Яе адчыніла выдавецтва «Галіяфы».
«Сучаснага чытача трэба моцна зацікавіць кнігай, каб ён узяўся яе чытаць. Таму свой сайт для нас — гэта сродак камунікацыі з чытачамі, магчымасць паўней прадставіць нашыя кнігі і аўтараў, распавесці пра культурніцкую дзейнасць «Галіяфаў», — кажа дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў.
Неўзабаве, абяцае каманда «Галіяфаў», у інтэрнэт-кнігарні з’явіцца шэраг эксклюзіваў. Гэта беларуска-англійскі ілюстраваны слоўнік для дзетак «Наш дом», новы містычны дэтэктыў Валерыя Гапеева «Ноч цмока», другая кніга сёлетняга шорт-лістара прэміі «Дэбют» Кірыла Стаселькі, зборнік прозы Паліны Качатковай «Гняздо».
Таксама з'явіцца расейскі пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын», беларускамоўны наклад якога ў «Галіяфах» ужо разышоўся.
Рыхтуецца да друку «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала ў перакладзе Веры Бурлак і з малюнкамі Кацярыны Дубовік, якая сёлета атрымала прэмію імя Цёткі за найлепшае мастацкае афармленне дзіцячай кнігі.
Каб зацікавіць чытачоў, выдавецтва пачне выкладаць на halijafy.by урыўкі з новых кніг. На наступным тыдні стане даступным фрагмент кнігі «Лісты круцяля» Клайва Стэйплза Льюіса, аўтара «Хронік Нарніі».
На галоўнай старонцы інтэрнэт-кнігарні можна падпісацца на рассылку і атрымліваць па электроннай пошце бясплатныя фрагменты «галіяфаўскіх» кніг.
На halijafy.by прадаюцца і кнігі дванаццаці іншых беларускіх выдавецтваў. Кожны дзень сайт папаўняецца новымі выданнямі.
Плюс для чытачоў - хуткая пакупка кніг без рэгістрацыі. Дастаткова пазначыць кантакты і выбраць адзін з трох спосабаў дастаўкі: бясплатную дастаўку па лініі метро ў Мінску; перасылку поштай па Беларусі; альбо самавываз з кнігарні «Галіяфы».