Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аkute: Мы зрабілі найлепшы альбом беларускага року ever

18.10.2016 культура

Гурт Akute прэзентуе новы альбом «Plastyka».

Праз два гады пасля альбома «Reaĺnaść i sny» гурт «Akute» нарэшце прэзентуе новую кружэлку. Альбом атрымаў назву «Plastyka» і ўключае ў сябе 9 песень.

Гурт «Akute» — адзін з самых папулярных інды-рок гуртоў у Беларусі. Дзякуючы касмічным акордам, пяшчотнай беларускай мове і тэкстам, у якім кожны бачыць сваё, гурт збірае вялікія залы. За 8 год свайго існавання гурт атрымліваў прэміі ад Tuzin.fm, Еўрарадыё, Ultra Music.

З нагоды выхаду новага альбома «Наша Нiва» пагутарыла з магілёўскім гуртам.

Месцам сустрэчы стаў адзін з рэпетыцыйных пунктаў у Мінску. Удзельнікі гурту ў самым разгары адыгрывалі новыя і старыя песні, рыхтуючыся да прэзентацыі альбома.

НН: Вы цяпер часта Мінск наведваеце?

Стас Мытнік, саліст: Наша барабаншчыца Віка жыве ў Мінску. Рэпетуем мы кожны тыдзень, таму то мы прыязджаем, то яна да нас у Магілёў.

НН: З апошняга альбома ваш склад трохі змяніўся. У «Вікіпедыі» напісана, што за ўсю гісторыю вашага гурту вы змянілі трох бубначоў. Цяпер у вас Віка Фэйдз, вядомая YouTube-блогерка, якая запісвае на відэа каверы вядомых песень. Вы такім чынам эксперыментуеце?

Віка Фэйдз — новая бубначка «Akute»
Фота: nn.by

Стас: Барабаншчыкаў нават чацвёра было. З Вікай гэта быў камерцыйны ход, бо яна вельмі медыйная персона. Мы спецыяльна яе ўзялі, толькі ёй не кажы (смяюцца). Калі шчыра, то яна вельмі класна грае. Мы хацелі, каб у нас быў чалавек, якому не трэба тлумачыць, што трэба граць. Наадварот, яна павінна нам паказваць. Раней было часам так, што «сыграй вось так — та-та-та-та». А з Вікай мы даволі хутка сыграліся. Памятаю, калі яна прыйшла на першую рэпетыцыю, мы перад гэтым далі ёй 25 трэкаў, каб яна паслухала, і мне было рэальна сорамна, бо мы гралі горш, чым яна.

НН: Новы альбом называецца «Plastyka». І відавочнае пытанне: што можна будзе пачуць новага?

Стас: Заўважце, што дзяўчына на альбоме з пластыку і з пластыкай.

Рома Жыгараў, басіст і аўтар тэкстаў: Гэты альбом прысвячаецца той самай дзяўчыне і яе пластыцы.

НН: А якой Рома, тваёй?

Рома: Так, усім маім дзяўчатам.

НН: А сур’ёзна?

Рома: Разумееш, пластыка даволі ёмістае слова. Мы палічылі, што гэта слова падыходзіць як абагульняючае да ўсіх песень, што ўвайшлі ў новы альбом. Што наконт назвы — зразумела, што гэта асацыяцыі з пластычнымі, шалёнымі ці павольнымі, рухамі.

НН: Праслухаў прэв'ю новага альбома, і ў мяне ёсць асцярога, што вас зноў зацкуюць за песні пра кулі, шпіталі, кожны новы мёртвы дзень і г.д. Як вы ставіцеся да тых, хто вас крытыкуе?

Стас: Я слухаю толькі абгрунтаваную крытыку. То бок калі чалавек кажа, што гэта лайно, і не кажа чаму — гэта нічога не варта. Калі нас разносяць ушчэнт, кажуць чаму — то толькі дзякуй.

НН: Ну ўявім сітуацыю, што спадар Максім Жбанкоў раскрытыкуе ваш новы альбом.

Рома: А спадар Жбанкоў ужо праходзіўся па «Акутэ». Ён паважаны намі чалавек, я чытаў ягоныя кніжкі. Такую крытыку прыемна чуць.

НН: Вашыя тэксты і музыка, у тым ліку і ў новым альбоме, — вы гэта перажываеце, гэта ўласныя эмоцыі, думкі?

Рома: Гэта як правіла ў беларускай мовы — як чуецца, так і пішацца. Бо калі ты чуеш і адчуваеш гэтыя рэчы, то не трэба шукаць іншы сэнс.

НН: А як вы самі сваю музыку ўспрымаеце?

Стас: Без гэтага пагана. Вось калі не рэпаеш, не граеш, не складаецца ў цябе — я хвалююся.

НН: Гэта патрэба?

Стас: Так, ужо неабходнасць. Калі гэтага няма, то мне цяжка, асабліва восенню. Здаецца, і надвор’е падабаецца, але дэпрэсняк дзікі. Таму, калі з’яўляецца новы матэрыял, гэта дае баланс трохі. Менавіта мінулай восенню і пачалі з’яўляцца новыя песні. І гэта трохі выратоўвала.

Рома: То бок мы самі выратоўваемся гэтымі песнямі.

НН: Значыць, гэта ўсё ж выплеск эмоцый? Вы ўяўляеце сабе такую сітуацыю, што хтосьці ў вашых песнях можа пабачыць сябе?

Стас: Канечне. Калі мы выкладаем новы альбом, мы як быццам дорым нешта, і самому ў першую чаргу гэта прыемна. Асабліва калі людзі слухаюць і пасля пішуць водгукі, дзе кажуць, што бачаць у гэтым вось гэта і гэта — я яшчэ раз праслухоўваю песні і спрабую іх пераасэнсаваць так, як бачыў іх той чалавек.

НН: Як вы думаеце, ці можна перанесці сэнс вашых песень на агульныя тэндэнцыі ў грамадстве?

Стас: Калі ў грамадстве ёсць тэндэнцыі, акрамя палітыкі, то так. Калі кажуць, што вы спяваеце пра рэаліі, то часцей за ўсё гэта кажуць, калі людзі спяваюць пра нейкія палітычныя рэчы. А калі спяваецца не пра палітыку, то як бы, ведаеш, атрымліваецца, што і не актуальна. Адзін вядомы чалавек сказаў: «Што мне можа сказаць гурт «Акутэ»? Нічога».

Рома: Сяргей М. сказаў.

Стас: Але вы яму нічога не кажыце.

Рома: А то ён б’ецца.

Стас: Мы цяпер жартуем, насамрэч мы з павагай ставімся да яго.

НН: А вы мяркуеце, што музыка павінна быць па-за палітыкай?

Стас: У першую чаргу павінна быць так, я лічу.

Рома: Можа, але любую музыку можна прывязаць да чаго заўгодна. Вунь Беёнсэ ў Абамы выступала — і ўсё.

НН: Я быў на шматлікіх вашых канцэртах і заўважыў, што вашыя фаны па-шчыраму захапляюцца вамі, а дзе вашая крыніца натхнення?

Рома: Натхняюць такія нечаканыя рэчы, пра якія нават дзіўна казаць. Напрыклад, дождж ці проста сітуацыя, момант.

Стас: Мяне ўвогуле правакуе чужы поспех. Я шчыра магу сказаць, што ў мяне ёсць зайздрасць, але белая. Я нікому не зычу зла, але, калі ў маіх сяброў, калег, музыкаў штосьці атрымліваецца, мяне гэта вельмі падштурхоўвае.

Рома: Слухай, мяне таксама.

Стас: Летась я пабачыў поспех гурту ЛСП, а ў мяне была такая восень. Я пабачыў, як у іх усё складваецца, што яны паехалі ў тур па Беларусі, Украіне, Расіі і Латвіі. А мы сядзелі без альбома. Гэта мяне і матывавала.

Рома: Сёння самае шчырае інтэрв’ю за ўсю гісторыю гурту «Акутэ».

НН: А якія гурты вы слухаеце?

Рома: У мяне тут у плэеры ўсе альбомы гурту Radiohead, ёсць песні Depeche Mode, Warpaint, розныя дыджэйскія падкасты.

Стас: Сёлета мяне зачапіў новы альбом Warpaint, бо там крутая аранжыроўка і вялікая генерацыя ідэй. Летась, калі мы пачыналі запісваць альбом, мяне вельмі натхніў альбом гурту Editors. На працы ў мяне былі маленькія калонкі, я сядзеў і ўслухоўваўся ў кожную ноту.

НН: Дарэчы, а дзе вы працуеце?

Стас: Я на заводзе працую метролагам.

Рома: А я…

Стас: Дармаед.

Рома: Я айцішнік. Жартую. Я працую ў «Акутэ».

НН: Цяпер модна пытацца, ці хацелі б вы сабраць Мінск-Арэну, але я трохі перафармулюю: як вы бачыце пік вашай кар'еры?

Рома: Мы не бачым піку нашай кар’еры ўвогуле.

Стас: Разумееш, калі будзе пік, то пасля ж будзе спад, а значыць, будзе толькі горш.

Рома: У нас было столькі пад’ёмаў і спадаў, што мы гатовыя да ўсяго. Будзе «Мінск-Арэна», пасля «Кіеў-Арэна», «Лондан-Арэна» і іншыя лядовыя палацы.

НН: І напрыканцы такое філасофскае пытанне: што, па-вашаму, трэба, каб стаць паспяховым музыкам ці гуртам у Беларусі?

Стас: Трэба мець класнага менеджара — і больш нічога не трэба. Можа, яшчэ спатрэбіцца дзелавы дырэктар і сувязі ў масмедыя. Гэта, канечне, пры наяўнасці творчага складніка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]