Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Будучыня Горадні: ад Ганконгу да Паўночнай Карэі

05.11.2016 политика
Будучыня Горадні: ад Ганконгу да Паўночнай Карэі

Бязьвізавая Горадня — баромэтар сур'ёзнасьці намераў на рэальныя зьмены ў краіне.

Адзін зь першых не афіцыйных, а «дзікіх» турыстаў у бязьвізавай турыстычнай зоне гішпанец Гіерма кажа, што «пасьля таго, як Беларусь адкрыла мяжу, сюды паедуць замежнікі, бо для многіх гэтая краіна ў цэнтры Эўропы зусім невядомая».

А яшчэ бязьвізавы рэжым можа прастымуляваць унутраны турызм. Мяркую, знойдзецца нямала беларусаў, якія захочуць сустрэцца са сваімі замежнымі сябрамі і знаёмымі на тэрыторыі Беларусі.

Ды што там! Бязьвізавасьць дае магчымасьць ладзіць міжнародныя культурныя імпрэзы. Побач Беласточчына са сваімі цікавымі творчымі дзеячамі. А далей уся Эўропа. А перавозчыкі маршрутам да Горадні атрымаюць дадатковы заробак. Тое, што будзе немагчыма ўбачыць, напрыклад, у Менску, станецца даступным у Горадні.

Тое самае зь дзелавымі сустрэчамі. Раз дакумэнты на ўезд у краіну робяцца цягам сутак дый праз інтэрнэт, чаму эўрапейскім партнэрам беларускіх бізнэсоўцаў не падскочыць на суткі-двое ў Горадню? Заадно адпачыць, пабачыць новае для сябе.

«Ёсьць патрэба ў дадатковай музэефікацыі аб'ектаў», — кажа кіраўнік гарадзенскай вобласьці Ўладзімер Краўцоў.

Што да «адпачыць», адной «музэефікацыі» будзе мала. Нават самім гарадзенцам на сьвяты бракуе кавярань у цэнтры гораду. Плюс месцамі «райпошны» сэрвіс, дзе на кліента глядзяць як на чалавека, які замінае працаваць. Адпаведна візыт у «невядомую краіну» можа стацца першым і апошнім з адпаведнымі водгукамі на замежных турыстычных форумах. Якія адахвоцяць новых наведнікаў ад Горадні і Аўгустоўскага каналу.

Прыватная ініцыятыва вырашыць праблему.

Калі каротка, бязьвізавая Горадня зможа быць прыбытковай, калі ня будзе падобнай да сучаснай Беларусі.

У тым ліку з гледзішча палітычнага пільнаваньня. Бо ёсьць другі варыянт.

Гарадзенскі раён шпігуецца супрацоўнікамі спэцслужбаў, а дарогі вакол бязьвізавай тэрыторыі абсталёўваюцца пастамі ДАІ. Турысты фільтруюцца на дабранадзейнасьць. Як і цяпер зь візамі ўжываецца практыка адмоваў без прычыны, а ў самой бязьвізавай зоне, напрыклад, у гатэлях, турыст адчувае прысутнасьць кагосьці нябачнага.

Сэрвіс застаецца «райпошным». А невялікая колькасьць турыстаў складаецца з польскіх сваякоў гарадзенцаў ды экстрэмалаў, якія прыехалі пяць дзён пажыць у запаведніку камунізму.

Тады праект правальваецца з гледзішча прыбытку, бо турысты не пакрыюць нават выдаткі на сачэньне за імі.

Свабода прадпрымальніцтва і адсутнасьць палітычнай ахранкі ў культурных справах — гэта варыянт такога сабе Ганконгу ў складзе Кітаю. Адна краіна — розныя сыстэмы. Гэта фантастыка, бо пераехаць у турыстычную зону захоча палова Беларусі, а шчыльнасьць насельніцтва станецца сапраўды як у Ганконгу.

Больш верагодны на бліжэйшы час мляваплынны сярэдні — гібрыдны — варыянт з ухілам у разьвіцьцё прадпрымальніцтва пад кантролем дзяржавы.

Кропля-турыст точыць камень-сыстэму. Бязьвізавая Горадня — баромэтар сур'ёзнасьці намераў на рэальныя зьмены ў краіне.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]