Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Інжынэр з Маларыты робіць вышыванкі пры падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН і Эўразьвязу

29.10.2016 общество
Інжынэр з Маларыты робіць вышыванкі пры падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН і Эўразьвязу

Антон Талашка з Маларыты — адзін зь нямногіх майстроў, хто робіць вышымайкі ня мэтадам друку, а на вышывальнай машынцы.

Антон распавёў Радыё Свабода, адкуль у яго захапленьне вышываньнем і ці лічыць ён гэта мужчынскім заняткам.

25-гадовы Антон Талашка паводле адукацыі інжынэр-энэргетык. Выкладае электратэхніку ў Маларыцкім сельскагаспадарчым ліцэі. Аднак шырока вядомы стаў праз свае цішоткі-вышыванкі.

Антон Талашка

Антон кажа, што інтарэс да арнамэнту, да вышываньня прыйшоў да яго ад продкаў — вышывалі і яго маці, і бабулі, і нават прадзед. А сам спадар Талашка займаецца вышыванкамі гады два:

«Цікавасьць да арнамэнту зьявілася каля двух гадоў таму. Я бачыў, што большасьць вышыванак былі з адным-двума варыянтамі арнамэнту, і большасьць, якія распаўсюджваліся, былі надрукаваныя. Налепка — гэта прыгожа на здымках, але ў жыцьці прыгажэй, калі гэта вышыта. І так здарылася, што ў матулі была вышывальная машына. Мы пачалі гэта рабіць разам. Яна дапамагала, а цяпер я ўжо сам працую».

Калі выкладаньне ў ліцэі для Антона Талашкі — гэта асноўная прафэсія, то вышываньне, кажа ён, стала патрэбай душы:

«Нацыянальны арнамэнт — гэта памяць пра карані, але гэта і вялікі крок да будучыні. Бо калі мы ведаем сваё мінулае, ня будзе ў нас праблемаў у будучыні. Гэта такое кола — і будучыня, і мінулае тут сустракаюцца. Адзеньне, якое было [раней], добра выглядае, цяпер яго на сьвяты надзяюць. А ў штодзённым жыцьці футболка [з арнамэнтам] ці нешта такое — гэта калі чалавек характарызуе сябе тым, што мае сьвядомасьць сваіх каранёў. Калі гэта пачнецца з футболкі звычайнай, то потым чалавек пачне цікавіцца і гісторыяй, мовай. Таму гэта вялікі крок для будучыні нашай краіны», — мяркуе майстар вышыванкі.

На пытаньне, як ён ставіцца да стэрэатыпу, што вышываньне — гэта жаночая справа, Антон кажа, што гэта ўжо ня так:

«Цяпер такі час, што няма абмежаваньняў. Як раней бароды стрыглі адны мужчыны, а цяпер гэта адны жанчыны. Тут такая ж аналёгія».

Вышыванкі Антона Талашкі

Антон Талашка тлумачыць, што да выбару вышыванкі трэба падыходзіць асэнсавана:

«Калі мы робім футболкі, мы падбіраем арнамэнт на мужчынскія і на жаночыя, каб была розьніца, таму што яна ёсьць.

А сэнс у тым, як чалавек ставіцца да сваёй працы. Калі проста на хвалі моды, то гэта ня будзе існаваць. А калі робіцца ад душы, ад сэрца, то гэта зусім іншая справа. Калі гэтым пачынаюць цікавіцца амаль усе, то з зацікаўленасьцю нічога не ідзе. Проста — цяпер модна, і ўсё. Аднойчы быў на выставе, падышла дзяўчына і кажа: маўляў, вось цяпер гэта так модна, і таму што гэта модна, мне трэба набыць гэтую футболку. А я пра сябе думаю: хай бы не набывала... Таму што калі гэта проста дзеля моднай футболкі — то два-тры разы надзеў, і ўсё».

Каталёг арнамэнтаў у майстэрні Антона Талашкі

На пытаньне, як ставіцца майстар да меркаваньня, што наносіць арнамэнт на сучасныя майкі — гэта прафанацыя народнага строю, Антон адказаў:

«Я згодзен з тым, што гэта нават антытрадыцыйна. Але калі мы ня будзем адаптаваць гэтую традыцыю пад штодзённасьць, то яна проста зьнікне, і будуць пра гэта ведаць 3-4 адмыслоўцы, і ўсё. Няхай традыцыйнае і сучаснае жывуць побач. Проста ня трэба думаць, што адно заменіць другое. Яно павінна суіснаваць: традыцыйнае — у музэі і на сьвяты, а сучаснае — у штодзённасьці».

Спадар Талашка кажа, што вялікую дапамогу ў ягонай працы аказвала дырэктарка Маларыцкага дому творчасьці Валянціна Струнец, а таксама спрактыкаваная ткачыха зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну Стэпаніда Стэпанюк. У яе Антон пытаецца парадаў наконт мясцовага арнамэнту:

«Гэта такі чалавек! Я быў у яе на 80-годзьдзі, то ў яе ў гэтыя гады больш энэргіі, чым у мяне ў мае 25. Яна проста жыве гэтым ткацтвам, і гэта дае ёй такую моц, прагу да жыцьця. Як мне казала баба Стэпа, адны з асноўных элемэнтаў арнамэнту — ромб, зорка і сымбаль душы: такая ж зорка, толькі больш закругленая».

Жаночыя майкі ад маларыцкага майстра

Антон можа шмат распавядаць пра нацыянальны арнамэнт, пра народныя строі і іх адметнасьці ў розных рэгіёнах:

«Маларыцкі строй — ці не адзіны ў Беларусі, дзе вышываюць не чырвоным колерам, а бардовым. І маларыцкі строй вельмі «зашыты» — крыжыкам усё густа вышыта. Ён шмат узяў ад Украіны. У асноўным арнамэнт, але потым пачалі распаўсюджвацца і кветкі. Нават казалі, што ў Львове ў музэі ёсьць кашулі такія, як і ў Маларыце».

Дзякуючы падтрымцы праекту Антона Талашкі і Берасьцейскага фонду рэгіянальнага разьвіцьця Эўразьвязам і ААН маларыцкаму майстру вышыванкі ўдалося набыць сучасную вышывальную машыну, на якой ён цяпер і працуе.

Машынку для вышываньня Антон Талашка набыў дзякуючы падтрымцы ПРААН і ЭЗ

«У нас быў праект, падтрыманы Праграмай разьвіцьця ААН і Эўразьвязам. Сэнс праекту — у папулярызацыі беларускай культуры праз футболкі з арнамэнтам. Акрамя машыны, у майстэрню мы набылі некалькі нацыянальных строяў у насельніцтва — мужчынскую кашулю і тры жаночыя. Проста ў куфрах яны ў людзей ляжалі. На жаль, людзі цяпер ня ведаюць каштоўнасьці ўсяго гэтага. У аднаго чалавека старая намітка распораная на падлозе ляжала як посьцілка пад дровы. Гэта, канечне, вельмі дрэнна, што людзі не разумеюць гэтага. Таму мы зьбіраем узоры нацыянальнага арнамэнту, каб зьберагаць іх», — распавёў Антон Талашка.

Праект, падтрыманы аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі, выклікаў паважлівае стаўленьне да працы спадара Талашкі і з боку ўладаў. Нават актывісты маларыцкага БРСМ зьвярталіся да майстра, каб той зрабіў ім вышыўку:

«Ня важна, для каго ты гэта робіш, важна, як ты гэта робіш»

«Улетку да мяне зьвярталіся з БРСМ, прасілі нешта там на кавалку ільнянога палатна вышыць і напісаць — «Горад Маларыта». Я зрабіў, як я гэта бачу, напісаў на беларускай мове, зрабіў арнамэнт маларыцкі, вышыў яго ў клясычных колерах маларыцкіх. То бок ня важна, для каго ты гэта робіш, важна, як ты гэта робіш».

Цяпер Антон з паплечнікамі праз краўндфандынгавую плятформу зьбірае сродкі на выданьне альбома беларускага арнамэнту «Ўзоры роднага краю»:

«У нас папулярныя 2-3 арнамэнты, якія друкуюць на футболках, на машынах. Але шмат арнамэнтаў ёсьць у музэях, розных дамах творчасьці. Таму ўзьнікла ідэя зрабіць кнігу, каб людзі ведалі і карысталіся гэтым. Гэта будзе такі каталёг арнамэнтаў, там будуць здымкі людзей у адзеньні. Там будуць і маларыцкія арнамэнты, і з Гомельшчыны, і зь іншых рэгіёнаў».

Антон Талашка лічыць вышыванку пэрспэктыўнай справай

Пасьля таго як на працу Антона Талашкі зьвярнулі сваю ўвагу СМІ, майстар кажа, што ягонымі вырабамі сталі цікавіцца багата людзей. У плянах майстра вышыванкі — прадаваць вышываныя футболкі праз сувэнірныя ды іншыя крамы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]