Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сёння – дзень нараджэння міністра БНР Палуты Бадуновай

07.09.2016 общество
Сёння – дзень нараджэння міністра БНР Палуты Бадуновай

Палута Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 года ў мястэчку Навабеліца сям’і арандатара маёнтку.

Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, міністарка Рады БНР Палута Бадунова ўсё жыццё працавала дзеля незалежнасці Беларусі. Сёння ейнае імя напаўзабытае.

Палута Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 года ў мястэчку Навабеліца (цяпер – адзін з раёнаў Гомля) у сям’і арандатара маёнтку. У лютым 1918 года Палута Бадунова ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, заняла пасаду народнага сакратара апекі. Удзельнічала ў адкрыцці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школаў. У лістападзе 1919 года яе абралі намеснікам старшыні Народнай Рады БНР.

Яна прытрымлівалася лініі лавіравання ў адносінах да савецкай улады, лічачы магчымай трансфармацыю БССР у суверэнную нацыянальную дзяржаву.

Уначы з 16 на 17 лютага 1921 года падчас акцыі па прымусовай «ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў» Палута разам з іншымі сябрамі партыі была арыштаваная бальшавікамі. Ёй, кіраўніцы правай плыні партыі эсэраў, інкрымінавалася сувязь з падпольнымі арганізацыямі ў Віцебскай, Смаленскай, Гомельскай губернях, а таксама з арганізацыямі па іншы бок савецка-польскага фронту. Падчас знаходжання пад арыштам значна пагоршыўся стан яе здароўя. Нарэшце, у жніўні 1921 года яна была вызваленая.

У 1922 годзе Бадунова нелегальна перайшла польскую мяжу і накіравалася ў Вільню. Там яна была арыштаваная польскай жандармерыяй з мэтай высвятлення асобы і вяртання ў СССР. Толькі праз некалькі месяцаў яе вызвалілі з-пад арышту з патрабаваннем неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Але да таго як пакінуць Польшчу, Палута паспела сустрэцца і выступіць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні, Гданьску, цудам пазбегнуўшы затрымання.

У 1923–1925 гадах жыла ў Празе. У студзені 1925 году Палута вярнулася ў СССР, даверыўшыся бальшавікам, якія ў гэты час праводзілі ў Беларусі палітыку беларусізацыі. Наступныя пяць гадоў жыла ў сваёй сястры Марыі ў Менску, спрабавала наладзіць супрацу з Інстытутам беларускай культуры.

У 1930 годзе дзяячка вярнулася ў Гомель. Працавала настаўніцай у Навабеліцкай школе, на курсах беларусазнаўства ў Гомлі.

У верасні 1937 года Палуту арыштавалі. Асобая тройка НКВД БССР вынесла прысуд – 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пазней дзяячка была прыгавораная да вышэйшай меры пакарання. Яе расстралялі 29 лістапада 1938 у Менску. Рэабілітавалі яе ў 1989 годзе па пастанове Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР па прычыне адсутнасці складу злачынства.

Рэжысёр Валеры Мазынскі зняў у 2012 годзе для «Белсату» фільм «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», прысвечаны міністарцы БНР.

«Вобраз гэтай дзяячкі мне цалкам зразумелы. І я нават знайшла шэраг супадзенняў біяграфічных. Ужо пачынаючы з таго, што мы з ёю нарадзіліся ў адным горадзе, у адным раёне і нават на суседніх вуліцах. Я, як і яна, зведала пераслед за сваю грамадска-палітычную дзейнасць і перакананні», – адзначала раней выканаўца галоўнай ролі, грамадская актывістка і журналістка Ларыса Шчыракова.

Дзейнасць Палуты Бадуновай ды іншых стваральнікаў БНР паспрыяла замацаванню беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]