Гэты артыкул прафесар Юры Хадыка напісаў ў траўні 2009 года. Ён дасюль актуальны…
«Гэта цяжкая тэма. Столькі бруду і лаянкі было выліта за савецкім часам на нацыяналізм і нацыяналістаў, што і сёння ні ў кожнага хопіць смеласці сказаць: я — нацыяналіст. Разам з тым кожны з нас быў патрыётам. Спачатку савецкім, а цяпер беларускім. Патрыётам быць пачэсна. Але ці падзяляе гэтыя паняцці такі высокі бар’ер? І ў чым яго сэнс? Мне здаецца, трэба гэта высветліць ці хаця б падыскутаваць для пачатку».
Звернемся да такой аўтарытэтнай крыніцы, як Вялікая савецкая энцыклапедыя. Цытую яе ў сваім перакладзе і з невялікімі скарачэннямі. «Нацыяналізм — буржуазная ідэалогія і палітыка, а таксама псіхалогія, якая трактуе нацыю як вышэйшую форму грамадскага адзінства, як гарманічнае цэлае з тоеснасцю асноўных інтарэсаў усіх сацыяльных слаёў». І ў падмацаванне прыведзенага вызначэння Вялікая савецкая энцыклапедыя спасылаецца на амерыканскага прафесара Б. Шэйфера, які акрэслівае такія рысы нацыяналізму:
1. Любоў да агульнай зямлі, расы, мовы і гістарычнай (традыцыйнай) культуры;
2. Імкненне да палітычнай незалежнасці і нацыянальнай бяспекі;
3. Містычная адданасць такому сацыяльнаму арганізму, як нацыя, народ;
4. Індывіды жывуць для нацыі;
5. Дадзеная нацыя павінна быць пануючай.
Адносна патрыятызму ВСЭ сцвярджае: «Патрыятызм — любоў да айчыны, адданасць ёй і імкненне служыць яе інтарэсам». І дадае: «Гістарычныя элементы патрыятызму — адданасць роднай зямлі, мове, традыцыям».
Адразу кідаецца ў вочы розніца. Нацыяналізм — ідэалогія, патрыятызм — пачуццё. Больш таго, дзякуючы амерыканскаму прафесару Шэйферу бачна, што пачуццё патрыятызму ўласціва і нацыяналісту (пункт першы), калі пад айчынай разумець агульную зямлю людзей адной расы, мовы і традыцыйнай культуры. Сукупнасць такіх людзей утварае нацыю. Таму імкненне да палітычнай незалежнасці і нацыянальнай бяспекі натуральныя для прыхільнікаў ідэалогіі нацыяналізму.
Становіцца зразумела, чаму ў СССР нацыяналізм асуджаўся і пераследаваўся, а патрыятызм ухваляўся і супрацьпастаўляўся нацыяналізму. СССР быў краінай, якую засялялі людзі розных рас, моў і культурных традыцый. Таму аб’яднаць савецкі народ магла толькі любоў да айчыны, пад якой разумелася геаграфічная прастора, акрэсленая дзяржаўнымі межамі. Ход гістарычных падзей паказаў, што такі клей быў занадта слабым, і пры першай нагодзе краіна развалілася на пятнаццаць нацыянальных дзяржаў. Высветлілася, што большую рацыю меў У. Ленін, калі пісаў пра Расійскую імперыю як пра турму народаў, а не яго наступнікі, якія маскавалі расійскі нацыяналізм савецкім патрыятызмам.
Тут неабходна згадаць пяты пункт прафесара Шэйфера, які кажа пра імкненне дадзенай нацыі да панавання. Гэтую ідэю прафесар запазычыў у ветэрана напалеонаўскіх войнаў па прозвішчы Шавэн. І таму такі нацыяналізм мае ўласную назву — шавінізм. А паколькі пануючай у СССР была руская нацыя, то яе нацыяналізм больш правільна называць рускім шавінізмам. Які і стаў сапраўднай духоўнай прычынай радаснага разбягання саюзных рэспублік, нягледзячы на пэўныя матэрыяльныя страты.
Стаў ён і прычынай міжнацыянальных канфліктаў у постсавецкіх краінах. Характэрна, што латышы і эстонцы не пратэставалі на вуліцах у савецкія часы супраць дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, бо гэта было вельмі небяспечна. А вось сёння руская меншасць бурліва пратэстуе супраць пераносу помніка загінулым савецкім воінам, якія нацыянальныя ўрады лічаць хутчэй сімваламі каланіяльнай залежнасці. Можна не згаджацца з пераносам помнікаў, але відавочна, што на гучныя пратэсты рускамоўную меншасць уздымае пачуццё пакрыўджанай нацыянальнай годнасці і памяць пра нядаўняе дамінаванне.
Яны карысныя, бо сведчаць, што адзінаю пануючай ідэалогіяй на прасторах былога СССР стаў гнаны раней нацыяналізм. Нават Беларусь, не разабраўшыся да канца з моўнай праблемай, галасуе «За Беларусь», хварэе за беларускіх спартсменаў і артыстаў і пачынае баяцца аднаўлення СССР.
Нам засталося разабрацца з трэцім і чацвёртым пунктамі прафесара Шэйфера. Прыметнік «містычная» адразу адкінем, бо яго з’яўленне тлумачыцца ўплывам вядомага правадыра нямецкіх нацыянал-сацыялістаў, які вельмі любіў містыку. Будзем разглядаць папросту «адданасць такому сацыяльнаму арганізму, як нацыя, народ» і «жыццё індывідуума для нацыі». Гэтыя тэзы сведчаць, што нацыяналізм ёсць ідэалогія калектывісцкага тыпу. Як сацыялізм і камунізм.
Ад апошніх ён адрозніваецца толькі тым, што не прызнае адкрытай Каралам Марксам класавай барацьбы і непазбежнасці перамогі партыі пралетарыяту. Нацыяналізм за гарманічнае грамадства з вертыкальнай рухомасцю і канкурэнцыяй, але без экспрапрыяцыі і ліквідацыі ворагаў народа. Як сказаў бы ПП РБ, нацыяналізм — за квітнеючае і стабільнае грамадства. Прынцыпова нацыяналізм адрозніваецца толькі ад чыстага лібералізму з яго тэзаю пра перавагу інтарэсаў і правоў асобы. Такая ідэалогія нарадзілася на пустых прасторах Новага Свету ў галовах эмігрантаў, адарваных ад сваіх каранёў. Такія грамады не адчувалі сябе адным народам. Але сёння і ў краінах Новага Свету няма чыстага лібералізму. Сацыяльная абарона сірых і ўбогіх, студэнтаў і пенсіянераў за акіянам часта далёка пераўзыходзіць нормы Старога Свету.
Але прафесар Шэйфер заўважыў не ўсе рысы нацыяналізму. Я мушу вярнуцца да верша Уладзіміра Караткевіча «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», тры радкі з якога вынесены ў эпіграф. Гэты верш наш вялікі паэт напісаў у 1959 годзе і прысвяціў яго мастацтвазнаўцу Н. М. Молевай, чый аповед пра творчасць нідэрландскага мастака XVI стагоддзя ён чуў. Пітэр Брэйгель Старэйшы маляваў не лубочныя карціны квітнеючай краіны, а яркія бязлітасныя сцэны п’янага разгулу разбагацелых бюргераў. Ствараў сімвалічныя сцэны разумовага і духоўнага заняпаду сытага грамадства, калі маляваў сляпых, што ідуць чарадой, трымаючыся адзін за аднаго, і падаюць у прорву ўслед за сляпым павадыром. Ці выяўляючы карціну карчомнага разгулу на фоне падзення ў мора крылатага юнака, які схацеў узняцца да сонца.
Дзякуючы таленту нідэрландскага мастака мы можам праілюстраваць розніцу паміж звычайным патрыятызмам і патрыятызмам нацыяналіста. Любоў да радзімы ўласцівая, як пісаў Ф. Скарына, і звярам лясным, якія ведаюць «норы свае». Патрыятызм нацыяналіста — гэта любоў з расплюшчанымі вачыма. Нацыяналіст бачыць хібы свайго народа і беды сваёй краіны і змагаецца за іх выпраўленне. Хто скажа, ці не стала Галандыя квітнеючай краінай дзякуючы бязлітасным карцінам Пітэра Брэйгеля Старэйшага, празванага мужыцкім?
Падводзячы вынікі гэтаму кароткаму аналізу (бо можна яшчэ шмат што сказаць пра страты, якія панёс беларускі народ з-за адсутнасці ў яго нацыяналізму), я хачу падкрэсліць, што ў сённяшняй Беларусі нацыяналістычнымі павінны быць дэмакратычныя партыі ўсяго палітычнага спектру. Мець беларусацэнтрычныя праграмы і лідэраў без ухілу на Захад ці Усход. Толькі шчырая адданасць інтарэсам свайго народа адкрые шлях да электаральнай перамогі. А не карыслівыя спробы стварыць кіруемую апазіцыю для абслугоўвання рэпрэсіўнага, антыдэмакратычнага рэжыму.
Юры Хадыка, «Новы час»