Аднаўленьне архітэктурнай спадчыны павінна быць гістарычна дакладным.
У Віцебску пачынаецца падрыхтоўка для будоўлі Сафійскага сабору. Аднаўленьне гістарычнага полацкага храму ў іншым горадзе спэцыялісты называюць авантурай. Якія знакавыя будынкі было б насамрэч варта аднавіць, «Радыё Свабода» пералічыў Антон Астаповіч, старшыня рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў.
Горадня: фара Вітаўта і ратуша
У 1587–1589 гадах на загад Стэфана Баторыя каля старога драўлянага касьцёла ў Горадні быў закладзены мураваны гатычны касьцёл. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі, Баторый хацеў, каб яго пахавалі ў ім.
Пасьля вайны з Масквой касьцёл моцна пацярпеў і быў перабудаваны. У 1804 годзе расейскія ўлады перадалі касьцёл праваслаўнай супольнасьці Горадні. А ў 1807 годзе касьцёл перабудавалі ў стылі клясыцызму і асьвяцілі ў сабор Сьвятой Сафіі.
У 1899 годзе пасьля чарговага пажару касьцёл перабудоўваюць ужо ў псэўдарускім стылі. На ім зьяўляюцца характэрныя цыбуліны і какошнікі.
З 1919 году, калі Горадня адышла да Польшчы, касьцёл належаў каталікам. У 1923 годзе яго перабудавалі ў нэагатычным стылі.
8 сакавіка 1961 году гарадзенскі гарсавет прагаласаваў за знос «аварыйнага касьцёла» на Савецкай плошчы. Касьцёл замініравалі і падарвалі ў ноч з 28 на 29 лістапада 1961 году.
Сёньня на месцы касьцёла разьбіты парк, у цэнтры якога стаіць памятны знак пра храм, які быў на гэтым месцы.
Ратуша ў Горадні зьявілася ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя, пасьля атрыманьня горадам Магдэбурскага права. Яна была пабудаваная ў стылі рэнэсанс. Пасьля нападу на Гародню маскоўскага войска ў 1660-я гады ратуша была моцна пашкоджаная і амаль паўтара стагодзьдзя прастаяла паўразбураная.
Дакладны выгляд рэнэсанснай ратушы невядомы. Уяўленьне пра яе можна атрымаць толькі з гравюры Матыяса Цюнта 1568 году. Гэта быў двухпавярховы будынак зь вежай.
Нанава, ужо ў стылі клясыцызму, ратушу адбудавалі ў 1784 годзе. Яна разьмяшчалася насупраць касьцёла францішканцаў — сучаснага фарнага.
Савецкія ўлады зьнішчылі пашкоджаны будынак ратушы ў 1946 годзе і зрабілі тут Савецкую плошчу. На гэтым месцы дагэтуль нічога не пабудавана.
Пінск: касьцёл Сьвятога Станіслава
Пабудаваны ў 1648 годзе, касьцёл Сьвятога Станіслава ў Пінску быў на той час самым вялікім ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Касьцёл будаваўся пры кляштары езуітаў. Тут жа езуіты адкрылі калегіюм, дзе выкладаў Андрэй Баболя. Пры нападзе на Пінск казакоў у 1657 годзе Баболю забілі. Пазьней яго бэатыфікавалі. Да 1808 году цела сьвятога Баболі знаходзілася ў крыпце касьцёла Сьвятога Станіслава.
У 1773 годзе ордэн езуітаў распусьцілі, і на нядоўгі час касьцёл адышоў уніятам. У 1800 годзе расейскія ўлады перадалі будынак пад праваслаўны манастыр. Толькі ў 1918 годзе яго вярнулі каталікам.
У 1953 годзе ў Пінску праходзіла рэканструкцыя гораду. Касьцёл Сьвятога Станіслава падарвалі, і на ягоным месцы разьбілі Савецкую плошчу з помнікам Леніну ў цэнтры. Будынак езуіцкага калегіюму ў Пінску захаваўся, а на месцы былога касьцёла побач з калегіюмам разьбіты гарадзкі парк.
Менск: касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага
У 1620–1640-я гады на Высокім рынку ў Менску быў пабудаваны першы мураваны касьцёл з кляштарам. Ён належаў дамініканцам і быў названы ў гонар вядомага прадстаўніка ордэну — Тамаша Аквінскага.
Касьцёл і кляштар служылі і як абарончыя збудаваньні. Цягам XVIII стагодзьдзя касьцёл рэканструяваўся і разбудоўваўся. А з прыходам расейскіх уладаў пачаўся ягоны заняпад.
Пасьля паўстаньня 1830–1831 гадоў улады зачынілі кляштар. У хуткім часе пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў зачынілі і сам касьцёл. Спачатку быў плян, каб прыстасаваць будынак храму пад гарадзкі тэатар. Потым тут разьмясьцілі пажарнае дэпо.
У міжваенныя гады будынак касьцёлу лічыўся пад абаронай дзяржавы. У вайну ён быў пашкоджаны, але ў канцы 1940-х зрабілі яго першасную кансэрвацыю.
У 1950 годзе касьцёл і кляштар падарвалі. На думку ўладаў, будынкі не пасавалі да новага аблічча Цэнтральнай плошчы, у цэнтры якой быў помнік Сталіну. На месцы кляштара зьявіўся сквэр.
У 1980-я гады, калі на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, археолягі знайшлі падмуркі касьцёла.
У 2011 годзе стала вядома пра пляны ўладаў рэканструяваць Кастрычніцкую плошчу. Антон Астаповіч прапанаваў Менгарвыканкаму аднавіць на новай плошчы касьцёл Тамаша Аквінскага. Таварыства аховы помнікаў распрацавала эскізную прапанову аднаўленьня касьцёла.
Глыбокае (Беразьвечча): Петрапаўлаўская царква
У XVII стагодзьдзі ў маёнтку Беразьвечча каля Глыбокага быў заснаваны базыльянскі кляштар. У 1756–1763 гадах на месцы драўляных пабудоў узьвялі мураваны кляштар і царкву. Архітэктарам царквы быў Ян Гляўбіц — стваральнік і найбольш вядомы прадстаўнік стылю віленскага барока. Гляўбіц спраектаваў новы будынак Сафійскага сабору ў Полацку, касьцёл кармэлітаў у Мсьціславе, фарны касьцёл у Лідзе.
У 1839 годзе расейскія ўлады скасавалі унію, і царква з кляштарам сталі мужчынскім праваслаўным манастыром. З 1874 году тут стаў жаночы манастыр.
У 1919 годзе польскія ўлады перадалі царкву каталікам, а ў будынках кляштару разьмясьціўся аддзел Корпусу аховы памежжа.
З 1939 году ў кляштары была турма. Спачатку Саветы тут утрымлівалі палітзьняволеных, потым немцы звозілі ў Беразьвечча ваеннапалонных. З пасьляваеннага часу і па сёньня тут папраўчая калёнія.
Будынак царквы-касьцёла ў 1970 годзе падарвалі.
Віцебск: касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага, касьцёл Сьвятога Язэпа
У 1676 годзе ваявода віцебскі Ян Храпавіцкі фундаваў будоўлю драўлянага кляштару бэрнардынцаў на ратушнай плошчы ў Віцебску. Пасьля двух пажараў у 1737 годзе пачалася будоўля мураванага касьцёла. Пабудаваны ў стылі віленскага барока, касьцёл быў асьвечаны ў 1768 годзе ў імя сьвятога Антонія.
Расейскія ўлады выкарыстоўвалі кляштар для сваіх патрэбаў. Касьцёл дзейнічаў да 1920-х гадоў. Яго зруйнавалі пасьля Другой сусьветнай вайны.
Разбураныя ў цэнтры Віцебску праваслаўныя цэрквы ў наш час аднавілі. А цяпер і каталікі зьбіраюць грошы на аднаўленьне касьцёла Сьвятога Антонія.
Як распавёў Вячаслаў Барок, пробашч сучаснага — ня блытаць са старым, разбураным — касьцёла Сьвятога Антонія ў Віцебску, гарадзкія ўлады прыхільна ставяцца да адбудовы касьцёла ў гістарычным цэнтры. Цяпер трэба атрымаць дазвол у прэзыдэнта, бо паводле заканадаўства гэта ён вырашае, ці выдзяляць зямлю пад рэлігійныя ўстановы ў абласных цэнтрах.
«Нас цешыць, што гарадзкія ўлады хочуць хадайнічаць перад прэзыдэнтам аб выдзяленьні зямлі пад будаўніцтва касьцёла, — сказаў Барок. — Наш абласны архітэктар таксама бачыць, што дзякуючы касьцёлу Сьвятога Антонія архітэктурны ансамбль Ратушнай плошчы будзе закончаны».
Яшчэ адзін важны для Віцебску будынак — езуіцкі касьцёл з кляштарам. У 1644 годзе тут быў асьвечаны першы драўляны касьцёл езуітаў. А ў 1682 годзе пры кляштары адкрыўся калегіюм.
Касьцёл Сьвятога Язэпа
У 1716 годзе пачалася будоўля мураванага касьцёла. Ён быў асьвечаны ў 1751 годзе. Таксама з канца XVII і цягам усяго XVIII стагодзьдзя ўзводзіўся будынак калегіюму.
Езуіты заставаліся ў Віцебску да 1820 году, пакуль іх не забаранілі расейскія ўлады. Спачатку касьцёл з кляштарам перайшлі да базыльянаў, а пасьля забароны ўніяцтва — да праваслаўных.
Касьцёл Сьвятога Язэпа перабудавалі пад праваслаўны храм і асьвяцілі ў імя сьвятога Мікалая — у гонар расейскага імпэратара.
У 1956 годзе савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл з кляштарам дзеля «ўпарадкаваньня і рэканструкцыі» цэнтру гораду.
Магілёў: касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў, халодная сынагога
Езуіты зьявіліся ў Магілёве ў канцы XVI стагодзьдзя. У 1699 годзе тут пачалі будаваць мураваны касьцёл у стылі барока. Таксама пры кляштары працаваў калегіюм.
Зь ліквідацыяй ордэну езуітаў расейскія ўлады перадалі будынак калегіюму пад вайскова-афіцэрскую школу. Пасьля паўстаньня 1830–1831 гадоў будынак касьцёла перарабілі пад праваслаўную царкву.
У 1950-я гады касьцёл і калегіюм зруйнавалі. На падмурках калегіюму стаіць сучасны музэй этнаграфіі. А вось падмуркі касьцёла не занятыя. Пабудаваць на гэтым месцы свой офіс зьбіралася магілёўская кампанія «Сэрвалюкс». Але бізнэс-цэнтар ужо стаў у іншым месцы, і падмуркі касьцёла застаюцца вольнымі.
У 1680 годзе каля Верхняга гораду ў Магілёве пабудавалі драўляную сынагогу. Яна была выкладзеная зь бярвёнаў і мела два паверхі. Сынагога на ідыш будзе «шул», што даслоўна значыць «школа», таму раён і атрымаў назву Школішча.
Сынагога атрымала вядомасьць за свой росьпіс. У 1740 годзе мастак са Слуцку Хаім бэн Іцхак Галеві Сэгал размаляваў сьцены і столь сынагогі. Дасьледчыкі юдаізму занатавалі гэтыя малюнкі на пачатку XX стагодзьдзя падчас экспэдыцыі ў Магілёў.
У 1918 годзе савецкія ўлады ўключылі магілёўскую сынагогу ў сьпіс помнікаў даўніны, якія ахоўваюцца дзяржавай. Але ў 1938 годзе сынагогу зачынілі і разабралі на бярвеньне.
Падмуркі захаваліся, і грамадзкасьць прапаноўвала ўладам аднавіць знакавую для Магілёва сынагогу і зрабіць там музэй габрэйскай культуры.
Ворша: касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла
Езуіцкі калегіюм у Воршы быў першай навучальнай установай у Віцебскім ваяводзтве. Ён адкрыўся на пачатку XVII стагодзьдзя пры рэзыдэнцыі езуітаў. Больш за стагодзьдзе калегіюм быў драўляны. У 1758 годзе скончылася будоўля касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла, а ў 1803 годзе — мураванага будынку калегіюму.
У 1822 годзе, пасьля забароны езуітаў у Расейскай імпэрыі, школу і прыход перадалі дамініканцам, а калегіюм прыстасавалі пад павятовую вучэльню.
Касьцёл у 1825 годзе перадалі праваслаўным. Яго зьбіраліся перабудаваць, аднак у 1840 годзе разбурылі.
У калегіюме зрабілі турму. Вязьніца ў езуіцкіх будынках праіснавала да 1989 году. У 1993 годзе тут правялі археалягічныя раскопкі, і на пачатку 2000-х калегіюм аднавілі. Падмуркі касьцёла — побач з калегіюмам.
Полацак: Касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі
У 1672 годзе манахі-дамініканцы заснавалі ў Полацку кляштар. У канцы XVIII стагодзьдзя пачалася будоўля мураванага касьцёла ў імя Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Полацак адышоў да Расеі і стаў цэнтрам губэрні. У горадзе пачалася рэканструкцыя, якая закранула цэнтральную плошчу, дзе ўзводзіўся касьцёл дамініканцаў. Ягоная архітэктура праектавалася так, каб пасаваць да ўжо новага гарадзкога ансамбля.
Празь недахоп грошай касьцёл пабудавалі толькі ў 1804 годзе. Будынак меў рысы клясыцызму. Разам з касьцёлам быў пабудаваны і кляштар.
Як і ўсе дамініканскія кляштары, полацкі закрылі ў 1832 годзе. Касьцёл у 1864 годзе перавялі ў статус парафіяльнага. Кляштар з касьцёлам былі разбураныя ў Другую сусьветную вайну.
Таксама ў цэнтры Полацку стаяў касьцёл Сьвятога Стэфана — дамінанта цэнтральнай плошчы. У 1936 годзе яго часткова разабралі, а ў 1964 годзе разбурылі. Замест касьцёла Сьвятога Стэфана пабудавалі жылы дом. А вось месца, дзе стаяў дамініканскі касьцёл — вольнае.
Астаповіч: Аднаўленьне павінна быць на тым самым месцы. Сафійскі сабор у Віцебску— разрыў праваслаўнага мозгу
— Чаму сярод усіх будынкаў вы адабралі галоўным чынам касьцёлы? На іх захавалася больш дакумэнтацыі для аднаўленьня?
— Я называў дамінантныя абʼекты ў гарадах, якія можна аднавіць у сучаснай горадабудаўнічай сытуацыі. Гэта значыць, што месцы, на якіх яны стаялі, не занятыя сучаснай забудовай. Іх аднаўленьне створыць цудоўнае асяродзьдзе.
Вось чаму я берасьцейскія касьцёлы не называў? Калі гэта знакавы абʼект, ён павінен аднаўляцца ў пэўным кантэксьце. Павінна быць наводдаль хаця б нейкая шараговая забудова, якая стварае гістарычны кантэкст. Нават калі пра фару Вітаўта гаварыць, яе варта было б аднаўляць толькі пасьля аднаўленьня ратушы з гандлёвым радамі. Гэта б стварыла цудоўны кантэкст.
А берасьцейскія касьцёлы стаялі на тэрыторыі Берасьцейскай крэпасьці. Для іх аднаўленьня не хапае горадабудаўнічага кантэксту, які існаваў у старажытным Берасьці.
— А замкі чаму не ўключылі ў гэты сьпіс?
— Прабачце, а што аднаўляць? Калі я называю абʼекты, на іх існуе дакладны матэрыял, паводле якога іх можна навукова абгрунтавана аднаўляць. А замкі — гэта ўсё фантазія. Аднаўляць зруйнаваныя замкі — гэта ствараць фантазіі на тэму а-ля замак.
Так, мы можам вызначыць іх пляніроўку, пэўныя характары іх канструкцыяў, але мы ня можам вызначыць іх марфалёгію як архітэктурнага абʼекта. Таму што матэрыялу няма.
— А ў Гародні толькі фара Вітаўта?
— Я гавару пра абʼекты, на якія можна вось зараз узяць і рабіць праектную дакумэнтацыю. У Горадні можна гаварыць і пра дамініканскі касьцёл. Але для гэтага трэба напрацоўваць матэрыял. Месца кармэлітаў у Горадні занятае, месца бэрнардынак таксама занятае.
— Якія самыя ўдалыя прыклады аднаўленьня гістарычных будынкаў вы б назвалі?
— Іх можна на пальцах пералічыць. Гэта магілёўская ратуша, шклоўская ратуша з гандлёвымі радамі, менская ратуша і менская Сьвятадухаўская царква. Таксама Ўсьпенскі сабор і рынкавая царква ў Віцебску. Гэта ўсе абʼекты, якія ў нас адноўленыя на больш-менш нармальным узроўні.
— Што б вы сказалі наконт Сафійскага сабору, які зьбіраюцца будаваць у Віцебску?
— Гэта не аднаўленьне. Аднаўленьне — гэта навукова абгрунтаваная адбудова страчанага абʼекта на месцы яго былога існаваньня. А Сафійскі сабор у Віцебску — гэта разрыў праваслаўнага мозгу.