У Беларускім доме ў Варшаве былі прадстаўлены партрэты дзеячаў беларускай гісторыі й культуры, створаныя мастакамі творчага абʼяднаньня «Жалезны воўк».
«У Беларусі неабходна аднавіць і пераасэнсаваць партрэтны жанр», – лічыць наваполацкі мастак Андрэй Мікалаеў. У Беларускім доме ў Варшаве ён прадставіў партрэты дзеячаў беларускай гісторыі й культуры, створаныя мастакамі творчага абʼяднаньня «Жалезны воўк». Чым цікавыя сучасным мастакам канцлер Леў Сапега, нарадаволец Ігнат Грынявіцкі, опэрны сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі, а таксама дзесяткі іншых ваяроў, літаратараў і палітыкаў? Пра гэта Андрэй Мікалаеў расказвае «Польскаму Радыё».
- Спадар Андрэй, што аб’ядноўвае ўсе гэтыя партрэты?
- Калі не казаць доўга, то мы прадставілі эвалюцыю беларускага параднага партрэта. Усё пачалося з нэасармацкага партрэта, які мы пачалі ствараць у 2006 годзе. Затым мы прыдумалі пост-сармацкі партрэт, а далей мы пачалі ствараць жанр, які ўмоўна можна назваць BY-Art – гэта партрэты беларускіх дзеячаў культуры й гісторыі.
- На выстаўцы прадстаўлены карціны розных стыляў і аўтараў. Ці маглі б вы сказаць, хто ўдзельнічае ў вашым праекце і ў якіх стылях напісаныя партрэты?
- Жорсткіх патрабаваньняў да аўтараў і стыляў у нас няма. Трэба каб гэта быў: а) партрэт б) беларускі. Далучыцца можа любы мастак. Самай малодшай мастачцы было 17 гадоў. А самы сталы ўдзельнік нашага праекту Георгій Тамковіч ужо на пэнсіі. Ані ўзрост, ані адукацыя, ані стыль не зьяўляюцца перашкодай для ўдзелу ў нашым праекце.
- На прэзэнтацыі вы казалі пра тое, што беларускую партрэтную традыцыю трэба перарабіць. Чаму беларускі савецкі партрэт не падыходзіць?
- Па-першае, з эстэтычнага пункту гледжаньня. У савецкай традыцыі ёсьць вельмі цікавыя й прафэсійныя працы. Але савецкі партрэт не адпавядае сьветаўспрыманьню беларусаў. Нават у савецкія часы беларус ня быў савецкім чалавекам. А гэтыя партрэты прадстаўляюць нейкі калгасны стайл – суворых, цёмных людзей, якія ніколі не ўсьміхаюцца. Нам гэта не падабаецца, бо беларусы – гэта самаіранічныя, вясёлыя людзі. Нават калі яны робяць нешта страшнае – напрыклад, замах на цара – у іх гэта атрымліваецца па-свойму, па-беларуску. Мы лічым, што ад савецкага пэрыяду трэба дыстансавацца. Можна яго вывучаць, паважаць, нешта зь яго браць. Але мы ўжо не савецкія беларусы. Мы ствараем новае.
- Вось мы бачым прыклад іроніі – партрэт «Браты Балаховічы». Ён выглядае, як афіша вядомага савецкага фільму «Чапаеў» 30-х гадоў. Раскажыце, калі ласка: якую ідэю вы ўклалі ў гэты твор?
- Гэта гратэск – іронія ўзьведзеная ў квадрат альбо куб. У 1929 годзе на студыі «Белдзяржкіно» быў зьняты нямы фільм «У агні народжаная». У ім упершыню ў савецкім кіно быў створаны вобраз атамана-рубакі, прычым фільм адкрыта кажа, што гэта – Станіслаў Булак-Балаховіч. А выглядаў ён – на 100% як Чапаеў у аднайменным гукавым фільме, які зьнялі толькі ў 1933 годзе. Таму мы ўзялі сымбалізм Гераніма Босха, савецкі рэалізм, перамяшалі ўсё гэта й атрымалі гратэск – пародыю на савецкую рэчаіснасьць. Левай рукой Станіслаў Булак-Балаховіч нібыта бласлаўляе, але гэты жэст, ізноў жа, узяты з Гераніма Босха, а ў яго бласлаўленьне левай рукой азначала праклён. Мы ўзялі стыль XV стагодзьдзя, дадалі сучаснасьці – і атрымалі гратэскны сучасны партрэт.
- Вы прывезьлі вялікі партрэт не Станіслава Булак-Балаховіча, а яго брата Язэпа. Вы казалі, што гэты чалавек вам бліжэй, чым яго раскручаны старэйшы брат. Чаму?
- Ён лічыў сябе беларусам і адкрыта казаў, што ён – беларус. А ягоны брат быў авантурнікам, напалову наймітам, без акрэсьленай самасьвядомасьці. І мне, шчыра кажучы, як пэрсанаж, ён не падабаецца. Таму я яго выкарыстаў у карціне, але сапраўдны беларускі герой для мяне – Язэп.
- Непадалёк ад нас знаходзіцца даволі страшная карціна. На ёй бачныя, бадай што, толькі вочы. Гэтакі позірк сьмерці. Што гэта за чалавек, і куды ён глядзіць?
- Гэта першы жывапісны партрэт Ігната Грынявіцкага. Гэтага чалавека ў нас ніколі не любілі – ні ў савецкі час, ні цяпер. Яго стараліся забыць, бо ён быў тэрарыстам і забойцам цара Аляксандра ІІ. Але мне цікавы яго вобраз. Чаму? Таму што гэта быў чалавек, які рабіў тое, што казала яго сэрца. Ён памятаў пра задушэньне паўстаньня Каліноўскага, шыбеніцы, Мураўёва-Вешальніка. Яго вочы – гэта вочы беларускай інтэлігенцыі, якая бачыла, што ўсё прайграна, усе забітыя й сасланыя, але нешта рабіць трэба. І ён пайшоў і зрабіў тое, што ён лічыў патрэбным. Ён мог памыляцца, але карціна не пра гэта. Вы правільна сказалі: гэта позірк сьмерці. На карціне паказаныя апошнія хвіліны жыцьця Грынявіцкага. Ён рыхтуецца кінуць бомбу ў царскі картэж. Я ня мог не намаляваць яго.
- На выставе таксама знаходзіцца партрэт чалавека, якога вельмі лёгка пазнаць. Гэта Кастусь Каліноўскі. Аднак ён выглядае не як кіраўнік паўстаньня, а як звычайны юнак. Чаму ён не насуплены сур’ёзны, не зь пісталетам ці шабляй і не на барыкадзе?
- Гэта карціна Анатоля Зімніцкага. Мы дамовіліся, што трэба маляваць нашых герояў так, як іх раней ніхто ня бачыў. Гэта рамантычны партрэт маладога чалавека. Прыгожы хлопец, ён чакае сваю дзяўчыну. У нас ёсьць такая бяда: мы бярэм нейкага героя й пакрываем яго бронзай, робім зь яго помнік-монстар. А мы як мастакі ў кожным чалавеку шукаем чалавечае.
- Ці зьбіраецеся вы разьвіваць жанр беларускага партрэту? У якім кірунку вы зьбіраецеся са сваімі сябрамі ісьці?
- Куды мы ідзем – мы ведаем. А вось шляхоў дасягненьня мэты мы пакуль ня ведаем. Тое, што мы цяпер малюем, можна падзяліць на некалькі галінаў. Гэта сармацкі партрэт (ваяры), беларускія сьпевакі, паэты. А можна яшчэ зрабіць сэрыю «беларускі балет», сэрыю пра артыстаў кіно, тэатру, беларускай апэрэты. Гэта вельмі вялікі пласт культуры, які ляжыць у архіве. Фота гэтых людзей ёсьць, а іх ніхто не малюе. Чаму? Гэта ж вядомыя ва ўсім сьвеце людзі! Я маю ў плянах зрабіць сэрыю партрэтаў беларускіх артыстаў.