8 кастрычніка беларускія музыкі граюць вялікі канцэрт супраць сьмяротнага пакараньня.
У межах акцыі «Рок за жыцьцё» у менскім клюбе Re:Public гурты «Дай дарогу!», Re1ikt, «Мутнаевока», :B:N:, Sciana і «Тлушч» выказваюцца за ўвядзеньне мараторыя на вышэйшую меру пакараньня ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
Фэстываль «Рок за жыцьцё», прымеркаваны да Сусьветнага дня барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусьветнай кааліцыяй супраць сьмяротнага пакараньня — абʼяднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакараньня. Прыхільнікі руху выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках без выключэньня, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцьця асуджанага.
Беларусь дагэтуль застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. Паводле зьвестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.
5 кастрычніка распачаўся традыцыйны Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад слоганам «Сьмяротнае пакараньне — незваротнае».