Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Валерыя Красоўская: У нас з бацькам вельмі падобныя характары

26.10.2016 общество
Валерыя Красоўская: У нас з бацькам вельмі падобныя характары

Дачка Анатоля Красоўскага расказала пра жывы манумэнт бацьку, сваю працу і тры парады на восень.

Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, аўтарка перадачы «Бяз чаркі і скваркі» распавяла журналістцы «Радыё Свабода» Ганне Соўсь пра сваю кнігу «Чыстая ежа», а таксама пра тое, як зьмяніўся яе лёс пасьля гвалтоўнага зьнікненьня бацькі ў 1999 годзе.

Ганна Соўсь: Лера, пра кнігу мы яшчэ пагаворым, але найперш я хацела вас павіншаваць. Нядаўна вы выйшлі замуж, ваш муж — галяндзец. Наколькі я ведаю, вы пакінулі прозьвішча Красоўская, прозьвішча вашага бацькі, які ня можа парадавацца за вас, які ня мог правесьці вас у царкве. У гэты шчасьлівы для вас дзень напэўна вы згадвалі пра бацьку, які зьнік 17 гадоў таму...

Валерыя Красоўская: Мы папрасіла чыноўніцу, якая нас жаніла, каб яна сказала некалькі словаў пра майго бацьку, і што нам усім вельмі шкада, што яго няма побач з намі, але ў думках ён з намі. Гэта нам вельмі дапамагло.

​Соўсь: Ваш бацька Анатоль Красоўскі — чалавек, які зрабіў сябе сам. Выкладчык фізыкі паводле адукацыі, абараніў кандыдацкую дысэртацыю па філязофіі, распрацаваў некалькі падручнікаў па прадмеце «Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця», яшчэ за савецкім часам Красоўскі стварыў каапэратыў «Служба сям’і». Потым узьнік часопіс «Я плюс Я» — першы такога кшталту часопіс у СССР, газэта «Двое», выдавецтва «Красіка-прынт». Вы таксама вельмі пасьпяховая, мэтанакіраваная жанчына, ідзяце сваім шляхам. Якія бацькавы рысы вы ў сабе бачыце?

Красоўская: Параўноўваць ягоны і мой посьпех не зусім слушна, бо я іду зусім іншым шляхам, і я не такі буйны прадпрымальнік. У нас вельмі падобныя характары. Я таксама вельмі спакойная, мэтанакіраваная, працаголік. Гэта я разумею з узростам, што нейкая моц, якая вышэй за цябе, вымушае працаваць, працаваць і працаваць, заўсёды некуды ісьці.

Соўсь: Як так атрымалася, што вы пераехалі жыць у Нідэрлянды? Што паўплывала на ваш выбар прафэсіі дыетоляга?

​Красоўская: Гэта было ўжо вельмі даўно. Я паехала ў Амстэрдам, таму што знайшла там магчымасьць вучобы ва ўнівэрсытэце. У выніку я скончыла два ўнівэрсытэты ў Галяндыі. Спачатку я вывучала тэорыю кіно і атрымала ступень бакаляўра і магістра ў гэтай навуцы. Пры канцы сваёй першай вучобы я раптоўна зразумела, што ў мяне іншы шлях у жыцьці, што я павінна расказваць людзям пра здаровае харчаваньне. Гэтая тэма мяне заўсёды цікавіла, яшчэ з падлеткавага ўзросту. Я люблю працаваць зь ежай, гатаваць, я заўсёды чытала літаратуру пра ежу, мне захацелася свае веды катэгарызаваць і прафэсійна працаваць. Таму я паступіла ў іншы ўнівэрсытэт і вывучылася на дыетоляга, адразу адкрыла сваю практыку і з тае пары працую ў Амстэрдаме. Я не шкадую пра тое, што не адразу зразумела, што ёсьць маім у жыцьці. Ёсьць людзі, якія ўсё жыцьцё пражываюць і робяць тое, што на самой справе ўвогуле не падабаецца.

Соўсь: Сёлета ў галяндзкім Эйдховэне 16 верасьня прайшла штогадовая цырымонія ўшанаваньня памяці гвалтоўна зьніклых беларусаў. Цырымонія адбылася ля жывога мэмарыялу. Гэта чатыры дрэвы, якія былі пасаджаныя пры ўдзеле гарадзкіх уладаў 16 верасьня 2008 года ў памяць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага. Вы былі сярод тых, хто запачаткаваў такія акцыі. Як на вашае ўражаньне, ці цікавасьць да тэмы зьніклых застаецца дагэтуль дастаткова высокай?

​Красоўская: Трэба шчыра сказаць, што цікавасьць ёсьць, але яна ёсьць у вельмі вузкага кола людзей і арганізацый. Гэта і лягічна, бо Беларусь — гэта не прыярытэт для Эўропы і Нідэрляндаў. Так, у Эйдховэне кожны год 16 верасьня адбываецца акцыя памяці гвалтоўна зьніклых беларусаў, у тым ліку майго бацькі. Гэты дзень заснаваны некалькімі арганізацыямі, у тым ліку той, якую некалькі арганізавала мая маці, а таксама «Міжнароднай амністыяй», арганізацыяй прафсаюзаў у Галяндыі... Гэта — зацікаўленыя бакі, якія заўсёды прыходзяць на цырымонію. Аднак прыходзяць і зусім іншыя людзі, напрыклад, беларусы, якія жывуць у Галяндыі і Бэльгіі, прыходзяць жыхары Эйдховэна, бо яны ўжо крышачку звыкліся з гэтымі дрэвамі. Дрэвы — гэта жывы манумэнт у памяць бацькі...

Соўсь: А якія гэта дрэвы?

Красоўская: Гэта вугорскія дубы. Гэта дрэвы, якія растуць ня вельмі хутка, але будуць расьці вельмі доўга і стануць вельмі буйнымі і прыгожымі. 9 гадоў ужо гэтым дрэвам, яны растуць і мяняюцца. Для мяне гэта фізычнае месца, дзе я магу падумаць пра свайго бацьку. Гэта яго месца, бо няма могілак. Мы ня ведаем, што адбылося, дзе адбылося, дзе ягонае цела. Гэта адзінае сымбалічнае і вельмі сапраўднае ягонае месца.

Соўсь: Як вы мяркуеце, калі стане вядомая праўда пра зьнікненьне Красоўскага, Ганчара, Захаранкі?

Красоўская: Не раней чым зьменіцца ўлада. А калі яна зьменіцца, я ня ведаю, колькі зойме часу знайсьці ўсіх людзей, якія валодаюць інфармацыі, і як яны будуць сябе паводзіць.

Соўсь: Ім трэба было б паглядзець вам у вочы, у вочы вашай сястры і маці... Давайце крыху зьменім тэму. Вы казалі, што яшчэ ў Беларусі цікавіліся здаровым харчаваньнем. На вашую думку, чаго бракуе ў традыцыйным рацыёне беларуса з пункту гледжаньня здаровага харчаваньня?

Красоўская: Мне падаецца, што людзі пачынаюць па-іншаму глядзець на харчаваньне ва ўсім сьвеце. Прынамсі ў Менску людзі больш надаюць увагі харчаваньню і здаровай ежы. Мне здаецца, што беларусам бракуе садавіны і гародніцы найперш. Летам не, бо летам ня вельмі складана знайсьці сьвежую садавіну і гародніну. Але зімой, нягледзячы на тое, што зараз у крамах не так складана знайсьці сьвежую садавіну і гародніну, усё ж няма звычкі есьці яе дастаткова.

Соўсь: На якія стравы на традыцыйным беларускім стале вы б наклалі табу як дыетоляг?

Красоўская: Можна ўсё, але ў меру. Напрыклад, скварка, беларуская страва — вельмі шкодная. Тлустае мяса, тлушч мы ўвогуле не павінны ўжываць. Я б наклала табу на гэтую страву. Але калі вы цэлы дзень праводзіце на сьвежым паветры, і калі вы займаецеся цяжкай фізычнай працай, дык вам і тлушчы неабходныя. Традыцыйна гэта не было так кепска, як кепска цяпер, бо мы рухаемся менш, фізычна працуем менш, калёрый трацім менш, але ж працягваем есьці тое, што калісьці елі.

Соўсь: Ужо гадоў 20 у вашым рацыёне няма мяса. Чаму?

​Красоўская: Я ем рыбу. Чаму я вырашыла ня есьці мяса, ужо нават і не згадаю. Гэта было 20 гадоў таму на нейкім інтуітыўным узроўні, але чым больш я ведаю пра ежу, пра харчаваньне, тым больш я перакананая ў тым, што мяса — гэта той прадукт, які насамрэч трэба выключыць з рацыёну. Яно не ўтрымлівае ніводнага неабходнага нам элемэнту, які мы ня можам атрымаць зь іншых прадуктаў харчаваньня. Што датычыць рыбы, то ў ёй ёсьць незаменныя тлустыя кіслоты. Яны называюцца незаменнымі, бо наш арганізм сам ня можа іх вырабіць, мы павінны іх атрымліваць зь ежай. Калі ты на 100% вэгетарыянец без мяса і без рыбы, то гэтыя кіслоты арганізм можа атрымаць з алею і арэхаў, але трэба вельмі ўважліва сачыць за сваім харчаваньнем. Рыба мне падабаецца, я ем яе раз на тыдзень. Гэтага дастаткова, каб атрымаць гэтыя кіслоты і добра сябе адчуваць. Магчыма, прыйдзе такі дзень, калі я ад рыбы адмоўлюся зь нейкіх этычных прычынаў. Такое магчыма.

Соўсь: Давайце прадставім вашу кнігу «Чыстая ежа». Калі адбудзецца прэзэнтацыя, дзе яе можна знайсьці? Ці гэтая кніга выключна пра вэгетарыянскую ежу?

Красоўская: Так, там будзе нават выключна вэганская ежа, толькі з расьлінных прадуктаў, таму я яе і назвала «Чыстая ежа». Ніводнага прадукту жывёльнага паходжаньня ў гэтай кнізе мы ня знойдзем. Кніга — кулінарная, яна зьмяшчае мэню на тыдзень, а ў якасьці бонуса мэню сьвяточнага стала з 10 страваў. У кнізе ёсьць і невялікая тэарэтычная частка, у ёй я зьвяртаю ўвагу на тыя элемэнты, якіх бракуем строгім вэгетарыянцам. Я імкнулася пісаць даступна, каротка, ясна. Ці атрымалася — судзіць чытачу.

Соўсь: І на завяршэньне тры здаровыя парады ад Леры Красоўскай на восень.

​Красоўская: Мая парада — ежце як мага болей садавіны, а яшчэ болей гародніны. Памятаеце аб тым што Сусьветная арганізацыя здароўя раіць зьядаць як мінімум 400 грам садавіны і гародніны на дзень. Другая парада — ежце жменьку арэхаў кожны дзень, 25-30 грамаў, можна болей, але меней нельга. Гэта вельмі здаровы прадукт, які павінен быць рэгулярна ў нашым рацыёне. Трэцяя парада — піце дастаткова вадкасьці, прыкладна шэсьць шклянак на дзень або паўтара літры. Гэта, здавалася б, вельмі простая парада, але нельга недаацэньваць яе важнасьць. Дастатковая колькасьць вадкасьці прадухіляе шматлікія праблемы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]