Глеб Лабадзенка рапавёў, як змагаецца з чыноўнікамі за беларушчыну.
Глеба Лабадзенку ў Беларусі ведаюць ня толькі як аўтара цікавых газэтных тэкстаў і бліскучага блогера, сябра славутай сямʼі князёў Радзівілаў і заснавальніка курсаў беларускай мовы. Ад імя Лабадзенкі дрыжаць менскія чыноўнікі, прычым ня толькі дробныя начальнікі камунальных гаспадарак, але і чыны ў пагонах з ДАІ ці з Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, супрацоўнікі іншых міністэрстваў.
Іх можна зразумець: каму патрэбны галаўны боль — адказваць грамадзяніну па-беларуску? Тым больш скаржнік на гэтым не спыняецца, а патрабуе, прыкладам, замяніць на беларускі варыянт усе пячаткі, якімі ўпрыгожаны ягоны пашпарт. У тым ліку адзнакі пра дзяцей ды пра рэгістрацыю шлюбу. З гісторыі пра гэты штамп Глеб Лабадзенка пачаў свой расповед пра тое, як змагаецца з чыноўнікамі за беларушчыну, паведамляе «Радыё Свабода».
«Жонка, калі радасна паведаміў, што дамогся скасаваньня ў пашпарце штампу пра шлюб, чую, не абрадавалася. Але хутка паставілі новы, ужо па-беларуску. Раней замяніў на беларускі варыянт правы кіроўцы, тэхпашпарт на аўтамабіль. Правы не мяняю на новы ўзор, маленькія, бо ў старых мне зрабілі цудоўную памылку. Усім аддзелам перакладалі з рускай на беларускую мову і напісалі пра акуляры, што мушу імі карыстацца за рулём „обовязкова“. Сьмех!
Але калі сурʼёзна, дык усіх чыноўнікаў магчыма павярнуць да мовы, прычым большасьць хутка ўспамінае, што да 10 клясы вучылі, ведалі і добра могуць карыстацца матчынай мовай. Вось толькі ім патрэбны штуршок», — кажа Глеб Лабадзенка.
Мы ехалі ў ягоным аўто на суд у Стоўпцы. Там меліся вынесьці рашэньне па адміністрацыйнай справе дырэктара мясцовай аўтазапраўкі № 6 United Company Віталя Кулака, які, паводле міліцэйскага пратаколу, парушыў заканадаўства аб распаўсюдзе інфармацыі. Пасьля суду, які так і не адбыўся, Глеб Лабадзенка распавёў больш падрабязна, з чаго пачалася ягоная цяжба з аўтазапраўкай, а таксама патлумачыў, чаму ўвогуле займаецца гэтай справай — піша скаргі на чыноўнікаў.
— 21 жніўня я праяжджаў міма гэтай запраўкі, бо тут непадалёк наша лецішча, і вырашыў заехаць і папіць кавы. Зайшоў, гляджу, а тут ідзе канал «Расія-24». Для мяне гэта прынцыповая рэч, таму папрасіў пераключыць, бо не хачу гэты канал глядзець увогуле. На што мне бармэнка адказала, што ім забаронена гэты канал пераключаць, загад кіраўніцтва.
Добра, адразу папрасіў кнігу скаргаў. Напісаў і паехаў.
Назаўтра пазваніў дырэктару гэтай запраўкі Кулаку В.В. і кажу, што ўчора адбылася вось такая сытуацыя. Не паказваюць іншыя каналы, а толькі «Расія-24», і спасылаюцца на ваш загад. Што гэта, пытаюся, за загад? З чым гэта зьвязана?
Ён тлумачыць, што яны лічаць, нібыта гэты канал найбольш поўна адлюстроўвае інфармацыйную карціну дня. Кажу яму: а навошта мне, жыхару Беларусі, навіны Тулы, Разані, Урупінску і гэтак далей? Кажа, што ня толькі з Расеі, з усяго сьвету навіны паказваюць.
Пасьля гэтага я напісаў зварот на сайт гэтай United company і выставіў яго ў Фэйсбуку. Ніякага адказу абсалютна не атрымаў. Мяне гэта абурыла, і таму я вырашыў зьвяртацца далей. У тым ліку напісаў у Міністэрства інфармацыі і сувязі, у аддзел ідэалёгіі Стаўпецкага райвыканкаму.
Зрэагавалі абсалютна ўсе органы. Першым мне нават прыйшоў адказ са Стаўпецкага РУУС, бо Мінінфармацыі перадало скаргу ў міліцыю. У іхнім адказе паведамлялася, што ўжо праведзеная праверка і справа перададзеная ў суд. І было напісана, па якім артыкуле. Адкрыў гэты артыкул, а там усё пра распаўсюд тэлеканалаў.
Потым спадарыня зь Міністэрства інфармацыі, якая займалася маёй скаргай, патлумачыла, што тут ёсьць два моманты парушэньня. Першы — трансьляваць у публічнай прасторы любы тэлеканал можа толькі той, хто атрымаў адпаведную ліцэнзію ад Міністэрства інфармацыі. Апроч дзевяці каналаў гэтак званага сацыяльнага пакету. Па-другое, існуе сьпіс замежных тэлеканалаў, якія ня маюць дазволу на трансьляцыю ў Беларусі, зрэшты, як і «Белсат». Дык вось «Расія-24» таксама ў гэтым сьпісе.
Таму справа была перададзеная ў суд, і парушальніку пагражае ад 20 да 50 базавых велічынь штрафу.
— Суд сёньня не адбыўся, нечакана справу нібыта адправілі на дапрацоўку, і вы выказалі меркаваньне, што альбо забаяліся публічнасьці, альбо дапамагаюць дырэктару пазьбегнуць адказнасьці. Чаму вам гэтак важна, каб дырэктара пакаралі?
— Справа ня толькі ў штрафе. Мне важна, каб яго прызналі вінаватым. Ужо адзін раз прагучала, што канал «Расія-24» нельга паказваць. Таму вельмі важна стварыць прэцэдэнт, калі будзе судом пастаноўлена, што канал «Расія-24» пакуль што паказваць у Беларусі не дазволена. Можа, яны далей атрымаюць акрэдытацыю, але пакуль што гэтак.
Але, мяркую, нават калі гэты стаўпецкі суд усё адкруціць, ужо ніводная іншая запраўка, ніводнае іншае публічнае месца ня зможа далей паказваць гэты канал. Бо толькі сацыяльны пакет з 9 каналаў, у якім няма «Расіі-24», можна паказваць безь ліцэнзіі, а ўсё астатняе — не, калі ты не рэтрансьлятар тэлеканалаў. Пра гэта цяпер усе ведаюць і могуць на гэтае правіла спасылацца.
— На якіх прынцыпах грунтуецца гэтая ваша пазыцыя? Вы змагаецеся за мову, за нейкую ідэю? Ці супроць нечага пэўнага?
— Лічу, што ў нас вельмі нізкі ўзровень грамадзянскай сьвядомасьці, а грамадзянская супольнасьць — гэта вельмі важная рэч, пра стварэньне якой павінен дбаць кожны з нас. Адвечна нашы людзі ўсё рабілі талакой. І тое, што цяпер мы такія разасобленыя — кагосьці аднаго бʼюць, а ўсе астатнія сядзяць і маўчаць — гэта вынік, ён ня сам сабой утварыўся. Між тым кожны павінен адчуваць, што ў ягоных сілах спрабаваць, пільнаваць і ўплываць на некаторыя рэчы. Вось я кіруюся такім прынцыпам, што калі можаш не прайсьці міма, дык не праходзь. Калі бачыш праблему, дык паспрабуй вырашыць яе дасяжнымі табе спосабамі. Хтосьці палянуецца, хтосьці падумае — ай, цырк нейкі, клаўнада, ці варта гэтым займацца, пісаць звароты і гэтак далей. А я лічу, што гэта важна.
— І вы знайшлі ахвяру ў выглядзе тэлеканала «Расія-24»?
— Што да гэтага канала, дык для мяне зразумела, што гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі. Бо тут мы маем прапаганду краіны, якая вядзе вайну з нашым суседам, і паказ канала «Расія-24» тут — гэта працяг інфармацыйнай вайны. Безумоўна, дзяржава найперш павінна дбаць, каб з кожнага рупара прапаганда іншай дзяржавы не лілася. Калі ўжо падыходзіць зь дзяржаўнага пункту гледжаньня, дык там, на запраўцы, можа вісець канал БТ. Але калі дзяржава ня дбае пра гэта, дык і я ня буду дбаць пра канал БТ, але я буду дбаць пра тое, што канал «Расія-24» у нас гучаць не павінен.
— А што дае ваша змаганьне з чыноўнікамі за беларускамоўныя дакумэнты? Гэта для вас змаганьне за Канстытуцыю, атрыманьне задавальненьня ці прыклад іншым?
— Ведаеце, я прынцыпова стараюся мімаходзь, там, дзе мне патрэбна аформіць якія дакумэнты ці дзе трэба кантактаваць зь якімі органамі, нагадваць усім пра існаваньне беларускай мовы.
Прыкладам, я вось атрымаў на аўтамабіль усе дакумэнты беларускамоўныя: тэхпашпарт, правы, страхоўку. Тэхпашпарт калі мне выдавалі, дык міліцэйскі начальнік сказаў, што гэта першы ў Менску тэхпашпарт па-беларуску.
Але тады ў мяне паўстае пытаньне: а дзе ўсе астатнія беларускамоўныя людзі, якія пішуць у камэнтарах, у Фэйсбуку, якія размаўляюць нібыта па-беларуску? Атрымліваецца, што калі яны трапляюць да якога клерка ці сакратаркі, дык адразу мову губляюць?
Вельмі важна ўсьведамляць, што ваша прынцыповасьць у моўным пытаньні — ваш маленькі падарунак беларускай мове. Не прайдзіце міма, выдаткуйце пяць хвілін свайго часу дзеля мовы. Прычым гэта ж ня трэба біцца, кашулю на сабе драць, лаяцца — проста выдаткаваць некалькі хвілін свайго часу. І нешта зрушыцца зь месца.
Мяркую, гэтак кожны можа падумаць, што асабіста можна зрабіць для мовы. Хтосьці можа подпісы зьбіраць, як Зьміцер Дашкевіч, хтосьці пасты ў «Фэйсбуку» рабіць гнеўныя. Але ёсьць і іншыя мэханізмы, яны існуюць на паперы, але мы іх чамусьці не выкарыстоўваем.
У нас людзі проста напішуць камэнт, зробяць пост і думаюць, што ўжо ўсё, яны з гідрай пазмагаліся. Хіба гэтага дастаткова? Калі ласка, вам дзяржава ў выглядзе законаў дае інструмэнты.
Канечне, у нас законы працуюць далёка не заўсёды, але, як паказвае практыка, калі быць настойлівым і ведаць гэтыя законы, ведаць, куды зьвяртацца, як адфармуляваць, дык можна нешта пэўнае зрабіць. Ці прынамсі паспрабаваць зрабіць, перш чым плакаць, што ў нас нічога па-беларуску няма.
— Вы вось кажаце, што гэтае змаганьне няшмат часу патрабуе. Але хто ня ведае нашых бюракратаў — аднаго зачапі, другога, вось і пашкадуеш, што зьвязаўся. Хіба ня гэта спыняе людзей?
— Ды не, часу ня шмат, але настойлівасьць патрэбная. Сам запіс у кнізе скаргаў патрабуе тры хвіліны. Але трэба спыніцца, адкласьці нейкую сваю справу, каб гэты запіс зрабіць, і быць гатовым да далейшага.
А далей мне прыходзіць адказ па-руску, а я ўжо адразу ведаю, што гэта парушэньне закону, бо адказваць трэба на той мове, на якой зьвярнуўся чалавек. Мы на сайце movananova стварылі адмысловы разьдзел пра абарону моўных правоў, дзе сабралі асноўныя пункты законаў, якія рэгулююць ужываньне беларускай мовы. І прадугледжваюць адказнасьць за адмаўленьне ў беларускай мове дзяржструктурамі, афіцыйнымі органамі і гэтак далей. І таму я адразу адкрываю гэтую закладачку, гляджу, які пункт закону парушаны, і тут жа пішу зварот у пракуратуру, адміністрацыю раёну ці ў міліцыю, што адбылося парушэньне закону, калі ласка, гэта ўсё папраўце.
Гэта няшмат часу забірае. Найбольш часу забірае пайсьці на пошту і адправіць заказны ліст, бо на электронныя звароты, як паказвае мая практыка, не адказваюць. У большасьці выпадкаў. Тэлефануеш, а там адказваюць, што не атрымлівалі, ці што «Мы вам высылалі адказ. А да вас не дайшоў? Ай-я-яй». То бок усе органы абавязаныя адказваць на электронныя звароты, але могуць заўсёды спаслацца на тэхнічныя прычыны і гэта робяць.
Але калі быць настойлівым, паўтараю, можна дамагчыся і адказу па-беларуску, і выпраўленьня да лепшага. Вось ад гэтага задавальненьне, а не ад таго, што чыноўнікі нэрвуюцца.