Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Меліціна Станюта: Нармальны стан — валодаць роднай мовай

11.11.2016 общество
Меліціна Станюта: Нармальны стан — валодаць роднай мовай

Славутая гімнастка расказала пра сваё шляхецкае паходжанне, гісторыю ВКЛ і хто для яе беларускі пісьменнік №1.

Пра гэта прыма беларускай мастацкай гімнастыкі Меліціна Станюта распавяла «Радыё Свабода».

Меліціна Станюта займае пачэснае месца ў шэрагу самых уганараваных спартоўцаў Беларусі — шматразовая прызэрка чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, заслужаны майстар спорту Беларусі. У мастацкую гімнастыку трапіла ў 3-гадовым узросьце, і апошнія два дзесяцігодзьдзі яе жыцьцё з гэтым відам спорту зьвязанае неразрыўна.

15 лістапада Меліта адзначыць 23-ці дзень нараджэньня. Але паралельна яна вымушана заявіць пра завяршэньне спартовай кар’еры: траўмы — заўсёдныя спадарожнікі высокіх вынікаў. Апошнім афіцыйным спаборніцтвам стане навагодні турнір у Менску, дзе паўтара дзясятка гадоў таму малой дзяўчынкай упершыню выйшла на дыван.

Цяпер дзяўчына спрабуе засвоіць нешта новае. Некалькі месяцаў таму ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» ў Менску адчынілася крама біжутэрыі і аксэсуараў ад Меліціны Станюты «Variety». Аддзел упрыгожаньняў тут быў і раней, але новая гаспадыня зрабіла рэбрэндынг.

Ад дзяўчынкі з абручом да бізнэсвумэн

— Меліта, на дадзены момант кім сябе пазыцыянуеце ў большай ступені — бізнэсвумэн ці спартоўкай?

— Не, усё ж спартоўкай, бізнэсвумэн, мабыць, толькі ў праекце. Справа ў тым, што спорту аддадзена амаль 20 гадоў, сёньня вось таксама іду на трэніроўку. Рэжым пакуль захоўваецца. Таму па сваёй сутнасьці яшчэ спартоўка, прынамсі пакуль.

— А які яшчэ бізнэс гіпатэтычна мог бы зацікавіць? Магчыма, піцэрыя або нават аўтазапраўка…

— Цікавае пытаньне... Усё ж нешта, так ці інакш зьвязанае са спортам, з мастацкай гімнастыкай. Наогул, чаму я на гэта пагадзілася — дапамагчы сябрам зноў адкрыць краму, але ўжо выкарыстоўваючы маё імя? Таму што ў мяне заўсёды была мара: больш расказаць пра мастацкую гімнастыку. Якім чынам? Скажам, у Італіі, у Гішпаніі папулярныя ўпрыгожаньні з сылюэтамі гімнастак. У нас нічога падобнага няма. Ну дык чаму не аб’яднаць тое, што ведаюць пра бізнэс мае сябры, з маёй марай, з маім жыцьцём у мастацкай гімнастыцы? Так што ў дадзеным праекце — гэта эксклюзіўныя аксэсуары з выявамі гімнастак. Над гэтым якраз працуем, і спадзяюся пад Новы год атрымаць канкрэтны вынік.

— Не было ідэі зрабіць нешта падобнае за мяжой, не ў Беларусі?

— Пакуль не, не было, хоць я сапраўды шмат дзе была, мяне шмат дзе чакаюць... Тым ня меней заўсёды, вяртаючыся ў Менск, адчуваю, што гэта маё, што хочацца нешта зрабіць менавіта тут. Але спорт спортам, ён хутка скончыцца, трэба мець запасныя шляхі. Так, спорт даў мне шмат чаго, нават тое, што вы да мяне прыйшлі — гэта заслуга спорту, мастацкай гімнастыкі. І таму хачу ўжо не як спартоўка, а на іншым узроўні дапамагчы папулярызацыі свайго віду. У тым ліку праз маю краму.

— Ці ёсьць нейкая краіна, у якой вы адчувалі б сябе гэтаксама камфортна, як на радзіме? У сэнсе пражываньня...

— Шмат думала над гэтым, але не: тут мае бацькі, тут мае сябры, тут я стала Мелітай Станютай. Безумоўна, у той жа Італіі ці Гішпаніі мне падабаецца. Заходжу ў краму, і людзі мяне пазнаюць, спыняюць: «О, Меліціна, гэта вы?» Прыемна, але па-сапраўднаму камфортна я адчуваю сябе менавіта тут, у Менску.

— Ваша крама працуе месяцы тры. Тэрмін невялікі, але ўсё ж, з уласнага адчуваньня: ці правільны выбар, правільная стратэгія?

— Паколькі мая мэта — паспрыяць разьвіцьцю мастацкай гімнастыкі, усё пад гэта і робіцца. Я шмат гадоў бачыла, як на спаборніцтвах стэнд з выявамі гімнастак проста аблеплены дзецьмі, юнымі спартоўкамі. У нас, зноў жа, такога няма. Чаму? Таму што ніхто гэтым не займаўся. Напрыклад, я ўявіла сябе зноў маленькай дзяўчынкай, якая займаецца мастацкай гімнастыкай. Як мяне адрозьніць у школе? Не цягаць жа з сабой абруч ці стужку. Але можна мець нейкае характэрнае ўпрыгожаньне. Дык вось калі я гэта зраблю, калі гэта будзе фігураваць на стэндзе, тады змагу сказаць, што прынамсі паспрабавала. А як яшчэ стане візытоўкай, то місія будзе апраўданая. Вось чаму ў адной зьвязцы ідуць біжутэрыя, аксэсуары і Меліта Станюта.

— Сетка крамаў Меліты Станюты па ўсёй Беларусі — гэта рэальна?

— Пакуль не магу сказаць, усё, што здолела «падняць» фінансава — вось яно, перад вамі. Ня ведаю. Калі будзе больш пакупнікоў, калі гэта пачне прыносіць нейкія грошы — магчыма, будзе і сетка. Або проста людзей зацікавяць такія вось эксклюзіўныя ўпрыгожаньні. Прынамсі, я паспрабую.

Выйсьці зь ценю славутых родзічаў

— У Беларусі дастаткова спартоўцаў, якія нядрэнна зарабляюць — прынамсі тыя, хто ўдзельнічае ў топавых турнірах. Але афішаваць сябе ў бізнэс-праектах ці асьцерагаюцца, ці саромеюцца...

— Ну чаму? У рэкляме можна пабачыць і Дар’ю Домрачаву, і Аляксандру Герасіменю, хоць гэта, вядома, не зусім тое... А я якраз пагаджаюся на праекты, якія прасоўваюць маё імя. Можа, яшчэ і таму, каб прозьвішча Станюта ня толькі асацыявалася з маімі прапрадзедам Міхасём ці прабабуляй Стэфаніяй, а і казала, што ёсьць такая беларуская гімнастка. То бок — у пэўным сэнсе плятформа, каб захаваць, працягнуць наш род. Калі ёсьць магчымасьць гэта зрабіць, чаму не скарыстацца? Пакуль я была маленькая, вакол заўсёды падкрэсьлівалі: гэта праўнучка тых самых вялікіх продкаў. Я не хачу ўсё жыцьцё быць у іх цені, бо сама здольная пра сябе заявіць. Каб пра маіх дзяцей ці ўнукаў некалі таксама сказалі, што іх мама і бабуля была вядомай гімнасткай. Было б клясна.

— І ўсё ж, што тычыцца спорту: ён, што называецца, у падвешаным стане — ці ўсё ўжо вырашана?

— Ды не, збольшага ўсё зразумела. Адзін-два разы яшчэ выступлю ў гэтым годзе — і, бадай, на гэтым усё, больш ня буду. Чаму? Па-першае, 20 гадоў у спорце — гэта шмат. Па-другое, здароўе ўжо далёка ня тое, як на пачатку. Па-трэцяе, трэба зрабіць нейкі крок у іншае жыцьцё. Я гэтага хачу, пра гэта мару і, мабыць, гэты салён ёсьць тым першым крокам. Ня ведаю, можна назваць яго велізарным ці невялікім, бо ўсё адносна. Але прынцыповае рашэньне прынятае...

— То бок варыянт вашай каляжанкі, сяброўкі па камандзе Любові Чаркашынай, якая перайшла на трэнэрскую працу, нават не разглядаецца?

— Пакуль не. Я хачу паспрабаваць сябе, скажам так, недзе па-за спартыўнай заляй. Так, я шмат чаго ведаю пра мастацкую гімнастыку, але перш-наперш ёсьць жаданьне акунуцца ў іншую сфэру. І я рушу менавіта ў гэтым кірунку.

— Ці жадалі б спартыўнага лёсу — зноў жа, зыходзячы з уласнага досьведу — для сваіх будучых дзяцей?

— Напэўна, я прывяду сваю дачку ў мастацкую гімнастыку, таму што гэта база для ўсяго — для балету, для прыгожай фігуры. Калі яна скажа — не, хачу займацца музыкай або гуляць у футбол — таксама добра. Але, ведаеце, мастацкая гімнастыка — гэта першы спорт, у які можна аддаць дзяўчынку. У харэаграфію бяруць зь дзесяці гадоў, на танцы — з шасьці, а ў дадзеным выпадку — з трох.

Калі потым скажа, што ёй падабаецца нешта іншае, буду дапамагаць, як магу. Таму што спорт — гэта складана, мастацкая гімнастыка — яшчэ больш складана. Але яна дала мне ўсе якасьці, якія я маю. Добрыя ці ня надта — ня мне судзіць. Тым ня меней, у мяне шмат сяброў, у мяне цікавае жыцьцё, мяне пазнаюць на вуліцы. Гэта супэр!

— Калі азірнуцца на генэалягічнае дрэва Станютаў, нават па адным прадстаўніку ад пакаленьня: прапрадзед Міхась — вядомы мастак, прабабуля Стэфанія — выбітная акторка, дзед Аляксандар — аўтарытэтны літаратуразнаўца, бацька Дзьмітры — вопытны журналіст. Было б лягічна, каб Меліта стала як мінімум актрысай кіно. На якім этапе здарылася «адхіленьне»?

— Гэта здарылася, калі мне было тры гады. І гэта лёс. Мой будучы і першы трэнэр Сьвятлана Васільеўна Бурдэвіцкая спыніла нас з матуляй проста на вуліцы і прапанавала: «А ну давайце паспрабуем?» «Чаму не?», — сказала мама. У 1996 годзе мяне прывялі ў залю гімнастыкі на Даўмана, 23, і вось ужо 20 гадоў я непарыўна зьвязаная са спортам.

— Расчараваньня ад той лёсавызначальнай сустрэчы няма?

— Не, абсалютна. Так, гэта цяжка, гэта здароўе, гэта нэрвы, гэта рэжым, бо заўсёды прывязаны да трэніроўкі. Усё маё жыцьцё будавалася вакол спорту. Але праз столькі гадоў я дзякую лёсу, што тады, у 1996 годзе, мастацкая гімнастыка фактычна знайшла мяне сама.

— Пасьля гэтага зразумела, што загадваць наконт будучыні дзяцей неяк не выпадае.

— Праз пакаленьне, можа, хто і стане той самай актрысай кіно, чаму не?. Напрыклад, мая матуля, калі яшчэ жыла ў Лідзе, займалася баскетболам, а потым прыехала ў Менск, каб стаць журналісткай. А прабабуля заўсёды марыла стаць балерынай, хацела танцаваць. Дарэчы, мастацкая гімнастыка — гэта спартовае адгалінаваньне ад балету. Фактычна гісторыя мастацкай гімнастыкі пачынаецца з балерыны Айсэдоры Дункан: адкінула ў бок пуанты, стала на дыбачкі, тым самым запачаткаваўшы мастацкую гімнастыку.

— Меліта, а ці ёсьць у сям’і жывапісныя творы Міхася Станюты? Ведаю, што Стэфанія Міхайлаўна захаплялася рознымі рукатворнымі вырабамі...

— На жаль, у мяне праца толькі адна, але, зразумела, у музэях ёсьць — той жа «Партрэт маёй дачкі Стэфаніі». Прабабуля — так, рабіла пацеркі, няшмат, але некалькі захавалася ўжо ў якасьці рэліквіяў. Памятаю, у яе кватэры стаяў такі чароўны куфар, у якім можна было знайсьці нейкія маскі, тыя ж пацеркі. Наагул, шмат чаго яна ўмела рабіць, вельмі цікавая была кватэра. Прыходзіла як у госьці да казкі.

— Вас часьцяком можна пабачыць у менскіх тэатрах — дзякуючы мінуламу прабабулі Стэфаніі?

— Так, вельмі люблю, магчыма, сапраўды нейкая генэтычная памяць. Зноў жа, з бацькамі змалку хадзіла ў дзіцячы тэатар, а цяпер ужо выступаю ледзь ня ў якасьці экспэрта, калі нехта зь сяброў бачыць афішу і цікавіцца, ці можна ісьці. Тады магу параіць, што варта, што не абавязкова. І ўжо самой прыемна быць карыснай. Сама перадусім хаджу ў Купалаўскі і ў Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі. У свой час падабаўся Сучасны мастацкі тэатар, але цяпер ужо ня тое. Што тычыцца музэяў, усё, што цікава, даўно перагледжана, а прывозных адметных экспазыцыяў, шчыра кажучы, няшмат. Таму, калі за мяжой ёсьць магчымасьць трапіць у нейкі знакавы музэй ці на выставу, адразу ж бягу.

Родная мова як арганічны стан чалавека

— У Беларусі склалася парадаксальная сытуацыя: спартоўцаў, якія вольна валодаюць роднай мовай — як Меліта Станюта — можна пералічыць на пальцах адной рукі. Па-першае, ці гэта наагул вытлумачальна? Па-другое, хто каго «знайшоў» у вашым выпадку — вы мову ці наадварот?

— Я ведаю беларускую мову дзякуючы маім бацькам. Дагэтуль памятаю дзіцячую кніжку «Кароль Мацюсь», якую чытала ледзь ня кожны дзень. І тата, і мама заўсёды да выхаваўчага працэсу падыходзілі сур’ёзна, хацелі, каб я зрабіла сваю будучыню, а ў спорце ці не — тады ніхто і ня ведаў... Нармальна гэта ці не? Нармальны стан — валодаць роднай мовай. Гэта важна, гэта патрэбна, мне беларуская мова вельмі падабаецца. Падаецца, даволі шмат спартоўцаў, якія сябруюць з мовай. Магчыма, мне пашанцавала, але так не сказала б, што ўсе скрозь расейскамоўныя, што мовы ніхто ня ведае. Ведаюць. Іншая справа, што не карыстаюцца. Ёсьць такое, што хвалююцца, саромеюцца зрабіць памылкі. Я таксама адчуваю хібы, але трэба размаўляць, каб іх было менш.

— Нядаўна Меліта Станюта выступіла ў новай іпастасі — адмысловай госьцяй на курсах «Мова нанова». Якія ўражаньні?

— Ох, вельмі хвалявалася. Калі Глеб Лабадзенка запрасіў, было і прыемна, і страшна, бо гэта ж пэўны статус, яго трэба годна трымаць. Адразу ўзялася за «Чорны замак Альшанскі» Ўладзімера Караткевіча, перачытала, каб мову хоць крыху падцягнуць да літаратурнай. Вельмі старанна рыхтавалася, але калі настаў час, Глебу так і сказала: не магу, хвалююся, потым скажуць — каго ты прывёў, мовай не валодае. Але неяк узяла сябе ў рукі... Мае галоўныя крытыкі — гэта бацькі. Калі яны паглядзелі відэа, то сказалі, што ўсё было годна і ня варта так хвалявацца. Там памылка, недзе яшчэ, куды бязь іх, але збольшага ўсё прайшло добра. Потым шмат людзей пісалі ў Фэйсбуку, «УКантакце», што было цікава, дзякавалі. Прыемна, але гэта стала вялікім маральным выпрабаваньнем. Дарэчы, засталася ўражаная, як шмат зьбіраецца людзей, задавалі цікавыя пытаньні. Хоць якраз было жахлівае надвор’е, многія не дайшлі. Значыць, ёсьць цяга.

— Згадалі Ўладзімера Караткевіча — а якія яшчэ беларускія аўтары даспадобы?

— Уладзімер Караткевіч, бадай, гэта № 1. А яшчэ ў захапленьні ад «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага. Мне ўпершыню яго чыталі бацькі, калі я была яшчэ маленькая, а нейкі час таму зноў вярнулася ўжо ў дарослым узросьце. Дарэчы, дзякуй за кнігу Сьвятланы Алексіевіч, шчыра скажу, нічога зь яе не чытала, гэта мой літаратурны прабел. Мабыць, неўзабаве пачну. Усё ж мастацкія творы мяне захапляюць у большай ступені.

— На хвалі цікавасьці да культурных традыцыяў цяпер нават сярод моладзі папулярны трэнд — вышыванка ці стылізацыя пад яе. Вы ў гэтым удзельнічаеце?

— Так, мне гэта радасна бачыць і нават удзельнічаць. Дзесьці тыдзень таму наш вядомы брэнд адзеньня HONAR прапанаваў стаць для іх мадэльлю, папрацаваць у раскрутцы іх новых узораў. Я сапраўды сачу за тэндэнцыямі, мне падабаюцца іх сукенкі, іншыя рэчы. Ну, і ў мяне таксама ёсьць вышыванка, усё як мае быць (сьмяецца). Дарэчы, гэта цікава і замежнікам. Модны беларускі дызайнэр Вольга Кардаш два гады таму зрабіла калекцыю вопраткі з бусламі. І калі я надзела гэта ў Японіі, быў культурны шок: ваў, што гэта, як прыгожа, якія птушкі! У далёкай краіне я ганарылася, што ў нас ёсьць такія таленавітыя людзі. Таму асабіста для сябе адкарэктавала клішэ, калі пры словах «купляйце беларускае» звычайна круцяць носам. Калі шукаць у патрэбным месцы, то гэта цікава, прыгожа і рэальна працуе.

Бессэнсоўна нешта выразаць з гісторыі

— Гісторыя Беларусі для многіх пачынаецца дзесьці ад 1991 году, ад здабыцьця незалежнасьці. Для пэўнай часткі — ад 1917-га, «пралетарскай рэвалюцыі». Для прасунутай публікі — ад Вялікага Княства Літоўскага, нехта нават узгадае Полацкае княства. Вашы інтарэсы наколькі глыбока сягаюць у глыбіню вякоў?

— Калі зыходзіць з такой храналёгіі, то, мабыць, якраз ад часоў ВКЛ. Пэрыяд княства Літоўскага мне цікавы нават зь нейкіх асабістых памкненьняў. Магу сказаць, што ў маёй матулі Іны Гецэвіч таксама няпростыя карані. Гецэвічы — гэта шляхетны род. Адзін зь яе продкаў браў удзел у пераможнай бітве на рацэ Геч, ёсьць родавы герб, карацей, усе атрыбуты. Зноў жа, дзякуючы бацькам, дзякуючы іх настойлівасьці я атрымлівала досыць шырокія веды. Яны выдатна разумелі, што спорт — добра, а кругагляд дзіцяці павінен быць максымальна шырокі.

— Якраз ад таго часу бярэ адлік і нацыянальная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Сёньня на дзяржаўным узроўні яны не асабліва «каціруюцца», але ж супраць фактаў, як кажуць, не папрэш...

— Так, гэта наша гісторыя, гэта было, і не адну сотню гадоў. Ну, а як яшчэ ставіцца да гісторыі? Я не разумею, калі нехта кажа, што гэта ня наша. Прабачце, а чыё? Першыя homo sapiens таксама быццам ня нашы, бо мы да іх не падобныя, але ж яны сталі падмуркам чалавечай цывілізацыі. Гэтыя сымбалі былі, чаму іх трэба выкрэсьліваць? Кажуць, што ў 1991-м былі ўжо іншыя герб і сьцяг, яны хіба толькі зьнешне нагадвалі свае прататыпы. Але сутнасна — гэта вяртаньне да каранёў. Тое, што было прапісана ў Канстытуцыі, што столькі гадоў працавала, узяць і выкінуць немагчыма. Спрабаваць выкрэсьліваць факты з гісторыі — дзеля чаго? Не разумею. Асабіста я веру, што гісторыя ўсё ж нечаму вучыць...

— Відаць, прычына ў скіраванасьці не ў глыбіню, а максымум у 1917 год. Пацьверджаньнем — і адкрыты на гэтым тыдні помнік Леніну ў Менску... Меліта, а ці ёсьць інтарэс да глябальных падзеяў? Цяпер увесь сьвет абмяркоўвае прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, шмат у чым нечаканую перамогу Дональда Трампа...

— ЗША — гэта вялікая дзяржава, якая так ці інакш уплывае на ўвесь сьвет. Можна згадаць, што і ў Амэрыцы, і ў замежжы сыходзіліся на думцы, што перадапошні раз іх калектыўны выбар быў ня горшы. Калі яны не баяцца, што гэтым разам памыліліся, калі гэта выбар большасьці насельніцтва — ОК. Бо гэта проста выбары, сёньняшні дзень. Што будзе далей — я не магу рабіць нейкі прагноз. Губляюцца нават вопытныя стратэгі. Я жыву тут, далёка ад цэнтру падзеяў, і калі гэта будзе бязь нейкіх страшэнных наступстваў, значыць, амэрыканцы ўсё зрабілі правільна.

Гуркоў як аб’ект спартовага захапленьня

— Пры канцы пытаньне, на якое не чакаем разгорнутага адказу, але якое шмат каго цікавіць. Нейкі час таму ў сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца вашы сумесныя здымкі зь вядомым тайбаксёрам, удзельнікам гурту Brutto Віталём Гурковым. Ці трэба казаць, наколькі яны аблайканыя і камэнтаваныя...

— Мабыць, людзі раскажуць нашмат больш цікавага пра мяне, чым я сама. Як і кожны нармальны чалавек, я ня вельмі люблю расказваць пра ўласнае жыцьцё, ня вельмі ёмка сябе адчуваю ад такой публічнасьці...

— Ну, а творчасьць Brutto хоць падабаецца?

— Я паслухала, але гэта не маё. Я, відаць, зь іншымі музычнымі густамі. Не магу сказаць, што зусім не падабаецца, 2-3 песьні нават прыемна слухаць: яны больш мэлядычныя, не хардкор... Але ж Віталь Гуркоў — ня толькі вакаліст, ён яшчэ і спартовец. І вось як спартоўца я яго вельмі паважаю. 12-разовы чэмпіён сьвету — гэта ваў, для мяне проста гуру вялікага спорту, такіх адзінкі. Магчыма, некалі будуць і большыя зоркі, але гэта спартовец зь вялікай літары. Плюс сам па сабе цікавы чалавек, зноў жа, беларускамоўны.

— Калі ня Brutto, хто тады ў пераліку музычных сымпатыяў?

— Шчыра скажу, я ня так шмат слухаю, але калі гаворка пра беларускамоўную музыку, мне вельмі падабаецца гурт NAVI, а таксама праект Ані Хітрык «S*unduk». Аня — і прыемная актрыса, і піша цікавыя, душэўныя тэксты. Бадай, мае сымпатыі менавіта гэтыя.

— Меліта, дык як мяркуеце завяршыць спартовую кар’еру?

— Ужо такая традыцыя: у Менску пад Новы год адбываецца міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы Baby Cup. Гэта спаборніцтвы, зь якіх я некалі пачынала і, мабыць, імі скончу. Там будзе мой апошні выступ, і гэта вельмі сымбалічна, бо дагэтуль памятаю, што першыя крокі зрабіла менавіта ў Менску. Добра, што гэта ўжо візытоўка беларускай мастацкай гімнастыкі, яшчэ лепш, што ў дзяўчатак 6–10 гадоў ёсьць свой турнір. Ён сапраўды вельмі казачны, вельмі добры. Тыя ўспаміны для мяне і цяпер адны з самых яскравых.

— То бок адназначна ў хатніх Эўрапейскіх гульнях-2019 браць удзел ня будзеце?

— Не-не, усё. Мастацкая гімнастыка для Меліты Станюты як спартоўкі — гэта ўжо амаль гісторыя. Што будзе далей — не магу сказаць. Ну вось пачала справу з крамай, магчыма, распачну яшчэ нешта. Трэба асэнсаваць выступ у рамках фэстывалю Башмета — з аркестрам, з клясычнай музыкай, як шоў. Мне спадабалася, потым нават пісалі музыкі, якія там удзельнічалі, прапаноўвалі іншыя варыянты. Прыкладам, зь Нямеччыны даслаў ліст скрыпач, які расказаў пра аналягічны фэстываль клясычнай музыкі ў ягонай краіне. Маўляў, чаму нешта падобнае не зрабіць там? Кляс!

Меліціна (Меліта) Станюта нарадзілася 15 лістапада 1993 году ў Менску. Ад трох гадоў займаецца мастацкай гімнастыкай. Шматразовая прызэрка ўсясьветных і эўрапейскіх першынстваў у камандных спаборніцтвах, прызэрка чэмпіянату сьвету 2009 году ў практыкаваньнях з абручом, у 2010-м упершыню ў гісторыі выступленьняў беларускіх гімнастак стала прызэркай чэмпіянату сьвету ў шматборстве. Прызэрка чэмпіянату Эўропы 2011 году ў практыкаваньнях са скакалкай. Удзельніца Алімпійскіх гульняў 2012 году ў асабістым шматборстве, на Алімпіядзе-2016 была 5-й у шматборстве. Гаспадыня крамы біжутэрыі і аксэсуараў Variety.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]