня будзем пратэставаць супраць фальсыфікацыяў. Для нас даўно відавочна, што гэта фарс, бо машына фальсыфікацыяў засталася нязьменнай. Гэтыя камісіі спаяныя і натрэніраваныя, ужо нават па камандзе ня могуць сумленна палічыць галасы. Яны хіба могуць выканаць каманду сфальсыфікаваць на карысьць нейкага апазыцыянэра.
Мэта акцыі — паказаць, што мы народ і патрабуем свабоды, нармальных выбараў. Па сутнасьці, гэта акцыя годнасьці. Мы будзем патрабаваць сапраўдных дэмакратычных выбараў. Каб паказаць гэтую сыстэму, я падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Гэта трэба было зрабіць, каб прыцягнуць увагу да дзьвюх праблемаў.
Па-першае, не былі дагэтуль рэабілітаваныя былыя палітвязьні. З тых шасьці чалавек, якія былі вызваленыя ў канцы жніўня мінулага году, палова ўжо вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Па-другое, зьвярнуць увагу на грубае парушэньне Канстытуцыі. Там ёсьць пералік, зь якіх прычын грамадзянін ня можа быць кандыдатам на выбарах. І там ніякай судзімасьці няма. Таму Выбарчы кодэкс супярэчыць Канстытуцыі.
Мы будзем зараз рабіць адзінае, чаго баіцца ўлада. А яна баіцца вулічных акцыяў. 12 верасьня адбудзецца акцыя беларускай годнасьці.
— Супраць гэтай акцыі выступае ня толькі Ярмошына, але і праўладныя аналітыкі, і нават некаторыя незалежныя публіцысты і аналітыкі. Маўляў, акцыі пратэсту могуць прывесьці да правакацыяў, і ў выніку могуць нэгатыўна паўплываць на наладжваньне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам, што будзе толькі на руку Расеі. Выходзіць, што ўдзельнікі акцыяў пратэсту супраць улады выстаўляюцца фактычна як прарасейскія агенты.
— Калі ўладзе цяпер так патрэбныя адносіны з Захадам, то няхай яна ідзе на рэальныя саступкі. Хай яна вяртае, што скрала, хай вяртае свабодныя выбары. Не імітацыя лібэралізацыі, а сапраўдная лібэралізацыя.
Што тычыцца такога стаўленьня з боку некаторых апазыцыйных колаў, то частка апазыцыі (я тут ужываю гэтае слова ў шырокім сэнсе, ня толькі палітычная апазыцыя, але і аналітыкі, журналісты) сталася часткай гэтай сыстэмы. Яны сталі часткай гэтай сыстэмы, выконваюць адведзеную ім функцыю «прызначанай апазыцыі». Яны гуляюць тыя ролі, якія ім дазволеныя. Напрыклад, можна зрабіць нейкія крутыя заявы ў бок Расеі. Можна нават у бок улады — але крый Божа рабіць нейкія дзеяньні.
Мы выдатна разумеем, што дзеяньні ўлады 19 сьнежня 2010 году былі толькі ад таго, што ўлада напалохалася, улада ўбачыла, што людзі рэальна ёй пагражаюць. А як мы можам здабыць свабоду, калі ня будзем пагражаць гэтай уладзе? Хто здабываў свабоду бяз стратаў, пакутаў, ахвяраў і гэтак далей? Думаеце, мы будзем выключэньнем?
І наконт Расеі. З усіх беларускіх палітыкаў самы патрэбны для Расеі палітык цяпер знаходзіцца ва ўладзе. І казаць, што мы пакрыўдзім нейкага «незалежніка», які паставіў пад пагрозу існаваньне нашай краіны, загнаў нас у максымальную залежнасьць ад Расеі, што мы яго «пакрыўдзім» і гэта будзе на шкоду незалежнасьці — гэта поўная лухта. Лукашэнка дзесяцігодзьдзямі быў галоўнай пагрозай незалежнасьці Беларусі. Ня думаю, што тут нешта кардынальна памянялася.
— Для многіх на Захадзе гэтая выбарчая кампанія будзе нейкім важным пунктам, а крытэрам для яе ацэнкі будзе магчымае зьяўленьне ў «палаце» апазыцыйных фігураў. Які ваш прагноз і ацэнка — ці прапусьцяць каго-небудзь у склад «палаты»?
— Вы хочаце сказаць — ці прызначаць кагосьці дэпутатам? Ужо відавочна, што «апазыцыя» там будзе. «Апазыцыйны» кандыдат на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Улаховіч будзе дэпутатам. Гайдукевіч будзе так званым сэнатарам. Нешта траваеднае яшчэ прапусьцяць. Але занадта актыўных, якія на паверхні, не прапусьцяць — навошта там актыўныя? І потым будуць казаць Захаду — вось яна, апазыцыя ў «палаце».
У гэтым няма нічога новага. Гайдукевіч ужо быў у «палаце», езьдзіў на Захад і выступаў там, каб зьнялі санкцыі. Але новае тое, што Захаду вельмі хочацца знайсьці тут нейкі «пазытыў», каб мець стасункі зь беларускім рэжымам. Бо Эўропа напалоханая Расеяй і хоча, каб у Беларусі было ўсё ціха.
І тут вырашальнай у выпрацоўцы пазыцыі эўрапейскіх структураў да гэтых выбараў будзе масавасьць акцыі 12 верасьня. Калі людзі выйдуць і пакажуць, што ім трэба свабода і сапраўдныя выбары, — то гэта прымусіць сяброў Лукашэнкі на Захадзе прытармазіць. А калі людзей будзе няшмат... Ведаеце, калі нам не патрэбная свабода, то хто замест нас будзе змагацца за свабоду і годнасьць? Таму я і называю гэтую акцыю — акцыя годнасьці.