Пра гэта сьведчыць адказ з упраўленьня спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама.
Дакумент ад гарадзенскіх чыноўнікаў атрымаў мясцовы праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч.
Спадар Хільмановіч зьвярнуўся пісьмова ў Гарадзенскі аблвыканкам пасьля таго, як чыноўнікі ад упраўленьня спорту і турызму агучылі інфармацыю пра тое, што для турыстаў, якія будуць уяжджаць на тэрыторыю Аўгустоўскага каналу, бязьвізава плянуецца выдаваць сымбалічныя пашпарты, што будуць надрукаваныя на расейскай, ангельскай і польскай мовах.
Хільмановіч заклікаў неадкладна выправіць гэтую памылку і ўнесьці мову тытульнай нацыі дзяржавы ў сымбалічныя пашпарты. Аднак атрымаў адказ, у якім чыноўнікі яму патлумачылі, што на расейскай мове пашпарт будзе выдавацца для расейскамоўных турыстаў, на польскай — для польскіх, а ангельская мова, маўляў, зьяўляецца міжнароднай.
А паколькі пашпарт не прадугледжаны да ўнутранага карыстаньня, гаворыцца ў адказе, то «...управление спорта и туризма Гродненского облисполкома считает нецелесообразным издание паспорта туриста на белорусском языке».
Хільмановіч зьдзіўлены такім адказам і кажа, што, альбо ва ўпраўленьні спорту і турызму не зразумелі яго, альбо, наадварот, зразумелі і робяць так знарок, паведаміў праваабаронца журналістам «Радыё Свабода».
— Няўжо людзі ў нашай уладзе настолькі прывыклі, што беларускай мовы не павінна быць? Я так разумею, што чыноўнікі разглядаюць турызм толькі як зьяву эканамічную, якая павінна прыносіць прыбытак. Зразумела, што яна мусіць быць прыбытковай, але турызм яшчэ і зьява культурніцкая, якая служыць для культурнага абмену паміж народамі. І, дарэчы, самі чыноўнікі найперш павінны быць носьбітамі гэтае культуры, прадстаўляць яе перад гасьцямі. Думаю, што цяпер да маіх патрабаваньняў далучацца арганізацыі кшталту ТБМ, «Бацькаўшчына», згуртаваньні беларусаў Літвы і Польшчы, якія павінны паказаць, што гэта і ім патрэбна, а ня толькі нейкаму аднаму чалавеку.
Вядома, што «пашпарт турыста» будзе ўяўляць сабой друкаваны буклет з інфармацыяй пра рэгіён, адрасамі гатэляў, кавярняў, музэяў, аграсядзібаў, пералікам карысных інтэрнэт-сайтаў. Турысты з такімі пашпартамі ў пазначаных у буклеце месцах змогуць атрымаць зьніжкі. Плянуецца, што пашпарты турыстам пачнуць выдаваць у сьнежні.
Ужо зь серады, 26 кастрычніка, турысты змогуць бязь візаў наведаць Гарадзеншчыну. З гэтага дня ўваходзіць у сілу адпаведны дэкрэт, падпісаны Лукашэнкам. Іншаземцы ў Беларусі будуць мець магчымасьць знаходзіцца да пяці дзён.
Закон пра бязьвізавы рэжым на Гарадзеншчыне будзе дзейнічаць да канца будучага году.