У рукі краязнаўцы з Барысава трапіў архіў аднога з лідараў пасляваеннага антысавецкага супраціву Івана Раманчука.
«Трапіў да мяне цікавы архіў Рамана Раманчука – гэта быў адзін з прататыпаў банды Боўбеля-Куляша ў «Замку Альшанскім». Ён стварыў арганізацыю «Саюз барацьбы за незалежную Беларусь» і ўзначаліў яе. Гэта падпольная анысавецкая арганізацыя была ліквідаваная толькі ў 1949 годзе. Калі яго выпусцілі, ён пасяліўся ў Барысаве. Калі хату ягоную знасілі, то хлопцы, якія гэтым займаліся, зразумелі, што ягоная перапіска мае нейкую каштоўнасць. Яны аднаму майму знаёмаму гэта ўсё аддалі, а той знаёмы перадаў мне», - распавядае «Радыё Рацыя» Андрэй Цісецкі.
Іван Раманчук, седзячы ў мардоўскіх лагерах, у 1963-м годзе пісаў петыцыю ў Міністэрства культуры БССР, каб на стагоддзе паўстання Кастуся Каліноўскага ў Менску ўсталявалі помнік яго кіраўніку. На што атрымаў афіцыйны адказ: «Гэтае пытанне пакуль не разглядаецца».
Іван Раманчук (псэўд. «Ястраб»; 1920, вёска Баяры, цяпер Нясьвіскі раён — 1987, Барысаў) — педагог, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў узброенага антысавецкага падполля. З лістапада 1941 па ліпень 1942 працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Еськавічы (цяпер Нясвіжскі раён), потым інструктарам Нясвіжскага раённага аддзелу Беларускай народнай самапомачы.
З канца 1943 да сакавіка 1944 году працаваў кіраўніком Беларускага дома культуры ў Нясвіжы. У верасьні 1944 пад пагрозай арышту перайшоў на нелегальнае становішча, хаваўся ў лясах Нясвіжскага раёну.
У 1946 Раманчук пачынае стварэнне падпольнае арганізацыі «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі», а ў 1947 арганізоўвае невялікую партызанскую групу з вялікаю сеткаю сувязных. У траўні або ўлетку 1949 на хутары ў Нясвіжскім раёне савецкія атрады акружылі атрад Раманчука з сямью партызанамі. Пасля зацятага бою чатыры хлопцы застрэліліся.
Трое, у тым ліку Раманчук, былі паранены і схоплены. На допытах Раманчук вёў сябе вельмі мужна. Размаўляў са следчымі па-беларуску і толькі ў прысутнасці перакладчыка. У ходзе следства Раманчуку інкрымінавалася таксама стварэнне «Саюза змагання за незалежнасць Беларусі», распрацоўка яго статуту і праграмы, а таксама прыцягненне ў шэрагі арганізацыі больш за 40 чалавек.
Ад расстрэлу Івана Раманчука выратаваў тагачасны мараторый на смяротную кару ў СССР. Суд прысудзіў яму 25 гадоў, якія Раманчук поўнасцю адседзеў у Варкуце і ў Мардоўскіх канцлагерах. У Беларусь вярнуўся ў 1970-я. Жыў у Барысаве, стварыў сям’ю. Памёр у 1987 годзе падчас аперацыі ў шпіталі. Не рэабілітаваны.