Маштабная спецаперацыя з відавочнымі прыкметамі злачыннасці, якая завецца «выбарамi», завершана.
Вялікая “палітычная сіла” – настаўніцтва (паводле Аляксандра Лукашэнкі) – не падвяла. Усё вызначанае загадзя адбылося. 108 са 110. Без выкарыстання шаптух і варажбітак угаданы. Ды і двое са 110 таксама мроіліся ў ліку магчымых. Кандовая, праіржавелая машына не зрабіла ніводнага збою.
Некаторыя педагогі, разумнікі, і ў душы дэмакраты, крыўдзяцца, навошта вы абвінавачваеце настаўніцтва цалкам? А як нам, скажыце, раздзяліць вас на “чэсных” і “нячэсных”, калі вы самі гэтага не робіце? Бадай, няма ніводнага дырэктара школы, гімназіі, ліцэя, які быў бы ў баку ад выбарнага фальш-спектаклю, больш таго, многія з іх з вострай шашкай, на адміністрацыйным кані (кабыле), правяць рэй у ролі старшынь, намеснікаў старшынь, сакратароў. Бульдогамі кідаліся на наглядальнікаў, шыпелі гадамі, выклікалі міліцыянтаў. І вы, педагогі, церпіце іх, падпарадкоўваецеся ім, боўтаеце ў знак згоды галовамі, падаеце рукі.
Мне давялося ў вераснёўскія дні кантактаваць з некалькімі мінскімі педагогамі, школьнымі і з універсітэцкімі, і ўсе яны ў адзін голас скардзіліся на цэйтнот, маўляў, катастафічна не хапае часу: “Выбары ж, выбары ж!”
Важнейшая дзяржаўная справа! Калі правільна, то з прыстаўкай “анты”.
Карацей, настаўніцтва яшчэ раз паказала і даказала, што яно разбэшчана, і лейцы ўсёй адукацыі, у большасці, у руках маральных дэградантаў. І гэта яны нечаму вучаць нашых дзяцей, унукаў, за народныя грошы дэманструюць юнаму пакаленню крывыя стандарты годнасці, сумлення, дэмакратызму. Нездарма штогод яны імкнуцца перапісваць падручнікі.
Нешта муляе. Хаця навошта ім тыя падручнікі, калі галоўным дапаможнікам у іх — аператыўныя ўказанні чынавенства.
Было б неабачлівым спасылацца толькі на ўдзел педагогаў у татальнай фальсіфікацыі, шматкроць даказанай наглядальнікамі і на гэты раз. Каста лёкаеў шматаблічная, яна знітавана, склеена, прыкормлена. І ў нас пакуль што няма моцы на пралом у сцяне.
Дзве жанчыны ад дэмакратычнага лагера – выверт вычварэнскай псіхалогіі мадэльераў рэжыму. Дазволі шчылінку, вузенькую-вузенькую. У разліку, што ім, жанчынам, не захочацца пастаянна ваяваць з балотным асяроддзем.
Тым жа росчыркам пяра тэхнолагі квэцнулі тварам у бруд прынцэсу вялікіх спадзяванняў, якая зачаравала пэўную частку чакальнікаў жаданых перамен. Вызначыць трэцяе месца ў акрузе па выніках асобе, якая пасля прэзідэнцкай кампаніі купала сама сябе ў промнях славы – гэта бомбавы ўдар.
Дарэчы, а ці варта было марнаваць столькі сіл і сродкаў, каб убачыць, адчуць на сваёй галаве, патыліцы і спіне смярдзючыя памыі ў падарунак ад рэжыму! Вось вам канкрэтная ўдзячнасць за рашучасць у знішчэнні баршчавіка ў ваколіцах Мінска. Праўда ва ўяўленні чынавенства – гэта непатрэбнае ім га.но. І Дзмітрыеў можа перайменаваць сваю арцель у “га.нопраўду”. Увогуле, нелішне мець на ўвазе, што здраднікаў ніхто ў выніку не паважае.
Апладысменты ад вузкага кола спажыўцоў інфармацыі заслугоўвае хіба што метадычнае грэблівае стаўленне рэжысёраў спектаклю да масоўкі, якая кожны раз у патрэбны момант выганяецца на сцэну пад лэйблам ліберал-дэмакратыі. Сын кандыдата ў псеўдасенатары нікога не зачараваў сваёй звышімпэтам. Брахаў-брахаў у адрас апазіцыі, славіў-славіў-славіў сваю палітычную арцель, як самую шматлікую, актыўную, эфектыўную, здольную дасягнуць перамогі ў любых умовах… А ў выніку? Не пусцілі нават у сенцы, пакінулі стаяць перад парогам з працягнутай рукой. Ні сына не пусцілі, ні клоўна, нікога.
З раніцы за вакном – густы туман. Шэрае неба. Змрочны настрой. Дзе тое наша сонца?!
Мікалай Галко, Facebook