Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Іван Кірчук: «Я вельмі добры чалавек і для сваіх музыкаў як мама»

09.09.2016 культура
Іван Кірчук: «Я вельмі добры чалавек і для сваіх музыкаў як мама»

10 верасьня ў Музэі народнай культуры і побыту ў Азярцы пад Менскам пройдзе ўжо традыцыйны фолк-фэст «Камяніца».

У праграме арганізатараў больш за два дзясяткі калектываў зь Беларусі і замежжа, сярод хэдлайнэраў — беларускія калектывы «Троіца» і Re1ikt, расейцы «Оле Лукое» і Іна Жаланная, украінскія фолк-рокеры «Тарута» ды іншыя.

Напярэдадні імпрэзы стваральнік і ідэйны натхняльнік «Троіцы» Іван Кірчук падзяліўся са Свабодай уражаньнямі пра арганізацыю падобных фэстаў у Беларусі і за мяжой, а таксама прычынамі, чаму беларускія выканаўцы мала запатрабаваныя на радзіме.

Як «зваліцца» з дацэнта ў старшыя выкладчыкі

З 58-гадовым музыкам і выканаўцам сустракаемся ў этнічнай лябараторыі, што сёлета заняла адзін з пакояў у Інстытуце культуры Беларусі. Калісьці ў назьве гэтай установы яшчэ фігуравала ўдакладненьне наконт «праблемаў», і, як кажа суразмоўца, прыбралі яго зусім дарэмна.

Некалькі гадоў таму спадар Кірчук сам быў вымушаны сысьці зь Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, аддаўшы любімай справе значны кавалак жыцьця. Якія пачуцьці ад сыходу — неразуменьне, крыўда, абыякавасьць?

«Адпрацаваў там без малога 19 гадоў, сабраў вялікую колькасьць экспанатаў, інструмэнтаў. І па тых прадметах, якія выкладаў — беларускія музычныя інструмэнты, этнамузыказнаўства, народны тэатар (батлейка), апрацоўка народнага твора, пастаноўка голасу, практыкум па фальклёры са сцэнарамі сьвятаў, — кожныя 4–5 гадоў рыхтаваліся праграмы. То бок гадавалі спэцыялістаў у галіне фальклёру. Але зь цягам часу праграмы зьмяняліся, нейкія прадметы наагул выкрэсьліваліся, пакуль не дайшло да таго, што мне пакінулі 0,25 стаўкі. Маўляў, гадзінаў няма, студэнтаў набіраць ня будзем. Таму маральна быў падрыхтаваны. Адзінае, незразумела, як Міністэрства адукацыі магло выкрэсьліваць праграмы, зьвязаныя з падрыхтоўкай адмыслоўцаў па фальклёры? Іх і так няма высокага ўзроўню! А крыўды ніякай: я ўжо тут пачынаў сустракацца са слухачамі, прапанавалі гадзіны. Бачу, што патрэбны: прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі, якія рыхтуюць сьвяты, абрады, займаюцца інструмэнтамі».

Калі ў пэдунівэрсытэце Іван Кірчук меў пасаду дацэнта катэдры этналёгіі і фальклярыстыкі, то ў Інстытуце культуры Беларусі ён толькі старшы выкладчык: «Значыць, усё яшчэ наперадзе, ёсьць куды расьці да пэнсіі», — не губляе аптымізму суразмоўца.

Уздоўж сьценаў інстытуцкай этналябараторыі — шафы і стэляжы з рэдкімі музычнымі інструмэнтамі, якія адлюстроўваюць эвалюцыю музычнага разьвіцьця народаў сьвету. Геаграфія ахоплівае прастору ад Беларусі да самых аддаленых куткоў Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі. Тут жа нацыянальныя і прывезеныя здалёк строі, галаўныя ўборы, якія Іван Кірчук надзяе на канцэртах. Пачэснае месца займае двухпавярховая батлейка, плён працы ягонай жонкі Кацярыны. Іншая — трохпавярховая — разам з сотняй унікальных экспанатаў ужо працяглы час захоўваецца ў варшаўскіх сяброў спадара Кірчука. Узяць на пастой яшчэ адну калекцыю ў Беларусі ахвотных няма.

Іван Кірчук згадвае, што першыя экспанаты знайшоў 33 гады таму. Якраз пачынаў працаваць у мастацкай вучэльні, і адной зь першых практык была рэканструкцыя вясельля ўзору 1915 году па матэрыялах Акадэміі навук. Для праекту спатрэбіліся аўтэнтычныя ручнік і посьцілка, але дома ў Лідзе, зразумела, нічога не аказалася. Тады разам з бацькам выправіліся да сваякоў у вёску Залесна на Шчучыншчыне, на сумежжа зь Літвой і Польшчай.

Малады Іван прыйшоў у захапленьне, калі выявілася, што ягоная цётка ня тое што мае гэтых вырабаў дзясяткамі, а сама тчэ на станку. Потым была наладжана «экспэдыцыя» да дзьвюх іншых цётак, і ў дарозе назад бацькава машына ўжо была пад завязку забітая бясцэннымі скарбамі:

«Гэтыя скарбы я прывёз у вучэльню мастацтваў, дзе агулам адпрацаваў 14 гадоў. У мяне была а-ля старадаўняя беларуская хатка, якую я збудаваў за свае сродкі, нават з бутафорскай печкай. Там наладзіў першую выставу, прыходзілі наведнікі, з гэтымі экспанатамі працавалі студэнты. У 1992-м мяне запрасілі ў цэнтар этнаграфіі і фальклёру „Каляндар“, дзе я неўзабаве стаў дырэктарам і пачаў фармаваць вялікую калекцыю: да ручнікоў і посьцілак, якія зьбіраў ужо па ўсёй Беларусі, дадаліся саламяныя, драўляныя, гліняныя, керамічныя вырабы. Гэтыя экспанаты таксама выкарыстоўваў гурт „Дзіва“, які ў 1995-м трансфармаваўся ў „Троіцу“. І вось з гэтымі куфрамі, валізкамі потым усюды цягаўся. Куды сам еду — туды трэба было ўсё і перасоўваць...»

Як «Троіца» скарала збалаваную Эўропу

У 1999 годзе Іван Кірчук з музыкамі выбраўся ў свой першы сурʼёзны замежны ваяж — разам з усёй этнаграфічнай калекцыяй запрасілі на нідэрляндзкую выспу ў Паўночным моры. Дзесяць дзён наведнікі слухалі беларускую музыку, знаёміліся з артэфактамі матэрыяльнай культуры, а маленькія гледачы ацанілі рэпэртуар батлейкі — беларуская мова дублявалася на маніторах па-галяндзку і па-ангельску. Нягледзячы на збалаванасьць публікі музычнымі прапановамі, выступы беларусаў праходзілі пры поўным аншлягу.

Неўзабаве пачалі паступаць іншыя прапановы, канцэртаў стала больш. На фэстывалях ня толькі завязваліся новыя кантакты, але ў арытмэтычнай прагрэсіі пачалі дадавацца музычныя інструмэнты, атрыманыя ў падарунак ад калегаў ды прыхільнікаў творчасьці:

«Мы зьвярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, пісалі ў Міністэрства культуры, але месца для калекцыі знайсьці так і не змаглі. Тры гады таму я пачаў працаваць у Інстытуце культуры Беларусі і адразу прапанаваў: давайце зробім хоць невялікі беларускі куточак. У вас ёсьць пустыя пакойчыкі, а ў нас ёсьць што паказаць. Дзякуй богу, сёлета пытаньне вырашылася, праект этналябараторыі распрацавала Ганна Зайцава. На музэй, зразумела, мы ня цягнем, бо гэта іншыя сродкі, іншы падыход да памяшканьняў. Мая ж задача палягае ў тым, каб наяўныя экспанаты працавалі, гучалі, каб іх можна было ўзяць у рукі. Так зьявілася этнічная лябараторыя — праз 33 гады пошукаў на радзіме».

У часе экскурсіі спадар Кірчук прадэманстраваў валоданьне сама меней двума дзясяткамі розных інструмэнтаў, ад духавых да струнных. Пры гэтым прызнаецца, што абсалютная бальшыня асвойваецца ім інтуітыўна, залежна ад зьместу будучай кампазыцыі. Дарэчы, пытаньне з рэпэтыцыйнай базай, якое некалькі гадоў вісела ў паветры, вырашылася толькі сёлета. Варыянт быў прапанаваны не дзяржавай, а проста добрымі людзьмі:

«Памяшканьня мы так і ня выбілі, можам хіба пахваліцца, што нас прынялі неабыякавыя людзі. Цяпер „Троіцкая“ база — у клюбе вёскі Шчомысьліца, за кальцавой дарогай. То бок за горадам Менскам. Ня так і далёка, але гэта факт — месца ў сталіцы для нас няма. Гадоў пяць „Троіца“ шукала сабе недзе прыстанку, зьвярталіся да ўладаў розных узроўняў; цікавіліся, дзе нам можна ўсё комплексна паказаць, запрасіць людзей. Бо нават амбасадар Аўстраліі, які пакінуў запіс у нашай кнізе водгукаў, быў шчыра зьдзіўлены, што ў „Троіцы“ няма годнай рэпэтыцыйнай залі. Тым часам „Троіцу“ плянуюць запрасіць да сябе на фэстываль беларусы Аўстраліі. Гэта яшчэ далей, чым мы нядаўна былі ў Чылі. Я ня ведаю, чаму такая абыякавасьць. Можа таму, што ў нас нібыта і так нешта ёсьць, што ў нас „сувязі“, што нашы знаёмыя дапамагаюць з канцэртамі ў Нямеччыне, у Галяндыі».

Незадоўга да справаздачнай «Камяніцы» каманда Івана Кірчука пабывала ў насычаным эўрапейскім турнэ. Найперш, «Троіца» ўдзельнічала ў фэстывалі WOMAD у Вялікай Брытаніі, куды запрашаюцца «этнічныя» музыкі найвышэйшага ўзроўню. Па-другое, прэстыжны Sfinks Mixed у Бэльгіі. Нарэшце, некалькі канцэртаў у Нідэрляндах.

Якая прынцыповая розьніца паміж імпрэзамі «прэміюм-клясу» ў Эўропе і дома? Ці дастаткова абазнаныя арганізатары беларускіх фэстаў, каб цягацца ўзроўнем з замежнымі аналягамі?

«Ну вось самі амаль адказалі на гэтае пытаньне, — спыняе Іван Кірчук. — Трэба езьдзіць, набірацца досьведу. Хачу сказаць, што адзін зь першых выездаў „Троіцы“ быў на рок-фэстываль у Піцер, які арганізоўваў Юры Шаўчук з ДДТ. Там я ўпершыню ўбачыў этнічных музыкаў, якія сваёй творчасьцю вельмі ўдала „ўплятаюцца“ ў рок-музыку. Для мяне гэта было дзіўна, бо нічога падобнага раней ня чуў; адпаведна, пачаў цікавіцца. І калі далей паехалі па іншых эўрапейскіх фэстывалях, насамрэч пабачылі шмат калектываў, якія працуюць з рознымі інструмэнтамі (прычым не абавязкова сваёй краіны), удала спалучаюць іх у кампазыцыях, у аранжыроўках. Напрыклад, з Галяндыі вёз пад 20 кампакт-дыскаў рознай музыкі, якую толькі мог набыць, сабраць. Так пачынаўся мой асабісты пошук».

Як трапіць на музычную службу ў «Троіцу»

На сёньня за сьпінай Івана Кірчука і ягоных сяброў больш за 100 фэстываляў вакол усяго глёбуса — ад аднаго краю зямлі ў Партугаліі і праз Малайзію да іншага паўшарʼя ў Чылі. Такім чынам, сёлета музыкі амаль «замкнулі» сваю кругасьветку. Праўда, ухваленьня заяўкі на некаторыя мерапрыемствы давялося чакаць больш як паўтара дзясятка гадоў:

«Два апошнія фэсты надзвычай моцныя, да іх мы мэтанакіравана ішлі шмат гадоў. На Sfinks Mixed, куды імкнуліся ад 1999-га, урэшце дапамагла прабіцца Юльяна Волаш, яна жыве ў Нямеччыне, працуе з шэрагам гуртоў з Грузіі, Эстоніі, Расеі. Вось дзякуючы ёй мы трапілі ў Бэльгію. Але самы моцны, самы, калі можна так сказаць, „нябесны“ — гэта WOMAD, які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса і які арганізуе славуты Пітэр Гэбрыэл. Сёлета яго наведалі 36 тысяч чалавек. „Камяніца“ хвалілася, што летась было 7–9 тысяч — гэта ў працяг пытаньня, як дагнаць і перагнаць Эўропу, пра Амэрыку не кажу. Проста такіх імпрэзаў павінна быць больш. Тады людзі пачнуць імі цікавіцца, дзеці будуць слухаць гэтую музыку, фармавацца пад яе ўплывам».

Калегі Івана Кірчука па «Троіцы» — два Юры, Дзьмітрыеў і Паўлоўскі. Дзьмітрыеў — былы студэнт Кірчука, мае адукацыю харэографа, танцаваў у ансамблі «Рэй». Вырас у беларускамоўнай сямʼі, яго бацька працаваў на розных пасадах у часопісе «Полымя». У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтва Юры вучыўся гітарнаму майстэрству і цяпер выкладае там гітару. Паўлоўскі граў у гурце «Князь Мышкін», адкуль і атрымаў запрашэньне ў «Троіцу». Дапамагаў у стварэньні і выпуску абедзьвюх кніг Івана Кірчука — «Аўтабаны і мэнэстрэлі» і «Гарыць сьвяча ля алтара...»

У кожнага, акрамя творчасьці, дадатковы кавалак працы ў калектыве. На Паўлоўскім — інтэрнэт, на Дзьмітрыеву — тэхнічнае абсталяваньне гурту. Ці не прыціскае Іван Кірчук маладзейшых калегаў сваім аўтарытэтам? Дыктатар ён — ці, наадварот, цярплівы настаўнік?

«У мяне ніякага дыктату ня можа быць, бо я не расьпісваю партытуры, як Фінбэрг, мы ўсё шукаем разам. Прыношу мэлёдыю, песьні, падбіраем інструмэнты. Бывае так, што апрацоўка робіцца месяц, а бывае і год — невядома, ад чаго яно залежыць, бо гэта творчы працэс. Таму ніякага дыктату няма. Каб валодаў усімі музычнымі інструмэнтамі, як Сьпівакоў (расейскі дырыжэр. — РС), казаў бы, што каму граць. А тут толькі тое, што падкажа сэрца. Здараецца так: калі ў кагосьці душа не ўспрымае, то песьня ня будзе гучаць. Трэба, каб усім было камфортна — з апрацоўкай, аранжыроўкай, музычнымі інструмэнтамі, якія выкарыстоўваюцца. Скажам, альбом „Зімачка“ — гэта 420 трэкаў, прапісаных трыма музыкамі. Вынік усім спадабаўся. А каб хтосьці адзін засумняваўся, песьня на кампакт-дыску не гучала б. Мне здаецца, я ім, наадварот, як мама, вельмі добры чалавек. Некаторыя палохаюцца барады, але гэта таксама бутафорыя» (сьмяецца).

Нягледзячы на салідны стаж працы, «Троіца», па словах Івана Кірчука, у сваім разьвіцьці не стаіць на месцы. Больш стала імправізацыі, спадзяваньняў на вопыт і густ. А беларускі музычны пласт настолькі глыбокі, што няма мяжы дасканаласьці — «капаць не перакапаць»:

«Раней мы пазыцыянаваліся як фолк-фʼюжн. Апошнім часам гэта ўжо прагрэсіў-фолк, бо не зразумець, у які момант уключаецца кавалак рокавы, джазавы ці блюзавы. Ня ставім перад сабой задачу — вось зараз будзе гучаць рок, не. Але мы зь Юрыем Дзьмітрыевым — вялікія прыхільнікі рок-музыкі. Як здарылася магчымасьць, паехалі ў Варшаву на канцэрт Dream Theater. Гэта першае.

Па-другое, беларускія рытмы маюць вельмі глыбокія карані, яшчэ дапаганскія. На жаль, сучасная музыка сябе моцна ўдзешаўляе за кошт рытмаў на 2/4 ці 3/4. Народная музыка мае зусім іншыя памеры (наігрывае і сьпявае з народнага. — РС). Ну чым гэта ня рокавы кавалачак? Нават „Яблыня“, якую мы выконваем у фінале без музычных інструмэнтаў, заўсёды ўсіх ставіць на вушы. Прычым розныя пляцоўкі, нават калі людзі ня ў курсе, пра што песьня, бо не разумеюць тэксту. Толькі рытм узьдзейнічае, як афрыканская музыка».

Як Кірчук стаў дзедам-варажбітом

Але ня музыкай адзінай: многім даспадобы сам па сабе вобраз «дзеда», які за гэтыя гады надзейна «прыклеіўся» да Івана Кірчука. Як адбываўся іміджавы пошук?

Іван Кірчук расказвае, што ягоны бацька барады не насіў, не прымаў яе катэгарычна. Але барадатымі былі дзяды. Адчуўшы покліч на генным узроўні, урэшце сам пачаў гадаваць «расьліннасьць», ужывацца ў вобраз на той час яшчэ маладога дзеда-варажбіта. Пры гэтым рабіць з калектыву «барадаты зі-зі топ» на ўзор знакамітых амэрыканцаў задача не стаіць — хоць абодва Юрыі пакрысе таксама пачалі абрастаць. Як кажа спадар Іван, «мы ў аднолькавым кірунку думаем, але гэта не азначае, што павінны аднолькава выглядаць»:

«Да „Троіцы“ ў мяне быў гурт „Дзіва“. Дарэчы, таксама больш вядомы за мяжой, бо стылізацыя аўтэнтычных сьпеваў не была патрэбная ні радыё, ні тэлебачаньню; зноў жа, выбіваліся з фармату, „культурнікам“ нецікава, ім давай гармонік, бубен. А ў нас капэла, вялікія праграмы, зь якімі мы езьдзілі... Аднойчы прапанавалі выступіць у нямецкім пабе. Мы хадзілі ў строях, што прывозілі з экспэдыцыяў, у мяне была кашуля, якую бацька знайшоў на Гарадзеншчыне, на галаве — чорная магерка. Але было няёмка, што трэба сьпяваць у піўнусе, і купіў маленькія круглыя акуляры, каб вочы ня бачылі таго піва пад старадаўнія песьні. Фактычна гэта было першае, з чаго пачалося. А калі запрасілі ў Галяндыю, павесіў яшчэ ў дадатак на шыю чорную акарыну, і ў такім выглядзе паехаў. І ўсе сказалі: слухай, дык гэта клясна! Потым зьявілася шапка, якую пашыла выкладчыца пэдагагічнага каледжу: на яе прымацаваў крыжык, падараваны каталікамі, затым сонца, падараванае паганцамі. Шапка пачала абрастаць рознымі сымбалямі».

Нягледзячы на сівую бараду, Іван Кірчук — малады бацька. Жонка Кацярына — ягоная былая вучаніца, асьпірантка — нарадзіла сына Стэфана і дачушку Агнешку. Разьлічвае, што хлопчык на суботняй «Камяніцы» дэбютуе ў якасьці гледача:

«Стэфан мае 2 гады і 4 месяцы, зьбіраюцца з жонкай прыехаць на „Камяніцу“ — балазе канцэрт ня позна. А дачушка яшчэ зусім маленькая, днямі было толькі два месяцы... Ня ведаю, але ня вельмі хацелася б, каб яны займаліся музыкай — столькі нацягаўся скрыняў, што мару, каб дзеці выбралі штосьці іншае. Магу толькі сказаць, што, напрыклад, мой бацька ня быў музыкам, але добра сьпяваў, з маткай 40 гадоў прасьпявалі ў фарным касьцёле. А вось дзяды — браты дзеда — я даведаўся, рабілі музычныя інструмэнты. Як казала мама, акардэоны, нават скрыпкі і фартэпіяна. Таму, відаць, музыка прыходзіць праз пакаленьне. Бо я не плянаваў займацца музыкай, вельмі хацеў у мора, стаць мараком. Але вось бачыце, можна плянаваць, а праз пакаленьне нешта само „накрые“. І калі зь мяне ня выйшаў добры музыка, ён можа атрымацца з сына. А калі хоць які ўсё ж выйшаў, то ўжо дзеці сына павінны займацца музыкай на іншым узроўні. А сын, можа, стане мараком» (сьмяецца).

Цяпер Іван Кірчук працуе над сольным праектам — монаспэктаклем пад назвай «Дарожка мая...». Плён творчых высілкаў мяркуе прэзэнтаваць ужо пры канцы восені. Больш за гадзіну будзе экспэрымэнтаваць на сцэне з музычнымі інструмэнтамі, з маскамі, з караваем, паказваючы трансфармацыю шляху чалавека ад нараджэньня да сьмерці.

Ігар Карней, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]