Cёння Генадзю Бураўкіну споўнілася б 80 гадоў.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 верасня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959).
Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».
З'яўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР (1978—1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.
У 1990 атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, але ў 1993 звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994—1995, быў намеснікам міністра культуры і друку.
На вершы Г. Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). У паэта ёсць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). «Калыханку» на словы Г. Бураўкіна кожны вечар па тэлебачанні пяюць малым Беларусі. Аўтар дзвюх кніг паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), дакументальных аповесцей «Тры старонкі з легенды» (1971), выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі.
Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя» (1974, сумесна з У. Халіпам і Ф. Коневым). Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.
Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» - першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за 1972 год. За кніжку паэзіі «Варта вернасці» (1978) у 1980 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.
«Давайце ўпарта верыць, што ўзлёт Беларусі непазбежны, і яе параненыя, падбітыя крылы здольныя ўрэшце рэшт узнесці яе ў сінія вышыні годнасці і ўпэўненасці, да непагаснага сонца волі і шчасця. Ні ў якім разе нельга складаць крылы!..» – успамінае словы выбітнага паэта Аляксандр Старыкевіч.