Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Праект для вывучэння беларускай мовы перамог на конкурсе стартапаў

31.10.2016 общество
Праект для вывучэння беларускай мовы перамог на конкурсе стартапаў

Аўтары праекта «Вавёрка», студэнткі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, паедуць у Фінляндыю.

У мінскім стартап-хабе Imaguru адбыўся хакатон Game Edu, у межах якога каманды павінны былі прыдумаць і распрацаваць адукацыйны праект з элементамі гульні. Галоўны прыз атрымаў праект «Вавёрка», які ўяўляе сабой партал для вывучэння беларускай мовы з квэстамі і анлайн-крамай. За 48 гадзін хакатона студэнткі-аднагрупніцы з факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта распрацавалі дызайн і звярсталі галоўную старонку партала, стварылі тры вучэбныя гульні на тэму «Назоўнікі», падрыхтавалі прататып квэста і дызайн інтэрнэт-крамы, а таксама распрацавалі бізнэс-мадэль і бізнэс-план.

У якасці прыза Наталля Чобат, Лізавета Бурая, Карына Якімук, Вераніка Хвораст і Лізавета Коцік атрымалі квіток на Startup Roadshow from Imaguru to Slush. Slush — найбуйнейшая стартап-канферэнцыя, якая штогод праходзіць у Хельсінкі з удзелам больш чым 15000 стартапераў, навукоўцаў і інвестараў з усяго свету.

У гутарцы з «Нашай Нівай» дзяўчыны адзначылі, што ідэя праекта «Вавёрка» ў іх узнікла невыпадкова. Кожная з удзельніц праекта памятала заняткі па беларускай мове ў школе: менавіта яны былі самымі нецікавымі для школьнікаў. У выніку выпускнікі не валодаюць беларускай мовай на належным узроўні, а ўсведамленне таго, што родную мову трэба ведаць, шмат да каго прыходзіць, на жаль, толькі пасля школы.

Паўдзельнічаць у хакатоне студэнткам прапанаваў іх дэкан, а ідэю «Вавёркі» яны прыдумалі ў звычайнай студэнцкай сталоўцы. Спачатку дзяўчыны планавалі стварыць школьны адукацыйны партал для вывучэння беларускай мовы. Але ментар на хакатоне паставіўся да гэтай ідэі скептычна. Ён спрабаваў пераканаць будучых пераможцаў у тым, што беларуская мова — не самы перспектыўны кірунак. Камандзе «Вавёркі» прапаноўвалі зрабіць падобны праект для англійскай альбо расейскай мовы, каб яго ў перспектыве можна было манетызаваць. Але дзяўчыны прынцыпова стаялі на сваім, хаця і прынялі некаторыя заўвагі ментара. У выніку каманда вырашыла не абмяжоўвацца толькі школьнікамі, але пашырыць аўдыторыю за кошт студэнтаў і дарослых. Такім чынам, партал «Вавёрка» складаецца з трох частак: адукацыйнай, забаўляльнай і інтэрнэт-крамы.

Першая частка была заснаваная на параграфах падручніка і дапамагае школьнікам лепей засвойваць матэрыял школьных заняткаў.

Другая частка — 3D-квэст, які будзе дапамагаць вывучаць беларускую мову і культуру.

Трэцяя частка — гэта інтэрнэт-крама з беларускім адзеннем, сімволікай і аксэсуарамі. Па выніках 3D-квэста карыстальнікі зарабляюць бонусы і зніжкі, якімі яны змогуць скарыстацца ў гэтай краме.

На дадзены момант «Вавёрка» — тое, што зрабілі дзяўчыны на хакатоне за 48 гадзін. У першую чаргу гэта выдатны досвед для студэнтак, але ім хацелася б паспрабаваць рэалізаваць цалкам гэты праект. Хаця для яго рэалізацыі камандзе спатрэбяцца спонсары і спецыялісты, якія дапамогуць студэнткам дарабіць 3D-квэсты. Таксама дзяўчаты спадзяюцца, што іх ідэяй зацікавяцца крамы, якія гандлююць адзеннем, сімволікай і аксэсуарамі ў беларускім стылі.

«Наш праект аказаўся пераможным, таму што мы закранулі актуальную і модную тэму. Але самае галоўнае — мы паказалі, як шануем нашу мову, культуру і гісторыю. Праект мы прадстаўлялі на беларускай і англійскай мовах, каб сябры журы з Фінляндыі маглі зразумець сутнасць праекта. Ужо падчас аб’яўлення вынікаў яны не раз згадвалі пра тое, як важна цаніць культуру і мову свайго народа», — адзначылі пераможцы Game Edu Hackathon.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]