Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Перадусім Беларусь»: Выйшла кніга ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна

16.11.2016 культура
«Перадусім Беларусь»: Выйшла кніга ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна

У выдавецтва «Інбелкульт» выйшла кніга «Перадусім Беларусь: згадваючы Генадзя Бураўкіна», учора яе прэзэнтацыя прайшла ў Горадні.

Калі бела-чырвона-белы сьцяг стаў дзяржаўным, пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН у Нью-Ёрку быў Генадзь Бураўкін. Трэба вывешваць новы сьцяг, але радзіма ня шле сьцягоў. Што рабіць? І яны разам з жонкай Юліяй Якаўлеўнай уначы сшылі такі сьцяг, каб раніцай ён зьявіўся на флягштоку перад ААН, перадае «Радыё Свабода».

Гэтую гісторыю расказаў гарадзенцам Міхась Скобла. Сустрэча ў Цэнтры гарадзкога жыцьця была прысьвечаная памяці паэта і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Яе назвалі «БураўкінLive. Перадусім Беларусь». Зь Менску прыехалі людзі, якія зь ім сябравалі. Уладзімер Някляеў, Міхась Скобла, Сяргей Шапран. Яны прывезьлі кнігу ўспамінаў «Перадусім Беларусь: згадваючы Генадзя Бураўкіна» і апошні паэтычны зборнік паэта «Нагаварыцца з зоркамі».

Сяргей Шапран

Сыходзячы, Генадзь Бураўкін сказаў Міхасю Скоблу: «Ты застаесься маім чалавекам на Зямлі, і ня схіб, як ты ніколі ня схібіў». Пра гэта сказаў Сяргей Шапран. Ён таксама расказаў кранальную гісторыю аб тым, як сябры падрыхтавалі апошнюю паэтычную кніжку і з дапамогай выдавецтва «Кнігазбор» пасьпелі зрабіць адзін асобнік, каб паэт пасьпеў яго ўзяць у рукі незадоўга да сьмерці.

Уладзімер Някляеў успамінае пра гэта:

«І трэба было бачыць, як ён узяў у рукі сваю апошнюю кніжку. Можа, маці дзіця так бярэ ў радзільні, ня знаю. Можа, Бог так забірае на неба. Прыклаў да грудзей. Яму заставалася жыць тры дні. Ня тое, што на твары шчасьце нейкае было, там было супакаеньне, што ён завяршае свой жыцьцёвы шлях так, як належыць».

Апошні раз у Горадню Сяргей Шапран прыяжджаў з Генадзем Бураўкіным на беларускую дыктоўку. Паэт ужо ведаў, што цяжка хворы. Сяргей Шапран расказаў, як ён папрасіў яго запісаць на дыктафон успаміны: «Сам ён усё адкладаў, бо ставіўся да гэтага містычна, казаў, што калі ягоныя сябры Васіль Быкаў і Валянцін Блакіт напісалі свае ўспаміны, хутка пайшлі з гэтага сьвету». Ён таксама даў два сшыткі са сваімі апошнімі вершамі. Генадзь Бураўкін перадаў Сяргею Шапрану і свае дзёньнікі, але з просьбай надрукаваць іх празь пяць гадоў пасьля сваёй сьмерці.

Уладзімер Някляеў

Найбольш працяглы час Генадзя Бураўкіна ведаў паэт Уладзімер Някляеў. Што можна сказаць пра сябра?

«Ён быў вельмі няпростым чалавекам зь вельмі няпростым характарам». У думках Уладзімер Някляеў вяртаецца да яго, успамінае, што той дапамагаў яму прымаць няпростыя рашэньні ў жыцьці, паколькі Бураўкін меў вялікі досьвед.

«Пад канец жыцьця асэнсаваньне ім, хто ён ёсьць на гэтым сьвеце, скончылася, ён пастанавіў, што на гэтым сьвеце ён найперш паэт, беларускі паэт,— сказаў Някляеў.— І гэта было, думаю, не зусім чаканае для яго самога рашэньне. Бо даўней, гэта было ў Баўгарыі, дзе выйшла ягоная кніжка і дзе яго шчыра сустракалі (гэта было незадоўга да таго, як ён стаў старшынёй Дзяржкамітэту тэлебачаньня і радыёвяшчаньня), я запытаўся ў яго, калі „банкетавалі“: „Генадзь, дастаткова ж быць толькі паэтам? Чаго ты яшчэ шчэмісься туды і туды?“ Ён адказаў: „Э, не, гэтага мне ніяк не дастаткова“. Яму хацелася быць кіраўніком, хацелася быць дзяржаўным дзеячам. Ён гэтага дабіваўся, і я разумеў, чаму. Усё-ткі ўсе мы, хлопцы, каторыя зь вёскі, жылі так, як жылі, як бацькі нашы жылі, мы бачылі: начальнік ёсьць начальнік».

Але з гэтага жаданьня быць, апроч паэта, яшчэ начальнікам, нейкім дзеячом, пад канец жыцьця ў яго нічога не засталося, падсумоўвае Уладзімер Някляеў:

«Не скажу, што ён прымаў толькі паэтавы, эмацыйныя рашэньні, але хто з нас не асьцярожнічае, праўда? Толькі ня гэта галоўнае, галоўнае — як ты насамрэч пражывеш на гэтым сьвеце і як выканаеш прадвызначэньне. Апраўдаць яго ня кожнаму ўдаецца. Бураўкіну гэта ўдалося».

Генадзь Бураўкін не ўяўляў сябе безь Беларусі, ён моцна перажываў сучасную беларускую драму. Уладзімер Някляеў так гаворыць пра гэта:

«Ён страшэнна перажываў тое, што ў нас адбылося ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі пасьля ўсплёску адраджэньня пайшоў адкат. Калі ва ўладу прыйшлі беларусы, асабліва адзін, яны ж ня зь Месяца да нас зваліліся, русыфікацыя пайшла такімі тэмпамі, якіх не было пры савецкай уладзе. І калі ён вярнуўся са Злучаных Штатаў зь яго досьведам дзяржаўнай і кіраўнічай работы, то аказалася, што тут ён абсалютна не патрэбен. Гэта было для яго выпрабаваньнем. Ён быў там не патрэбен, бо наша беларуская ўлада, як гэта ні дзіўна, аказалася самай антынацыянальнай за ўвесь час існаваньня сучаснай Беларусі. Гэта ня толькі ягоная драма, гэта драма Барадуліна, драма Быкава, нашай літаратуры, грамадзтва. А пачыналася ўсё някепска...»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]