Гэтага варта было чакаць. Змрочная падзея адбылася 22 чэрвеня. У падвале велічнага гмаху расійска-беларускага саюза грымнуў газавы балон.
Выбух быў настолькі моцны, што збудаванне захісталася. І хіба толькі самыя наіўныя яшчэ не разумеюць, што ад яго бегчы трэба як мага далей. Пакуль тая пачварная руіна не абрынулася канчаткова.
Аптымісты, вядома, яшчэ ёсць. Але нават галоўны ініцыятар славянскага адзінства ўжо выказаўся на гэты конт зусім недвухсэнсоўна. “Хочу публично проинформировать о том конфликте, который перерастает в газовую войну между “Газпромом” и Беларусью. Говорят, что это спор хозяйственных субъектов, но я не понимаю, как тогда такой спор может перерасти на уровень высшего политического руководства страны”.
Вось так, адкрытым тэкстам, - вайна. Штосьці неверагоднае. Яшчэ зусім нядаўна крычалі крыкам, што будуюць агульны дом – адзіную дзяржаву. Але, нібы біблейскія будаўнікі Вавілонскай вежы, не зразумелі адзін аднаго. І скончылася ўсё надзвычай сумна і ганебна – вайной. Няхай сабе і газавай. А ўсяму віною нават не словы, як у тых будаўнікоў з легенды, а лічбы. Якімі пазначана ў дамове саюзнікаў цана на газ. Высветлілася раптам, што адно і тое ж кожны бок чытае па-свойму. Дамовіцца, знайсці паразуменне немагчыма. Ніхто не хоча саступаць. А ў такім выпадку шлях адзін. Той, што быў абраны 22 чэрвеня 2010 года. Менавіта ў гэты дзень ненавісны “Газпрам” скараціў пастаўкі стратэгічнай сыравіны ў Беларусь ажно на трыццаць адсоткаў. А на наступны дзень – на ўсе шэсцьдзесят.
Відавочнае супадзенне дня пачатку газавай атакі з той сумнай чэрвеньскай датай першым заўважыў наш нястомны змагар за справядлівасць. І ўсё, што набалела, выказаў адкрыта падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі. Той сядзеў, нібы скамянелы, і слухаў поўныя праведнага гневу абвінавачанні на адрас свайго непасрэднага кіраўніцтва. Гэта ж трэба, нібы наўмысна выбіралі дату, забыўшыся на тое, як сядзелі разам у адных акопах. Патлумачыць, якое дачыненне маюць тыя акопы да сённяшняй цаны на газ, правіцель палічыў залішнім. А таксама і тое, якім чынам у выніку незабыўных навагодніх перамоваў і падпісанага потым пагаднення погляды на адну і тую ж лічбу так катастрафічна разышліся. Або, магчыма, ў парыве братняй эйфарыі нечага тады не даглядзелі?
Што і казаць, панаваў тады эмацыйны ўздым. Шмат каму здавалася, што вось зноў перахітрылі багатага суседа. Ствараецца ж мытны саюз. І розныя пераходныя лічбы асаблівага сэнсу не маюць. Надыдзе лета. Першага ліпеня падпішуць дамову аб стварэнні адзінай мытнай прасторы трох дзяржаў. І патонуць у ёй усе разыходжанні ў трактоўках тых ці іншых коштаў. І будзе зноў правіцель на кані.
Аднак не спраўдзіліся спадзяванні. Набліжаецца ліпень, а замест жаданай палёгкі ўсё больш выразна бачыцца новае імперскае ярмо. І трэба неяк вырывацца з пасткі, у якую ціхмянае чынавенства само сябе загнала. А тут якраз і дата адпаведная. Чэрвень, той самы доўгі дзень. Менавіта цяпер найлепшая нагода моцна грукнуць дзвярыма, узняць вэрхал і выставіць сябе правадыром усіх пакрыўджаных. Але гэтым разам не прайшло. Прыціснулі моцна, прафесійна. Грошы ўзялі.
Няма ніякага супрацьстаяння ў гэтай брыдкай валтузні. А тым больш змагання за суверэнітэт, як камусьці, магчыма, падаецца. Нічога станоўчага ўвогуле няма. А ёсць толькі сумны вынік некампетэнтнай, прымітыўнай палітыкі кіраўніка калгаснага ўзроўню, які аднойчы апынуўся не на сваім месцы. Які досвед ён мог прынесці ў вялікую палітыку? Ды ўсё той жа, раённа-гаспадарчы. Таму дагадзіць. Там нешта выбіць. Перахапіць. Вымаліць. Абы дзень дажыць да вечара.
І не мае ніякага значэння, чым скончылася чарговая эканамічная вайна. За ёй ужо не цяжка заўважыць набліжэнне новых, гэткіх жа шалёных і ўбогіх. Новыя канфлікты з усім наваколлем, а тым больш з Расіяй, непазбежныя. Ён доўга і ўпарта пераконваў усходніх суседзяў, што мы адзін народ. І там у гэта ўсур’ёз паверылі. І пачалі ставіцца да незалежнай Беларусі як да сваёй правінцыі. А да гордага тутэйшага правіцеля – як да ўласнага губернатара. І пакуль ён будзе пры пасадзе, статус ягоны не зменіцца.
Канфлікты, у якія гэты начальнік уцягнуў дзяржаву, не скончацца ніколі. Ёсць толькі адна магчымасць абараніцца ад усходняй экспансіі. Плаціць за энерганосьбіты па сусветных коштах. Але для гэтага патрэбны зусім іншы лад жыцця. І эканоміка сапраўды незалежнай дзяржавы. За шаснаццаць год правіцель не змог яе стварыць. І не здолее ніколі. А таму гэта калізія нявырашанай застанецца. І будзе абвастрацца з кожным годом. Такі вось глыбокі і жорсткі канфлікт. І літасці ні ад каго чакаць не варта.
На газавай вайне палонных не бяруць.